“Нацыяналістаў я знаў толькі трох”. Юрка Луцкевіч – пра спробу дыскрэдытацыі беларускага нацыянальнага руху



Тэма, якую немагчыма абмінуць, гаворачы пра беларускіх дзеячаў першай паловы ХХ стагоддзя, – гэта абвінавачанні ў вайсковых злачынствах і сувязях з нямецкімі карнымі органамі. Дзяржаўная прапаганда дагэтуль выкарыстоўвае факт калабарацыі некаторых прадстаўнікоў нацыяналістычнага руху з акупантамі, каб замацаваць і за сучаснай палітычнай апазіцыяй вобраз ворага і імідж ідэйных пераемнікаў “фашыстаў”.

2 сакавіка 1966 года Юрка Луцкевіч прапаноўвае Валодзю Стрыгуцкаму варыянты з вырашэннем набалелага жыллёвага пытання, піша пра магчымасці пераезду сям’і Стрыгуцкіх у Вільню. Але галоўны пасыл ягонага ліста – у іншым, у абмеркаванні публікацыі «Магаданскай праўды», у якой адзін з былых вязняў абвінавачвае ўвесь беларускі нацыянальны рух у супрацы з нацыстамі. “Бакача гэтага я знаю, пазнаёміўся з ім у 52-53 годзе на Д-2 (Мяунджа) (тут і далей у простай мове захоўваецца стыль і арфаграфія аўтара — заўвага рэд.). Ён працаваў на агульных работах, прыдуркам ісці не хацеў (прыдуркі – асобы, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй лагера). Нічога дрэннага аб ім сказаць не магу, ды, праўда, і быў ён там не больш за паўгода. А пісаніна яго робіць, агульна кажучы, непрыемнае ўражанне… Успамінае пра Грамаду, пра камуністаў Тарашкевіча і іншых, якіх усіх Сталін расстраляў, але аб гэтым факце маўчок. І аб тым, што каб з польскай турмы ўцёк не ў буржуазную Чэхію, а ў “рай”, дык і яго спаткаў бы той самы лёс. Праўду піша, што Ермачэнка і Астроўскі – дзяльцы, але чаму іх ён называе нацыяналістамі? Бо напрыклад Грыб быў эсэр, былі ў нашым грамадстве хрысціянскія дэмакраты, былі сацыял-дэмакраты, але нацыяналістаў я знаў толькі трох: Акінчыца (стопрацэнтная сволач), Казлоўскага, якога забілі партызаны і Гадлеўскага, якога забілі немцы. А ён, чалавек, які і не быў ні мінуты на тэрыторыі акупаванай Беларусі пасмеў напісаць гэткую несусветную хлусню, што ўсюды сярод катаў, якія вешалі, палілі, закапвалі жывымі ў равы сваіх суродзічаў – былі нацыяналісты… Гэта пахне паршывенькім даносам. Ды і сам каецца без патрэбы, бо няпраўда, што ён “зыграў вядомую ролю ў беларускім нацыяналістычным антысавецкім руху”. І няма чаго хваліцца, што “пакаранне адбыў чэсна”, — піша Юрка Луцкевіч.

Чалавек, якога цытуе ў сваім лісце Юрка Луцкевіч, — Пятро Бакач. У міжваенны час ён з’яўляўся актывістам некалькіх нацыянальных арганізацый у Заходняй Беларусі, быў сакратаром пасла сойма Польскай Рэспублікі Браніслава Тарашкевіча. У лістападзе 1931 асуджаны польскім судом на 4 гады зняволення ў гарадзенскай турме. Пасля вызвалення выехаў у чэшскую Прагу, дзе вучыўся ў знакамітым Карлавым універсітэце. Браў удзел у працы беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі. Паводле словаў Ларысы Геніюш, Бакач «быў добры беларус, харошы, скромны чалавек, вельмі бледны, вымучаны турмою, напэўна, і нездаровы…». Пасля капітуляцыі Нямеччыны Пятра Бакача арыштавалі савецкія органы ў Берліне. Пазней яго пакаралі 15-цю гадамі лагераў, выслалі ў Магаданскую вобласць, дзе ў зняволенні ён нейкі час кантактаваў з Юркам Луцкевічам.

І вось менавіта гэты “харошы і скромны” Пятро Бакач раптам піша зацемку ў прапагандысцкім выданні, у якім ліе бруд на сваіх сяброў, якія дапамагалі яму ў эміграцыі. Але не спяшаймася вінаваціць Бакача. Юрка Луцкевіч, чалавек, які прайшоў 11 год сталінскіх лагераў, спрабуе патлумачыць напад на Янку Геніюша і матывацыю супрацы з камуністамі былога паплечніка Бакача: “І самае прыкрае, што ўспамінае пра свайго сябра д-ра Геніуша, што цяпер жыве, адбыўшы срок у Зельве разам з сваёй жонкай паэтэсай Ларысай, якая гэтаксама скончыла берыеўскую акадэмію. Навошта ж гэтак пісаць “яры антыкамуніст па натуры” (я дык раней думаў, што камунізм, ці антыкамунізм гэта светапогляд, а не натура). Гэта ўжо проста пахне паршывенькім даносам. Магчыма, вядома, што ён проста недалёкі чалавек, гэты Пятро, і яго проста абвялі вакол пальца кагебісты, сталінскія недабіткі. Яго пісанне маглі так “адрэдагаваць”, што і родны бацька (г. зн. аўтар) не пазнае. А пасля ідзі жалься! Але ўсё ж чытаецца нясмачна. І гэта не адзіны такі выпадак, толькі пераважна пішуць (вярней распісваюцца пад чужым тэкстам) малаграматныя асобы. А гэтаму павінна быць сорамна.”

Мікола Бянько, тэкст падрыхтаваны ў межах спецпраекта “Луцкевічы. Джэнтльмены ў БССР”

слухайце праграму ў далучаным файле: