Прыфронтавы дзённік. Частка 6. “Адзін дзень у вёсцы Трохізбенка”
Нашыя ўяўленні пра вайну пераважна кінематаграфічныя ці кніжныя. Па ўзараным снарадамі полі паўзуць танкі, гучыць “ура!..” герояў-пехацінцаў, і неўзабаве ўжо сцяг брыгады пераможна лунае над варожымі пазіцыямі.
Забудзьцеся пра такія карцінкі раз і назаўсёды. Вайна – гэта не толькі геройствы. Гэта найперш кроў і пакуты, гэта адарваныя рукі-ногі і размазаныя па асфальце мазгі. Вайна – гэта смерць, якая можа прыляцець у кожны момант, прытым часцей нават не на вайсковыя пазіцыі, а на жылыя кварталы.
Валерый Ганчароў, жыхар пасёлка Шчасце:
Сепаратысты вельмі доўга білі па Шчасці, прытым даволі трапна. Загінула жанчына – медычная сястра з паліклінікі. Яна паспела вывесці ў падвал сына, але ж дома застаўся паранены муж, які падарваўся на “расцяжцы”, ногі былі перабітыя, сам хадзіць не мог. І вось, калі яна ішла яго забіраць, яе накрыў снарад. 120 міліметраў, расейская гаўбіца Д-30…
Кожны, хто адсочвае сітуацыю на Усходзе Украіны, напэўна ведае назвы тамтэйшых населеных пунктаў, якія найчасцей трапляюць пад абстрэлы: пасёлак Шчасце, вёска Врубіўка, станіца Луганская, вёска Трохізбенка…
Мне давялося пабываць у вёсцы Трохізбенка, якая стаіць у якіх пяцістах метрах ад пазіцый баявікоў ЛНР і паназіраць за тамтэйшым жыццём…
Дзень пачынаецца з чаргі па гуманітарную дапамогу – у тым разе, калі яе прывезлі.
Дзядзька Толік, жыхар Трохізбенкі:
Ад дзяржавы асаблівай дапамогі няма. Дапамагаюць Чырвоны Крыж, розныя міжнародныя фонды. Але далёке не ўсім: інвалідам, таксама тым, хто старэйшы за 65 гадоў. Жыць стала цяжка. Вёска нашая ў 2007 годзе была газафікаваная цалкам. Але ж газавая труба засталася на тэрыторыі, падкантрольнай ЛНР. Яе перабіла снарадам недзе ў раёне вёскі Сакальнікі. Вымушаны былі перайсці на антрацыт і дровы. Далі нам амаль па дзве тоны антрацыта і па тры з паловай кубы дроваў на двор. Так і жывем…
З працай у Трохізбенцы цяжка. Хаця раней гэтая вёска лічылася даволі заможнай.
Дзядзька Толік, жыхар Трохізбенкі:
Моладзь у нас раней працавала ў райцэнтры Славянасельск. Тамака і псіхінтэнрант, і пажарная ахова, і міліцыя, і Гаргаз, і Водаканал. Туды пераважна і ўладкоўваліся, бо было дзе. Цяпер Славянасельск у ЛНР, а мы ва Украіне. Працаваць няма дзе. Яшчэ раней ў нас вырошчалі садавіну і прадавалі яе ў Луганск, Стаханаў, Алчеўск… Цяпер рынак сбыту страчаны, і нашая садавіна нікому не патрэбная.
Так што адзіным сродкам існавання становіцца кантрабанда на падкантрольныя ЛНР тэрыторыі. Нягледзячы на “растяжкі”, неразарваныя снарады і рызыку нарвацца на аўтаматную чаргу, трохізбенцы рэгулярна перапраўляюць нелегальныя грузы “на той бок”.
Дзядзька Толік, жыхар Трохізбенкі:
“На той бок” можна перабрацца нелегальна, на чаўне праз Северскі Данец. Вядома ж, незаконна! Але што рабіць? Плаваем. Я ўжо не кажу, што тут на Данбасе ці не ў паловы сем’яў нехта ў ЛНР застаўся, нехта тут…
У Трохізбенцы працуюць і крамы, і паліклініка, і школа. Хаця па школе баявікі ЛНР перыядычна лупяць з мінамётаў і гаўбіц.
Галіна Васільева, дырэктарка школы:
Разумееце, калі страляюць, вы не можаце сказаць, адкуль менавіта, вы толькі гэта чуеце. Але ж снарады ідуць з боку, які падкантрольны ЛНР. Вельмі і вельмі цяжкі час у нас быў у 2014 і 2015 гадах. Мы жылі адным днём: перажылі бамбёжку – ну і добра. Потым паціху сталі тыя абстрэлы заціхаць, мы ўзрадваліся, бо вырашылі, што на гэтым усё. І вось нядаўна па школе зноў стралялі… Дзякуй Богу, гэтым разам без ахвяраў.
Пасля чарговага абстрэлу у Трохізбенку прыяжджаюць колькі джыпаў АБСЕ. Міжнародныя назіральнікі дбайна фіксуюць, адкуль прыляцелі снарады і хто ў чарговы раз парушыў Менскія пагадненні. Потым прыяжджаюць эсбэвушнікі, якія распачынаюць чарговую крымінальную справу па артыкуле “тэрарызм”. Потым мясцовыя тэлефануюць адзін аднаму і спадзяюцца, што абонент возьме трубку.
І так да наступнага разу…
Калі ўдзень у цэнтры Трохізбенкі яшчэ і віруе якое жыццё, то па-цёмнаму вёска нібы вымірае. Сяляне сядзяць па хатах, згадваюць мінулае жыццё і мараць пра лепшае.
Цётка Валянціна, пенсіянерка:
Вось там усё гарэла, і там гарэла. Восем дамоў згарэла за дзве гадзіны! Мы хочам жыць так, як жылі раней. Усе, тутэйшыя. Гэта ж такое трэба – семьдзесят гадоў у любімай вёсцы пражыць, і каб такое цярпець? Куды нам падзецца адсюль? Мы ж тут выраслі, тут усё наша, роднае… Мы ад усіх гэтых жахаў стаміліся і хочам ранейшага жыцця…
А калі я вярнуўся дахаты, то пачуў па тэлевізары такое:
На Луганшчыне выведвальныя групы баявікоў падыходзяць практычна да пазіцый Узброеных сіл Украіны, каб прамацаць абарону. Каля вёскі Трохізбенка такія варожыя рэйды адбываюцца ледзь не штодня. Узрастае і колькасць абстрэлаў…
(Тэлеканал “2+2”)
Ці жывыя вы цяпер, цётка Валянціна і дзядзька Толік? Дай вам Бог міра і спакою, як было да вайны!
На здымках – прыфронтавая вёска Трохізбенка.
Помнік Кандрату Булавіну, паўстанцу супраць Масковіі – самаму вядомаму мясцоваву ўраджэнцу.
Царква, якая нейкім цудам ацалела пад абстрэламі.
У Сельпо завезлі прадукты.
Місія АБСЕ прыехала засведчыць чарговыя парушэнні Менскіх пагадненняў баявікамі ЛНР.
Калідор мясцовай школы, пасечаны мінамётнымі аскепкамі.
Нават не верыцца, што тут яшчэ жывуць людзі
* * *
У кожны аўторак і чацьвер на хвалях Беларускага Радыё Рацыя ў 08:50 і 17:50 (паводле беларускага часу) слухайце перадачы Уладзіслава Ахроменкі, прысведчаныя падзеям на Усходзе Украіны. У наступнай перадачы ён раскажа, хто насамрэч ваюе пад сцягамі ЛНР супраць Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя