Дэфіцыт у эпоху развітага сацыялізму
Жыхары СССР ва ўсе часы сутыкаліся з дэфіцытамі тавараў і прадуктаў харчавання. Жыццё ва ўмовах дэфіцыту станавілася падставай для стварэння шматлікіх анекдотаў пра савецкую рэчаіснасць, у якіх высмейваліся прапагандысцкія лозунгі пра “дастатак” і пра “дагонім і перагонім Амерыку”. Беларускія дысідэнты Луцкевічы ў лістах да антысаветчыка Уладзіміра Стрыгуцкага ў 1960-я неаднаразова звярталі ўвагу на тое, наколькі праблематычна ў рэаліях развітага сацыялізму абзавесціся прыстойным гардэробам, набыць мэблю ў новую кватэру, адрамантаваць аўтамабіль ці купіць якасны алкаголь.
Юрка Луцкевіч у карэспандэнцыях часцяком выкарыстоўваў савецкія анекдоты, якія адлюстроўвалі абсурдную рэчаіснасць. У адным з лістоў да Уладзіміра Стрыгуцкага ён прыводзіць такі непаліткарэктны анекдот, у якім можна разглядзець такія хібы развітага сацыялізму, як штучна створаная навамова і паўсюдны дэфіцыт прадуктаў. Анекдот ад Луцкевіча: “Паехаў я неяк у Ленінград. Куды ні ткнуся — шыльды: “Ленмалако” — “Ленмяса” — “Ленфрукты”– “Ленабутак”– “Ленадзенне”. Прыязджаю ў Маскву. Ізноў тое ж: “Мосмяса”– “Мосфрукты” — “Мосмалако”. Адтуль накіраваўся ў Нікалаеў. Гляджу — “Німяса” — “Ніфруктаў” — “Німалака” — “Ніабутку” — “Ніадзення”. Плюнуў, паехаў у Адзесу. Хаджу па вуліцах: Адземяса, Адзефрукты, Адземалако, Адзеабутак? Ну, а закончыў падарожжа ў Херсоне. Якія там былі шыльды, самі здагадайцеся.”
Самы вялікі ажыятаж на спажывецкія тавары і прадукты назіраўся ў перыяды святаў. Пасля лістападаўскіх святаў 1966 года Юрый Луцкевіч піша пра тое, як яму ўдалося пазбегнуць чэргаў: “Калі ўсё таўпіліся перад святамі за барахлом, мы і блізка да крамаў не падыходзілі, а цяпер ціха і спакойна без усякай чаргі Нінка абулася. Купілі чорныя чэхаславацкія туфлі і зімовыя жоўтыя швэдзкія па 30 руб. пара.”
Дзякуючы таму, што ў віленчукоў Луцкевічаў былі сваякі ў ЗША яны былі трошкі ў прывілеяваным становішчы ў плане адзення. 21 мая 1967 года Юрый Луцкевіч у лісце Уладзіміру Стрыгуцкаму апісвае змесціва пасылкі ад амерыканскіх сваякоў: “Атрымалі пасылку ад нашых амерыканцаў. Тое-сёе для мяне, Лёнькі (…), але галоўнае гэта дамскія шмоткі. Мая Яня ўсё-ж стопрацэнтная жанчына. Відавочна, яна па фатаграфіі ўстанавіла ўсе габарыты Нінкі і прыслала роўнае барахло, якое на ёй так ляжыць, быццам на яе шыта. Асабліва-ж добрыя гэтыя, ведаеце, “інтымныя часткі” жаночага гардэробу. Не забылі і пра Сярожку”. У адказ у знак удзячнасці беларусы адправілі рэчы, якія цяжка было знайсці ў ЗША: “Мы ім паслалі дэкаратыўную дубовую бочку гэтак літры на тры віна, выкананую ў майстэрнях мастацкага фонду. З кранікам і падстаўкай. Драўляныя шчыпцы для гарэхаў (щелкунчік) з мордай Мефістофеля. Штук пяць бурштынавай біжутэрыі (медальёны, бусы, брошкі, бранзалеткі). Ну, і яшчэ сёе-тое”.
У юбілейны для камуністычнай улады год, 1967-ы, па ўсёй краіне саветаў праходзіла мноства святочных мерапрыемстваў, у межах якіх адкрываліся гандлёвыя павільёны і крамы, будаваліся інфраструктурныя аб’екты. А ў савецкіх крамах з’явіліся замежныя тавары з краінаў сацлагеру і нават з Францыі. У лісце, датаваным 3 лістапада 1967, Юрый Луцкевіч апісвае спажывецкі ажыятаж у крамах напярэдадні 50-годдзя савецкай улады: “Купіў дзве бутэлькі югаслаўскага віняку (3 зорачкі, 0,75 л. — 5 руб.70). Добра, што гэты Броз-Цітаўскі прэзэнт выкідаюць у гандлёвую сетку, бо ў Вільні армянскія ды грузінскія каньякі прадаюць толькі ў буфетах ЦК і Савета міністраў. А з барахла ў Вільні некалькі месяцаў нічога не было, перад святам выкінулі лакірованыя французскія туфлі па 45 рублёў ды ўсякія шарсцяныя шматкі. Трэба было бачыць, як душыліся бабы ў чарзе за гэткім барахлом. А цяпер гэтыя лякеркі здаюць назад у магазіны, бо аказалася — дрэнь!”
Мікола Бянько, тэкст падрыхтаваны ў межах праекту “Луцкевічы. Джэнтльмены ў БССР”
слухайце перадачу ў далучаным файле: