Адхіленне Хрушчова ад улады. Як паставіліся беларускія антысаветчыкі Луцкевічы да палацавага перавароту ў Маскве ў кастрычніку 1964-га?



За ўсю гісторыю Савецкага Саюза быў толькі адзін палітычны лідар, які пакінуў пасаду жывым, саступіўшы канкурэнту. Гэтым кіраўніком быў Мікіта Хрушчоў. Ён быў надзвычай супярэчлівай постаццю. З аднаго боку, дзякуючы яму пачалася “Адліга” — адпаведнік палітычнай лібералізацыі і быў развенчаны культ асобы Сталіна. З іншага боку, у канцы яго кіравання, увосені 1964 года, некалі папулярны сярод інтэлігенцыі чалавек і вопытны інтрыган, які ў свой час у змаганні за ўладу перамог уплывовых Лаўрэнція Берыю і Георгія Маленкова, застаўся зусім адзін. Яго змясціла з пасады група змоўшчыкаў, паставіўшы перад фактам.

У кастрычніку 1964 года падчас адпачынку на абхазскім курорце Піцунда Мікіту Хрушчова выклікалі на пасяджэнне Пленума ЦК КПСС у Маскву. 13 кастрычніка падчас нарады Мікіта Хрушчоў падвергся крытыцы. Цэлы вечар генеральны сакратар выслухоўваў прэтэнзіі ад паплечнікаў. Ад “кансерватараў” — за дыскрэдытацыю папярэднікаў. Ад партыйных “лібералаў” — за аўтарытарны стыль кіравання. Ад адказных за знешнюю палітыку — за “Карыбскі крызіс”. Ад эканамістаў — за “няўдалыя рэформы”. Крытыка Хрушчова працягнулася і на наступны дзень. Не знайшоўшы падтрымкі, паводле ўспамінаў удзельнікаў сустрэчы, Мікіта Хрушчоў заявіў: “Я сказаў Мікаяну: змагацца не буду (…). Радуюся: нарэшце партыя вырасла і можа кантраляваць любога чалавека. Сабраліся і пэцкаеце дзярмом, а я не магу пярэчыць”.

У аўтабіяграфічным творы “Бадалася цяля з дубам” расейскі нобелеўскі лаўрэат і дысідэнт Аляксандр Салжаніцын успрыняў сыход Мікіты Хрушчова як пачатак магчымай рэсталінізацыі. Ва ўспамінах пісьменнік адзначае, што адразу пачаў хаваць свае рукапісы. Відаць, такая рэакцыя антысаветчыка была дастаткова тыповай для людзей, якія крытычна ставіліся да камуністычнай партыі. Пра тое, як адрэагавалі на зняцце з пасады ўсемагутнага Мікіты Хрушчова прадстаўнікі беларускіх нацыянальных колаў, інфармацыі ў мемуарах надзвычай мала. У лістах Луцкевічаў-малодшых да свайго “калымскага аднапалчаніна” Уладзіміра Стрыгуцкага можна знайсці адказ на гэтае пытанне.

У лісце, датаваным 20 кастрычніка 1964, то бок роўна праз 6 дзён з моманту палацавага перавароту, Юрый Луцкевіч асцярожна піша Уладзіміру Стрыгуцкаму пра магчымыя перамены: “16-га, у дзень армянскага радыё былі аж тры падзеі важнага міжнароднага значэння: кітайцы кінулі бомбу, у Англіі прыйшлі да ўлады сацыялісты, ну, і афіцыйна аб’явілі, што скінулі Мікіту. Першы факт, безумоўна, адмоўны, другі — станоўчы, а аб трэцім судзіце, як хочаце. Мікіты мне не шкада, абнаглеў, хаця нашаму брату ён крыўды і не рабіў, — вось толькі, каб гэты новы “трыумвірат” не павярнуў на стары шлях, пратораны няслаўнай памяці “бацькам народаў”. Пакуль што асабліва грозных сімптомаў не відаць, зрэшты, чорт іх ведае, можа яны і парадачныя дзядзькі — на мордах не напісана. Ну, а нашым мінскім падхалімам не прывыкаць. Ім што ні поп, дык бацька…

Адхіленне Мікіты Хрушчова, аднак, стала завяршэннем эпохі, якая ўвайшла ў публіцыстыку, гістарычную навуку і паліталогію пад назвай “Хрушчоўская адліга”. І хоць з прыходам да ўлады Леаніда Брэжнева мала што змянілася ў плане правоў і свабодаў, аднак нават тыя нясмелыя галасы крытыкі ў публічнай прасторы сталі цішэйшымі.

3 лістапада 1967 года, напярэдадні 50-й гадавіны кастрычніцкага перавароту, браты Луцкевічы пішуць свайму гомельскаму прыяцелю пра свае ўражанні ад брэжнеўскіх рэалій у звычайнай для іх іранічнай манеры: “Даражэнькі Валодзька! Нешта ты, хлопча, пачаў з намі ў маўчанку гуляць. Відаць, не хапае пораху слаць эпісталы ў два адрасы. Але ж сёння журыць цябе не выпадае ў сувязі з надыходзячым святам. Вось Лёнька Брэжнеў у сённяшняй чатырохгадзіннай прамове нават і злёгка нікога не журыў за выключэннем Мао. Затое ў гэтай даўжэзнай прамове, у якой, як кажуць, словам цесна, а думкам прасторна”, не знайшлося месца ні для Ёські вусатага, ні нават для Мікіты. А можа іх зусім не было? Можа, не было ні 33-га ні 37-га гадоў? Можа не было бальшавікоў Кірава, Блюхера, Тухачэўскага і іншых? Відаць, Ілліч сам рабіў рэвалюцыю. Бо калі б былі іншыя, дык хіба яны заслужылі, каб у 50-годдзе іх хаця бы памянулі? Зрэшты, я аратара не віню. Я ўпэўнены, што гэта казарменна-казённае выступленне не ім напісана, гэта калектыўны твор сучасных тэолагаў-схаластаў, якія сябе называюць марксістамі, філосафамі ды яшчэ ганарацца навуковымі тытуламі. Вось і стварылі ура-патрыятычны твор, стэрыльна-чысты, без аніводнай свежай думкі. Як бы і сапраўды гэтыя 50 год былі шэрагам адных узлётаў ды яшчэ ў простай лініі без усякіх віражоў. Ну і алах з імі! Віншую цябе са святам, жадаю весела яго правесці”.

Мікола Бянько

Праслухаць перадачу можна тут: