Справы 1968 г. Беларускае “Радыё Свабода”, ідэалагічная дыверсія. Як савецкія медыя з падачы КГБ рэкламавалі 50-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі
Савецкі чалавек скептычна ставіўся да савецкіх газет, савецкага тэлебачання і савецкага радыё. І меў для гэтага ўсе падставы. “Правда”, “Праграма Час” і “Маяк” стваралі стэрылізаваны сусвет “працоўнага энтузіязму” і “веры ў светлыя ідэалы”, далёкі ад рэчаіснасці. Выплаўка чыгуна, пракладка трубаправодаў, запуск новай ГЭС… карацей кажучы – пух ад свіней і надоі ад казлоў.
Альтэрнатыўнай крыніцай ведаў былі “варожыя галасы”. Пра жахлівую аварыю на менскім заводзе “Гарызонт” у 1972 годзе (тады загінула 120 чалавек) ці пра катастрофу на Чарнобыльскай АЭС большасць людзей дазнавалася менавіта з “Голасу Амерыкі”, “Радыё Свабоды” і “Бі-Бі-Сі”, а не з Першага тэлеканала ці з “Раніцы маёй рэспублікі”.
На тагачасным ідэалагічным жаргоне перадачы заходніх радыёстанцый называліся “махровай антысавецкай прапагандай”. Што, у свяю чаргу, вымагала суворага адлупу савецкіх контпрапагандыстаў.
Дзейнасць тых контрпрапагандыстаў курыравала процьма партыйных, савецкіх, камсамольскіх і, натуральна – чэкісцкіх структур.
“Радыё Свабода” лічылася ў КГБ ці не найгалоўным “атрутнікам этэру”. У гады “халоднай вайны” толькі “Радыё Свабодная Еўропа – Радыё Свабода” мела рэдакцыі, якія рыхтавалі праграмы для савецкай аўдыторыі не толькі расейскай, як той ж “Голас Амерыкі”, але і “мовамі народаў СССР”. Дый і ахоп аўдыторыі быў куды большым, чым у астатніх антысавецкіх радыёстанцый.
Радыёхвалі, на якіх трансляваліся праграмы “Свабоды”, дбайна глушыліся адмысловай апаратурай. А тэматыка удумліва маніторылася адмысловымі чэкісцкімі службамі…
КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ
19 февраля 1968 г.
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
Информационное сообщение
Комитет Госбезопасности оперативным путем получил документальные данные о направлении программы радиостанции «Свобода» на Советский Союз на ближайшее время.
(…)
Натуральна, паўстае пытанне – а што гэта за “аператыўны спосаб”, які дазволіў КГБ атрымліваць дадзеныя пра кірункі праграм радыёстанцыі “Свабода” на бліжэйшы час?
Дадзеныя, безумоўна, перадавала кагэбэшная агентура, якая шчыравала ў рэдакцыі, прытым агентура прысутнічала ва ўсіх без выключэння нацыянальных рэдакцыях “Радыё “Свабоды”.
Супрацоўнікі радыёстанцыі вербаваліся ў самыя розныя спосабы, але найперш – праз сваякоў, якія засталіся ў СССР. Агентура і злівала гэбэшным куратарам усе рэдакцыйныя дадзеныя. Пры гэтым КГБ ставіў за мэту не столькі атрыманне аператыўнай інфармацыі, але найперш – дыскрэдытацыю інфармацыйнай палітыкі радыёстанцыі і стварэнне атмасферы недаверу ўсярэдзіне рэдакцый…
Из информационного сообщения КГБ
(…)
Основное содержание радиопередач «Свободы» будет сводиться к следующему:
Используя то обстоятельство, что 1968 г. объявлен «годом прав человека», радиостанция должна обратить внимание на «борьбу прогрессивных сил за права человека, которая (…) не прекращается. Рекомендуется подчеркивать, что правительство СССР уже больше не в состоянии держать происходящие процессы в секрете и в этой связи изыскивает средства, которые дают ему возможность осуждения представителей «прогрессивных сил» как уголовных преступников и иностранных агентов. Радиостанции предписывается разоблачить эти попытки и пропагандировать «преимущества» судебной системы на Западе.
В связи с предстоящим в феврале пятидесятилетним юбилеем Советской Армии рекомендуется уделить основное внимание «восстановлению исторической правды» и «разоблачению фальсификаций», допущенных советской военной историографией. При этом следует отметить, что на Западе издано много объективных работ по истории советских вооруженных сил
(…)
Узнікае пытанне: а нашто чэкістам спатрэбілася інфармацыя пра планы радыёстанцыі на бягучы год? Усе сакрэты “Радыё Свабоды” пераставалі быць такімі адразу пасля таго, як агучваліся перад мікрафонамі.
Адказ навідавоку: веданне рэдакцыйных планаў і дазваляла складаць планы “контрпрапаганды”…
Из информационного сообщения КГБ
(…)
По национальному вопросу в СССР радиостанция «Свобода» должна вести серию передач, в которых будут сопоставляться прежние и новые тенденции в различных этнических районах Советского Союза.
(…)
По Белоруссии основное внимание необходимо уделить предстоящему ее пятидесятилетию. Серия передач будет посвящена Белоруссии как самостоятельному государству.
Кагэбэшнае сцвярджэнне пра “пяцідзесяцігоддзе Беларусі” пакідаем на сумленні аўтараў інфармацыйнага паведамлення, паводле якога Беларусі ў 1968 споўнілася толькі 50 гадоў, то бок да 1918 года той Беларусі ўвогуле не існавала ў прыродзе.
Але “самастойная дзяржава”, пра якую згадваюць камітэтчыкі – то, безумоўна, Беларуская Народная Рэспубліка, пра якую на беларускіх хвалях “Радыё Свабода” ў 1968 годзе, згодна чэкісцкіх справаздач, сапраўды прагучала серыя перадач…
На добры камітэцкі розум, чэкістам увогуле не варта было акцэнтаваць увагу на пяцідзесяцігадовым юбілеі БНР, а сродкі масавай інфармацыі БССР мусілі гэтую дату проста праігнараваць.
Бо далейшы сцэнарый быў такім…
Сігнал з КГБ пра “ідэалагічную дыверсію беларускіх нацыяналістаў з “Радыё “Свабода” атрымлівалі у ЦК Кампартыі Беларусі. Адкуль і спускалі ў медыа БССР каманду: “арганізаваць жорсткі ідэалагічны адлуп”. Савецкія журналісты адказвалі “ёсць!” і садзіліся за друкаркі – пісаць чарговы артыкул пра “так званую БНР, якой ніколі не існавала”, “вернападданы ліст кайзеру Вільгельму” і “аднаўленне ўлады паноў і капіталістаў”. Артыкулы з’яўляліся ў газетах, з якіх у Савецкай Беларусі шмат хто і дазнаваўся пра сам факт існавання той Беларускай Народнай Рэспублікі.
За што і КГБ, і савецкіх прапагандыстаў можна толькі падзякаваць.
З наступнай перадачы вы дазнаецеся пра творчыя і не зусім творчыя метады чэкістаў у апрацоўцы творчай савецкай моладзі.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, адзінка захавання 970
Савецкая карыкатура з часопіса “Кракадзіл” скарыстаная ў якасці ілюстрацыі