Зорка Венера над Лысай Гарой
Для большасці месцічаў Зорка Венера – найперш паэтычны сімвал, бо ў гарадах усе свяцілы электрычныя.
Нябесныя зоркі лепш за ўсё сузіраць з ляснога пагорка ў бясхмарную травеньскую ноч. Скрозь сцішэлыя шаты льецца няпэўнае святло маладзіка, неба крэсляць бязважкія кажаны і, здаецца, чуваць, як праз мёртвае леташняе лісце прабіваюцца маладыя травы.
Я люблю глядзець на Зорку Венеру з Лысае Гары, што пад Заслаўем.
Лысая Гара – гэта бясконцы лабірынт бяроз і елак на магутным узвышшы пасярод лесу. Гэта паганская капішча з ледніковымі валунамі, аброслымі пяшчотным смагардавым мохам. Гэта рака Чарніца, дзе княгіня Рагнеда храсціла тутэйшы люд. Гэта вытанчаныя лісты папараці ў золкавым дыяманце расы. Гэта добрыя і працалюбныя мурашы, якія адным сваім выглядам нагадваюць пра пільныя справы. Гэта, у рэшце рэшт, знакамітыя пісьменніцкія лецішчы, кананізаваныя Ведзьмаком Лысагорскім.
Як кожнае сакральнае месца, Лысая Гара вымагае павагі. І толькі тым, хто прыходзіць сюды з любоўю і шчырасцю, Зорку Венеру відаць нават у самую пахмурную ноч…
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара