“Прыфронтавы дзённік. Частка 3. „Русская весна-2014”: саюз крымінальнікаў і ФСБ



У красавіку 2014 года інфармацыйныя вяроўка, накінутая на Усход Украіны расейскім тэлебачаннем, распусцілася пятлёю і сціснула мазгі нават самых псіхічна трывалых. Па гарадах і пасёлках Лугшаншчыны ў рэжыме non-stop праходзілі нібыта стыхійныя, але насамрэч добра арганізаваныя мітынгі, на якіх кляймілі “кіеўскую хунту”, “бандэраў”, “Сусветную Закулісу” і нават “натаўска-жыдоўскіх фашыстаў з Вярхоўнай Рады”.

 

Траплаліся і абсалютна клінічныя выпадкі:

Буквально в нескольких километрах находятся фашистские войска – гитлеровские и жидо-бандеровские! Хотел бы обратиться ко всем нашим отцам, братьям и сестрам, ко всем русским людям, и призвать их встать в строй со всеми защитниками всей Руси. Потому что это война религиозная, на жидо-бандеровские деньги против нас выступил фактически Ватикан, весь сброд, все предатели Христа. Мы  – русские! С нами Бог!

(Інфармацыйны рэсурс “Москва – Третий Рим”)

 

Хвалі татальнай нянавісці трэба было надаць накірунак, вызначыць берагі і паставіць мэту. Сякара мае быць цяжкой, брытвена нагостранай і трапна скіраванай…

У Луганск і раённыя цэнтры масава завозілі так званых “цітушак” – звычайных гопнікаў з крымінальнымі рэфлексамі. Чаму “цітушкі” пагадзіліся браць удзел у пагромах?

Сведчыць дырэктар севераданецкай філіі Луганскага тэлеканала “ЛОТ” Андрэй Шапавалаў:

Луганск тады быў даволі заможным абласным цэнтрам – з вялікай канцэнтрацыяй вытворчасці і гандлю. Людзі тым былі куды больш талерантнымі, чым, напрыклад, у занядбаных шахцёрскіх пасёлках. “Разгойдаць” Луганск было даволі цяжка. Таму туды і сцягвалі маргіналаў з занядбаных пасёлкаў, пераважна з украінска-расейскага сумежжа. За 200 грыўняў* у дзень гэтыя маргіналы былі гатовыя біць кожнага, на каго ім пакажуць. Хто іх прывозіў? Ды нашыя запраданцы… І ўся гэтая гнюсь жыла ў цэнтры Луганска ў намётах, пад аховай міліцыі. Вы можаце ўявіць, каб сярэднестатыстычны луганчанін, які мае працу, мае сям’ю, кінуў усё і вырашыў пасяліцца ў намёце і збіваць людзей за 200 грыўняў у дзень, а ў некаторых выпадках – проста за ежу? Бегаць па вуліцах, раўсці лозунгі, пачутыя з расейскага тэлевізара? То былі звычайныя бомжы, агрэсіўныя і тупыя…

—–

* 200 грыўняў — 14 даляраў па курсе Нацбанка Украіны ў красавіку 2014 г.

 

Неўзабаве крымінальныя рэфлексы прарасейскай публікі даліся ў знакі. Пачаліся пагромы, рабаванні і вулічны бандытызм а разам з імі – забойствы ўсіх, каму такі парадак не падабаўся.

Расейскае тэлебачанне адразу прыдумала для масавага бандытызма прыгожую назву – “Русская весна». Як праходзіла “Русская весна» у Севераданецку, распавядае тамтэйшы жыхар Арыф Багіраў:

Калі ў нас распачалася хваля прарасейскіх мітынгаў, праўкраінскія жыхары Севераданецка, якіх тут вельмі багата, вырашылі зладзіць флэш-моб: прыйсці на плошчу з украінскімі сцягамі і спець Гімн Украіны. “Цітушкі” нас вельмі моцна пабілі. Іх было каля тысячы, і ўсе нетутэйшыя. Адкуль яны былі? Частка – з дэпрэсіўных пасёлкаў Луганшчыны, але вельмі багата завозілі і з Расеі, бо расейская мяжа тут вельмі блізка. Мы бачылі шмат аўтобусаў з расейскімі нумарамі.

Неўзабаве пагромнікам раздалі  стралковую зброю. Якім чынам? Сведчыць жыхар пасёлка Шчасце Валерый Ганчароў, які ўвесну 2014 года працаваў на Луганскім цеплавозабудаўнічым заводзе:

Зброі там было вельмі багата. Раздавалі яе мясцовыя сепаратысты. Дастаткова было прыйсці да іх з вайсковым білетам і ўзяць аўтамат.

Атрымаўшы зброю, адэпты “Русской весны», сярод каторых было вельмі багата асоб з зонаўскімі татуіроўкамі, адразу перайшлі да звыклых заняткаў:

Арыф Багіраў:

Гэтых людзей не абцяжарвалі ані законы, ані мараль. Прыехалі яны ў Севераданецк і адразу абстралялі з кулямётаў офіс аднаго нашага праўкраінскага бізнэсоўца. То бок, такім чынам прадэманстравалі, што ў іх ёсць зброя і што жартаваць яны не будуць. Захапілі офісны будынак і зарганізавалі свой бандыцкі штаб. Пасля чаго пачалі абкладаць данінай усіх збольшага багатых людзей горада. Ведаце, гэта нават не “бандыцкія дзевяностыя” – тады, памятаю, у Севераданецку з аднымі бандытамі можна было дамовіцца праз іншых бандытаў. З гэтымі дамовіцца было немагчыма: яны плявалі і на міліцыю, і на пракуратуру, і на тутэйшых бандытаў, сярод каторых былі сур’ёзныя крымінальныя аўтарытэты. Гэта нават не “бандыцкія дзевяностыя”, гэта можна параўнаць хіба што з нямецкай акупацыяй…

А далей адбыўся захоп будынка Луганскага СБУ, дзе пагромнікі зноў атрымалі процьму стралковай зброі. Як увогуле можна захапіць Абласное Упраўленне спецслужбы, якое знаходзіцца ў цэнтры горада і якое, па логіцы, павінна добра ахоўвацца? Чаму ў СБУ папярэдне завезлі стралковую зброю і боепрыпасы? Можа, таму і завезлі, каб было што захопліваць?

Я задаваў гэтыя пытанні і высокапасадоўцам, і вайскоўцам, і эсбэвушнікам. Намеснік старшыні Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі Юрый Кліменка паўтарыў агульнавядомае:

Быў скіраваны захоп адміністрацыйных будынкаў. Кіравалі гэтым людзі, якія ўжо мелі адпаведны досвед падобнага. Міліцыя спрацавала неэфектыўна…

Але ёсць і іншыя інфармацыя, якая асабліва не афішуецца. Пэўная частка супрацоўнікаў Луганскага СБУ з радасцю перакінулася на бок сепаратыстаў. Безумоўна, яны былі папярэдне завербаваныя расейскімі спецслужбамі.

Генерал-маёр СБУ Леанід Пасечнік, былы начальнік галоўнага аддзела “К”, узначаліў “МГБ Луганскай Народнай Рэспублікі”. Яшчэ процьма былых палкоўнікаў, падпалкоўнікаў, маёраў і лейтэнантаў СБУ цяпер паспяхова працуюць на тэрарыстаў: вышукаюць украінскіх патрыётаў і катуюць іх у МГБ, якое самі луганчане называюць “падвалам”.

Былыя ўкраінскія міліцыянты, якія пайшлі служыць акупантам, увогуле не паддаюцца ўліку.

* * * На фота: Станіца Луганская.. Раней тут была ўкраінская школа, у якой вучыліся дзеткі. У 2014 годзе, падчас “Русской весны”,  з бацькамі тых дзетак надарыўся калектыўны псіхоз, яны забегалі па Луганшчыне з лямантамі „Россия, Россия!..” Па хуткім часе расейская армія разбамбіла школу, дзе вучыліся дзеткі аматараў Расеі, з „Градаў”.

 

* * *

А цяпер паспрабуем спраектаваць падзеі “Русской весны», што адбываліся ў Луганску і наваколлі ў 2014 годзе, на сучасную Беларусь.

Колькі інфармацыйных памыяў выліваюць на ўсіх нас расейскія тэлеканалы?

Каго беларуская міліцыя арыштоўвае і збівае – адэптаў “Русского мира» ці беларускіх патрыётаў?

Колькі прыхаваных і адкрытых аматараў пуцінскай Расеі працуе ў шматлікіх беларускіх спецслужбах – усіх гэтых КГБ, ОАЦ, Службе Бяспекі Прэзыдэнта і ім падобных?

Колькі генералаў беларускага войска спіць і бачыць сябе ў фуражках з расейскімі кукардамі?

Да каго перакінуцца ўсе нашыя обер-прапагандысты, жандары і кагэбэшнікі ў разе расейскай агрэсіі?

Адказы навідавоку.

* * *

У кожны аўторак і чацьвер на хвалях Беларускага Радыё Рацыя ў 08:40 і 17:40 (паводле беларускага часу)  слухайце расповеды Уладзіслава Ахроменкі прысведчаны   падзеям на Усходзе Украіны. У наступнай перадачы вы дазнаецеся пра ролю, якую адыграла расейскае казацтва ў падзеях на Усходзе Украіны ўвесну і ўлетку 2014 года.

 

Відэа: Пагром Абласной дзяржаўнай адмінстраціі г. Луганска

 

Луганск, разгон “цітушкамі” праўкраінскага мітынга

 

Актывіст „Русской весны”: “Ватыкан на жыда-бандэраўскія грошы змагаецца супраць Святой Русі”