Гумар у часы позняга сацыялізму, альбо які савецкі артыст быў у пашане ў беларускіх дысідэнтаў



Вядомага расейскага тэатральнага рэжысёра Канстанціна Райкіна звольнілі з Тэатральнай школы Канстанціна Райкіна. Назва навіны гучыць як каламбур. Але насамрэч гаворка ідзе пра палітычны пераслед дзеяча мастацтва за антываенную пазіцыю. У цяперашняй Расеі расплатай за сумленнасць і праўду становяцца рэпрэсіі. Канстанцін Райкін – сын вядомага ў савецкія часы артыста Аркадзя Райкіна, які быў адным з найбольш улюбёных сатырыкаў у вядомых віленскіх беларусаў, братоў Луцкевічаў-малодшых. Яны часта без аглядкі на “таварыша маёра” цытавалі ў лістах да гомельскага антысаветчыка Уладзіміра Стрыгуцкага свайго ўлюбёнага гумарыста і не ўпускалі магчымасці схадзіць на ягоны канцэрт, каб пачуць Райкіна жыўцом.

Гумару ў часы позняга сацыялізму былі вызначаныя свае межы і месцы. Ды і сам гумар не мог быць скіраваны супраць кампартыі і яе лідараў. Затое ў некаторых момантах дазвалялася пакепліваць з недахопаў савецкага масавага будаўніцтва, кумаўства і хабару, дэфіцыту і заганаў бюракратычнай сістэмы. Адным з тытанаў савецкай сатыры, які на кожны выступ збіраў натоўпы прыхільнікаў і якога любіла савецкая масавая аўдыторыя, быў комік Аркадзь Райкін. Як цяпер бы напісалі Інтэрнэт-СМІ, амаль кожны стэндап-нумар гумарыста выклікаў рэзананс, а часам і спараджаў скандалы. У 1966-м, напрыклад, на Аркадзя Райкіна паскардзіліся ветэрынары Крымскай вобласці, якія напісалі абураны калектыўны зварот у газету “Известия”. Крымскія айбаліты пакрыўдзіліся на спектакль, у якім комік высмяяў няўдаху-вынаходніка з адукацыяй ветэрынара, які трапіў на адказную пасаду дзякуючы пратэкцыі начальства. Распаўсюджаная савецкая практыка ўладкавання “па блаце” сваякоў ці знаёмых не прыйшлася да спадобы крымчукам, якія заявілі, што Райкін “плюнуў” у прафесію, у якой многа “заслужаных дзеячаў, кандыдатаў навук і генералаў”. 

17 красавіка 1967 года ў лісце гомельскаму прыяцелю Валодзю Лявон Луцкевіч завуалявана намякае на матэрыяльныя складанасці цытатай з Райкіна. “Займаю цяпер становішча замясціцеля галоўнага энергетыка на заводзе жалезабетонных канструкцыяў. Што ж сама па сабе работа для мяне не новая, а рэзультаты яе ў матэрыяльных адносінах залежаць не толькі ад мяне і ад выпаўнення плана ўсім заводам (…) Як казаў Аркадзь Райкін, “Жывем у век прагрэсу і прагрэсіўнасці”, а гэтай апошняй, на жаль, у першым квартале не было, бо план завалілі.”

У сакавіку 1968 года ў сталіцы Літоўскай ССР праходзіла дэкада рускага мастацтва. Карыстаючыся магчымасцю, браты Луцкевічы наведалі шэраг імпрэзаў, пра што напісалі водгукі сваім сябрам.

У лісце, датаваным 31 сакавіка 1968 года, Юрка Луцкевіч дзеліцца ўражаннямі ад канцэрту сатырыка Аркадзя Райкіна: “…Мне асабіста найвялікшую прыемнасць зрабіў Райкін, які даў напару з аўтарам ягоных фельетонаў і мініяцюр аж шэсць канцэртаў. Райкін пастарэў, цяпер яму пляваць на дзяшовую папулярнасць, абыходзіцца без масак, без пераапранання і часам кратае не толькі бытавыя тэмы. Гутарыць сабе нібы аб дарожных знаках, а выходзіць, што пры Сталіне над усім Саюзам вісеў светлафор з чырвоным святлом (усё забаронена), пасля хацелі павесіць зялёнае святло, але вісіць – жоўтае (нічога не забараняюць, але нічога не дазваляюць). Ну, куда вы, лысый гражданин, с портфелем прете? Нет, почему же, не запрещается, но вы сами должны понимать! Ну, если уж Вам так приперло, пусть портфель проходит, а сами вы уж оставайтесь!”

У іншай мініяцюры Аркадзя Райкіна, якую згадвае Юрка Луцкевіч, гаворка ідзе пра няўдаху-вынаходніка. “Вынайшаў нейкі чудак (…) машыну. Паслалі машыну ў Парыж. А вынаходніка не пусцілі, бо ў яго “аналізы не ў парадку”. Паслалі дзеяцеля з добрымі намерамі, а з ім яшчэ для камплекту нейкую даярку з “чыстымі аналізамі”. Ну, уваткнулі яны нешта ў гэтай машыне не туды, яна і ўзарвалася. Вынаходніка “ўпяклі”, а дзеяцель збіраецца з другой машынай ўжо ў Токіё ехаць”.

Далей аўтар ліста дэманструе свае здольнасці да напісання ўласных жартаў на вострасацыяльныя і нават каляпалітычныя тэмы. “Ты, Федзя, настоящий пропагандист! И слова у тебя крепки, и расставляешь – то их так, что ничего понять нельзя” (хаця, праўду сказаць, гэта ўжо кажу я, а не Райкін, гэтак гавора нават не Федзя, а Леанід Ільіч…) “Теперь (после кукурузы) все внимание людям. К примеру, захожу в цех: в жар бросает (от холода)”.

Мікола Бянько

Аўдыёверсію праграмы слухайце тут: