Прыфронтавы дзённік. Частка 10. “Беларусы, вы наступныя!..”



Ці магчымы “крымскі” ці “данбаскі” сцэнарый у Беларусі? У тым Кіеве сцвярджаюць, што не толькі магчымы, але і амаль непазбежны.

Людзі, якія жылі і працавалі на Луганшчыне, таксама не верылі ў магчымасць расейскай агрэсіі.

У жніўні 2017 маюць адбыцца сумесныя расейска-беларускія вайсковыя манёўры “Захад-2017”, падчас якога расейскія войскі зайдуць на тэрыторыю Беларусі і адтуль не выйдуць. Гэта праект акупацыі Беларусі. Як у свой час – Крыма. Акупацыя будзе праходзіць пад лозунгамі “мы ратуем вас ад НАТА і ад Майдана”. Гэты варыянт абгаворваецца нават беларускімі дзяржаўнымі экспертамі, пра магчымасць падобнага ведаюць у краінах Балтыі і ў Польшчы. Гэта будзе радыкальная змена вайскова-палітычнай абстаноўкі ва Усходняй Еўропе…

(вайсковы эксперт Аляксей Арыстовіч)

Тым больш, што жаданне анэксаваць нашу краіну, прытым не часткамі, а цалкам, даўно ўжо не прыхоўваюць і ў Маскве.

Кто-то, рано или поздно, должен назвать вещи своими именами. Вот эти красивые, дипломатические, с советских времен формулы – «равные партнеры», «президент России и президент Белоруссии», «премьер России и премьер Белоруссии» но как-то должны быть названы своими именами. Речь, уже если всерьез говорить, надо ставить не об объединении равных партнеров, а о вхождении Белоруссии в состав России…

(Анатоль Чубайс, старшыня Дзяржкаммаёмасці РФ)

Падчас паездак уздоўж лініі фронту з самаагалошанай ЛНР у мяне было багата размоваў наконт расейскай небяспекі. Вайскоўцы, адміністратары, валанцёры, праўкраінскія актывісты паўтаралі амаль аднымі і тымі ж словамі: “вы можаце стаць наступнымі!..”

У Беларусі ёсць дыпламатычныя дамовы з Расеяй? Дзмітрый Плугін, начальнік аддзелу па ўзаемадзеянню з праваахоўнымі органамі Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі, нагадвае пра падобныя дамовы з Расеяй і Украіны:

Самыя вялікія нашы памылкі палягаюць у тым, што мы спадзяваліся на гарантыі заходніх дзяржаў – і пры анэксіі Крыма, і напачатку расейскай агрэсіі на Данбасе. Разлічваць, як паказвае наш досвед, можна толькі на ўласныя сілы. Пры малейшай спробе агрэсіі трэба даваць адпор. Іншай мовы, акрмая як мова сілы, расейцы не разумеюць. Усе дамовы “пра сяброўства”, “пра ўзаемасупрацоўніцтва”, якія яны падпісваюць, не вартыя нават той памеры, на якой яны выдрукаваныя. У свой час у нас была дамова “пра транспамежнае супрацоўніцтва”, і менавіта на падставе гэтай дамовы мы павыводзілі з памежных з РФ раёнаў усе ўзброеныя сілы. Чым і скарыстаўся агрэсар…

Расейскія тэлеканалы да 2014 года працавалі ва Украіне. Яны па-ранейшаму вяшчаюць на Беларусь. Нашто? Разважае журналістка Ірына Козырава, уцякачка з Луганска:

Чаму расейская прапаганда так упарта ўплывае на Беларусь? Такім чынам вярбуюцца новыя прыхільнікі “русского мира”, сваіх наёмнікаў. Беларусі варта вельмі і вельмі асцярагацца таго сцэнарыя, які быў у нас на Данбасе. Пуцін можа здзейсніць з у Беларусі тое, што адбылося ва Украіне…

Украінцам, як і цяпер беларусам, штодня расказвалі пра “славянскае братэрства” і станоўчую ролю “старэйшага брата”. Юрый Кліменка, намеснік старшыні Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі заклікае згадаць відавочнае:

Беларусам трэба, як ніколі, бараніць незалежнасць і ўсведамляць, што яны асобная дзяржава. Беларусы самі павінны вырашаць – як ім жыць, з кім сябраваць. Інакш вам не выстаяць.

 

Найбольш радыкальна выказаўся Андрэй Шапавалаў, дырэктар севераданецкай філіі Луганскага тэлеканала “ЛОТ”:

Беларусь у сваіх узаемаадносінах з Расеяй праходзіць тыя ж этапы, што і мы. У нас таксама былі прадуктовыя войны, энэргетычныя войны, нафтавыя войны… Прытым тыя эканамічныя войны распачыналіся “з таго боку”. У вас жа таксама былі праблемы з продажам у Расею сыра, малака ды іншай прадукцыі? Раней яна выдатна куплялася, потым раптоўна стала непатрэбнай з розных прыдуманых прычын. Абсалютна ідэнтычна таму, што за колькі гадоў да вайны было ў нас. Мне падаецца, што вам, беларусам, пакуль пашэнціла — і не толькі вам, але і Казахстану, і іншым суседзям нашага паўночнага суседа, што ён не чакаў такога адлупу ва Украіне. Не атрымалася зрабіць “бліцкрыг”, як было ў той жа Грузіі. Гэта і не дае Расеі рабіць наступныя анэксіі тэрыторый, якая яна лічыць “сваімі”.

Беларусы, наступныя – вы! 

Уцекачы з Луганска.

І таму я вельмі хацеў бы засцярэгчы беларусаў ад магчымых правакацый. Тое, што мы бачум у Беларусі – напрыклад, актывізацыю вашай “пятай калоны”, то бок адэптаў “русского мира», дазваляе гаварыць пра абсалютна ідэнтычны сцэнарый. Бы пад капірку. Калі ласка, стаўцеся да інфармацыі вельмі адказна, правярайце ўсё, што чытаеце і чуеце, з розных крыніц. Супраць вас пакуль ідзе агрэсія Расейскай Федэрацыі, пакуль што інфармацыйная… Трэба называць рэчы сваімі імёнамі.

Твары “русского мира”.

Арыф Багіраў, жыхар Севераданецка, таксама дапускае магчымасць расейскай агрэсіі:

Што бы я параіў беларусам? Прабачце за банальнасць – але любіць Радзіму, любіць сваю мову. Трымацца адзін аднаго – гэта вельмі і вельмі важна. Абмяркоўваць тое, што адбываецца, прытым публічна. Мы тут адзін аднаго трымаліся, мы размаўлялі, мы сябравалі, і, можа, менавіта гэта не дазволіла Крамлю цалкам рэалізаваць план “Наваросія”, не дазволілі тут распаліць грамадзянскі канфлікт. Украіна на самым пачатку вайны была вельмі салідарная. Спадзяюся, і ў вас у разе нейкае небяспекі будзе такая ж салідарнасць…

Чатыры гады таму кожнага, хто спрагназаваў бы расейскую агрэсію супраць Украіны, напэўна, запісалі б у вар’яты. Цяпер у вар’яты смела можна называць кожнага, хто такую агрэсію адмаўляе.

Паслухайце, як гучыць расейская артылерыя на ўкраінскай зямлі.

Такое ж у кожны момант можа паўтарыцца і ў нас.

Вайскова-патрыятычнае выхаванне ў ЛНР

Беларускае Радыё Рацыя

Здымкі 1-7 аўтара, здымкі 8-14 публікуюцца з дазволу Упраўлення Камунікацыі і прэсы Міністэрства абароны Украіны