ЗША прыпынілі выдачу некаторых часовых працоўных віз да канца 2020 года



ЗША прыпынілі выдачу некаторых часовых працоўных віз да канца 2020 года. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Дональд Трамп, паведамляе прэс-служба Белага дома.

„Амерыканскія рабочыя канкуруюць з замежнымі грамадзянамі за працоўныя месцы ў кожным сектары нашай эканомікі, у тым ліку з мільёнамі замежнікаў, якія прыязджаюць у Злучаныя Штаты для выканання часовай працы, — адзначаецца ў паведамленні. — Часовых работнікаў часта суправаджаюць іх жонкі і дзеці, многія з якіх таксама канкуруюць з амерыканскімі рабочымі. У звычайных умовах правільна арганізаваныя праграмы часовага працаўладкавання могуць прынесці карысць эканоміцы. Але ў надзвычайных абставінах эканамічнага спаду, выкліканага ўспышкай COVID-19, некаторыя неіміграцыйныя візавыя праграмы, якія дазваляюць такую занятасць, уяўляюць незвычайную пагрозу для занятасці амерыканскіх рабочых”.

„Пры кіраванні іміграцыйнай сістэмай нашай краіны мы павінны памятаць пра ўплыў замежных рабочых на рынак працы Злучаных Штатаў, асабліва ў цяперашніх надзвычайных умовах высокага ўнутранага беспрацоўя і нізкага попыту на працоўную сілу, — падкрэсліваецца ў дакуменце. — Гістарычна склалася так, што пры аднаўленні пасля эканамічных узрушэнняў, якія выклікаюць значнае зніжэнне прадукцыйнасці, аднаўленне занятасці адстае ад паляпшэння эканамічнай актыўнасці. Гэты прагнозны вынік паказвае, што эканоміцы Злучаных Штатаў, верагодна, спатрэбіцца некалькі месяцаў, каб вярнуцца да эканамічнай вытворчасці, што была да спаду, і дадатковыя месяцы, каб аднавіць стабільны попыт на працоўную сілу. У святле вышэйсказанага я вызначыў, што ўезд да 31 снежня 2020 года некаторых замежнікаў у якасці імігрантаў і неімігрантаў будзе наносіць шкоду інтарэсам Злучаных Штатаў”.

Пад абмежаванне трапілі візы такіх катэгорый, як H-1B (для замежных кваліфікаваных спецыялістаў), H-4 (для членаў сем’яў уладальнікаў візы H-1B), H-2B (сезонныя працоўныя візы), L-1 (для кіраўнікоў, менеджараў і спецыялістаў пры пераводзе з замежнай кампаніі ў даччыную або філіял у ЗША для працы на часовай аснове), некаторыя візы катэгорыі J (для ўдзельнікаў праграм культурнага і прафесійнага абмену, у тым ліку летніх працоўных праграм для моладзі).

belapan.by