Жыхары Латвіі працягваюць ездзіць у Беларусь, нягледзячы на папярэджанне МЗС
Нягледзячы на папярэджанні МЗС устрымацца ад паездак у Беларусь і Расею, жыхары Латвіі з розных прычын працягваюць іх наведваць. У МЗС Латвіі падкрэсліваюць, што гэта не забаронена, але вельмі небяспечна, а консульскую дапамогу ў выпадку непрыемнасцяў даць будзе цяжка, паведамляе Латвійскае радыё.

Прадстаўнік латвійскага знешнепалітычнага ведамства Дыяна Эглітэ падкрэсліла, што папярэджанні маюць рэкамендацыйны характар.
«Трэба ўлічваць, што папярэджанні аб паездках маюць рэкамендацыйны характар, бо мы не можам абмежаваць права людзей выехаць з Латвіі. Важна, каб людзі былі інфармаваныя аб тым, што пасажырскія перавозчыкі – адказныя, і каб яны інфармавалі пасажыраў аб папярэджаннях да таго, як тыя купілі білет, каб людзі маглі ацаніць усе рызыкі », – адзначыла яна.
Па словах прадстаўнікоў турагенцтва Fortuna Travel, якое прапануе турыстычныя пуцёўкі ў Беларусь, звычайна такімі прапановамі карыстаюцца пажылыя людзі, каб наведаць сваякоў. Акрамя таго, гэта танней, чым паездкі па Заходняй Еўропе.
Калі жыхар Латвіі, знаходзячыся ў Расеі ці Беларусі, сутыкнуўся з нейкімі праблемамі – ён можа тэлефанаваць па кругласутачным тэлефоне консульскай службы МЗС Латвіі +371 26337711. Але, як раней неаднаразова паведамляў МЗС, дыпламатычная падтрымка моцна ўскладнена.
