Звон у Свіры – сведка розных эпох



У мястэчку Свір Мядзельскага раёна на тэрыторыі мясцовага парафіяльнага касцёла Святога Мікалая, знаходзіцца цікавы гістарычны артэфакт – стары масіўны звон, які стаіць  прама на зямлі справа ад увахода ў храм, быццам “прытуліўшыся” да мураванай агароджы. Адліты ён з броны і важыць дзесці каля адной тоны. У ніжняй частцы корпуса ёсць шырокая шчарбіна. Больш таго зверху адламана вуха, за якое звон падчапляўся.

Мясцовыя жыхары расказвалі, што ў пачатку 80-х гадоў 20 ст., калі будынак зачыненага касцёла перадалі смаргонскаму заводу аптычнага станкабудавання, згаданы звон па распараджэнні кіраўніцтва прадпрыемства скінулі з вежы, ў выніку чаго ён атрымаў механічныя пашкоджанні. Разам з ім з будынка былі знятыя і некалькі меншых званоў.

Пазней яго перадалі ў Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, а ў 1990-ым звон вярнуўся ў родны касцёл.

Нягледзячы на тое, што звон пад адкрытым небам пачаў пакрывацца зялёнай патынай, на ім пакуль яшчэ без цяжкасцяў можна прачытаць цікавыя надпісы. У яго верхняй частцы па кругу ідзе царкоўны тэкст на кірыліцы: “Честнейшую херувим иславнейшую воистину серафим безистления бга слова рождшую сущую бгцу тя величаем”. Унізе тэкст на лаціне: ”Fudit me Ambrosius Ioannes Pattun  A.D. 1701” . Ніжні надпіс азначае, што звон быў адліты Амброзіем Іаанам (Янам) Паттунам у 1701 годзе. Акрамя гэтага тут змешчаны выявы Багародзіцы і ўкрыжаванага Ісуса Хрыста, а таксама шляхецкі герб.

[Not a valid template]

Алесь Любчанкі, Беларускае Радыё Рацыя