Жыхары Гародні выбіраюць для адпачынку Беларусь



Турфірмы Гародні прапануюць для адпачынку туры ў розныя краіны Еўропы, на курорты Украіны ці Чарнагорыі.

Але большасць апытаных у цэнтры гораду жыхароў выбіраюць для адпачынку Беларусь:

– У гэтым годзе мы будзем адпачываць у Беларусі, таму што не падрыхтаваліся загадзя. Адпачынак у нас з мужам не супадае. Толькі тыдзень супадзе. Таму будзем адпачываць у Беларусі. Паедзем хутчэй за ўсё на Нарач з палаткамі. З дзецьмі. І будзем адпачываць па-беларуску.

– Пакуль не вырашыла. Але калі дазволяць сродкі паеду за мяжу. Калі не, буду адпачываць у Беларусі. У нас вельмі прыгожыя мясціны.

– Я са сваім дзіцём збіраюся адпачываць у Беларусі. Будзем ездзіць у Каробчыцы, па ўсіх гарадзенскіх цікавых мясцінах.

– Я ўвогуле, калі ёсць магчымасць, адпачываю ў Беларусі. Мне вельмі падабаюцца роварныя падарожжы па Беларусі. Бо шмат цікавых мясцін ёсць. І я стараюся як мага больш выязджаць і знаёміцца з імі.

Для тых,  хто наведвае Беларусь,  у гарадзенскіх турфірмах магчыма таксама замовіць  вялікую колькасць розных экскурсій па наведванні замкаў Беларусі, а таксама адпачынак у розных санаторыях і прафілакторыях як Гарадзенскай, так і Берасцейскай абласцей.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня  

Фота belarus.by