З’явіўся дармовы аўдыягід «Прагулкі па гістарычным цэнтры Полацка»



Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік запускае дармовы мабільны аўдыягід «Прагулкі па гістарычным цэнтры Полацка», паведамілі на сайце музея.

«Аўдыягід правядзе вас па плошчах і вуліцах старажытнага Полацка і пазнаёміць з гісторыяй многіх помнікаў і памятных месцаў, размешчаных у гістарычным цэнтры. Цягам экскурсіі вы наведаеце Верхні замак, Ніжні замак з валам Івана Грознага, убачыце Сафійскі сабор, былую лютэранскую кірху, ансамбль Плошчы Свабоды, забудову Ніжне-Пакроўскай вуліцы і многае іншае», — распавялі ва ўстанове.

Аўдыягід «Прагулкі па гістарычным цэнтры Полацка» размешчаны на платформе izi.TRAVEL. Каб атрымаць доступ да экскурсіі, усталюйце прыкладанне на свой смартфон і адкрыйце тур. Вы можаце запусціць яго анлайн, выкарыстоўваючы мабільны інтэрнэт, альбо папярэдне спампаваць тур на тэлефон і запусціць на месцы ў рэжыме афлайн.

Мабільны аўдыягід мае некалькі перавагаў. Па-першае, вы не абмежаваныя ў часе — вы можаце «наведаць» экскурсію ў кожны зручны вам час, зрабіць прыпынак, каб зазірнуць у музей або сувенірную краму, адпачыць у кафэ. Па-другое, вам не спатрэбіцца ніякіх дадатковых прыладаў, картаў або даведнікаў — увесь аўдыягід змяшчаецца ў вашым мабільным тэлефоне. Па-трэцяе, вы можаце самастойна карэктаваць экскурсію па сваіх інтарэсах — цалкам прайсці маршрут ад пачатковай кропкі да канчатковай або проста прагуляцца па гістарычным цэнтры ў вольным тэмпе, запусціўшы прыкладанне ў фонавым рэжыме — аповед будзе аўтаматычна загружацца пры набліжэнні да аб’екта.

Каб спампаваць аўдыягід «Прагулкі па гістарычным цэнтры Полацка», перайдзіце па спасылцы.