Прыфронтавы дзённік. Частка 8. «Аднаразовыя людзі, гуртам і ў розніцу, нядорага»



Калі ў тым жа Менску проста на вуліцы задаць якому мінаку пытанне, “з кім ваюе ўкраінская армія на Данбасе?”, то адказ у васьмі з дзесяці выпадкаў будзе такім: “з сепаратыстамі”. Некаторыя занадта палітызаваныя дададуць пра “узброеных шахцёраў і трактарыстаў”, некаторыя занадта пафасныя – пра “гераічны народ Данбаса”.

Не будзем вінаваціць гэтых людзей за недасведчанасць; галоўнай крыніцай інфармацыі пра падзеі на Усходзе Украіны для нас ёсць і застаецца расейскае тэлебачанне.

 

Уладзімір Пуцін: Нет на Востоке Украины никаких российских подразделений. Нет ни специальных служб, нету инструкторов, это все местные граждане! И своим западным партнерам я сказал: им некуда уходить, они никуда не уйдут, они хозяева этой земли!

 (тэлеканал “Россия-24”)

Па самых апошніх дадзеных, якія распаўсюдзіла кіраўніцтва непрызнанай ЛНР, у баевікоў цяпер 700 танкаў. Гэта больш, чым у арміях Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі і Даніі, разам узятых. Дзе тыя танкі нарабілі за тры гады вайны – на Луганскім цеплавозабудаўнічым заводзе ці ў якой скабяной майстэрні пасёлка Антрацыт? Ці, можа, усе 700 танкаў захопленыя ў украінскай арміі?

Дзмітрый Плугін, начальнік аддзелу па ўзаемадзеянню з праваахоўнымі органамі Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі:

Я дастаткова валодаю сітуацыяй, якая тычыцца зброі і вайсковай тэхнікі. Напачатак расейскай агрэсіі на ўсёй тэрыторыі Луганскай вобласці было 98 вайсковаслужбоўцаў украінскай арміі. Гэта, яшчэ раз падкрэсліваю – на ўсёй тэрыторыі Луганскай вобласці. Вайсковаслужбоўцы гэтыя былі пераважна супрацоўнікамі ваенкаматаў. Ні складоў зброі, ні складоў вайсковай формы, ні складоў нейкай тэхнікі на Луганшчыне не было. На кардоне ў нас пашнуравалася саракатысячная групоўка расейскай арміі. Яны стаялі літаральна ў 10-20 метрах ад лініі Дзяржаўнай мяжы. Гэта была відавочная дэманстрацыя.

А вось што сведчыць намеснік старшыні Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі Юрый Кліменка:

Расейскія рэгулярныя часткі заходзілі на тэрыторыю Луганшчыны яшчэ ў 2014 годзе. Упершыню Луганская воблсць была абстрэленая з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, з цяжкой артылерыі і “Градаў” яшчэ ў 2014 годзе. Было багата загіблых…

Станіца Луганская, што знаходзіцца на самой мяжы з пазіцыямі ЛНР, церпіць ад абстрэлаў з Расеі ці не штодня. Юрый Золкін, старшыня раённай дзяржаўнай адміністрацыі, змушаны толькі канстатаваць колькасць абстрэлаў і месца дыслакацыі варожай артылерыі:

І наш раён, і суседні, Нова-Айдарскі абстрэльвалі і абстрэльваюць менавіта з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Да мяжы з Расеяй тут каля 10 кіламетраў. Абстрэльваліся і абстрэльваюцца Верхняя і Ніжняя Альхава: “Грады”, артылерыя 120 калібра, усё гэта ляціць з Расеі. Далей. Хутар Макараў, гэта Валуйскі сельсавет: “Грады” і “Ураганы” непасрэдна з тэрыторыі Расеі. Памежная вёска Гарасімаўка – жыхары засведчылі, што пазіцыі ўкраінскіх войскаў былі расстраляныя з “Ураганаў” таксама з тэрыторыі Расеі. Вёска Крастаталівка, Талівка і Благавешчанка: праз іх тэрыторыю кадыраўскія баявікі спрабавалі прарвацца ва Украіну. Вёска Юганіўка, дзе тамтэйшыя жыхары бачылі, як расейская зброя перапраўлялася з тэрыторыі Расеі праз невялічкую раку Дзеркул… Доказаў, спадзяюся, дастаткова?..

Амаль тое ж самае расказаў мне і Сяргей Багукалец, этнічны беларус з Сівершчыны, ветэран Антытэрарыстычнай аперацыі на Луганшчыне:

У самым пачатку нам супрацьстаялі мясцовыя сепаратысты. Але было па ўсяму відно, што яны добра навучаныя і ведаюць, як карыстацца зброяй. А ўжо потым супраць нас ваявала рэгулярная расейская армія, прытым добра вышкаленая. Абстрэльвалі нас штодня – і з РПГ, і з аўтаматычнай стралковай зброі. Потым пачалі гасіць з “Градаў” непасрэдна з тэрыторыі Луганска, а таксама з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі.

Але па расейскіх тэлеканалах не пабачыш людзей з шэўронамі Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны. Усе яны пераапранутыя ў форму ЛНР. Што гэта за людзі і як яны трапляюць на Луганшчыне?

Я – Ахметаў Руслан, служыў у 31-й армейскай брыгадзе, горад Ульянаўск. Сказалі – вайсковыя навучанні, выехалі ўначы, раніцай былі каля ўкраінскай мяжы. Выдалі боепрыпасы і запусцілі ва Украіну. Заехалі мы штатнай вайсковай тэхнікай…

(З запісу допыту палоннага расейскага салдата)

Ёсць, вядома ж, і так званыя “добраахвотнікі”, якія збегліся ваяваць за ЛНР з усяе постсавецкай прасторы. У тым ліку і з Беларусі.

Наталля Журпенка, уцякачка з Луганска, бачыла такіх на ўласныя вочы.

Я ўсё бачыла на ўласныя грошы. Плацілі наёмнікам па 40-50 тысяч расейскіх рублёў у месяц… Так, гэта па тым курсе  каля 1100 даляраў. Колькі плацілі наёмнікам ЛНР з Беларусі – не ведаю, але магу сказаць дакладна: яны ў нас таксама выключна за грошы. Што – бараніць нас за грошы прыехалі? Якія яшчэ “фашысты”, ад якіх нас нібыта трэба бараніць!.. Перадайце тым, хто з Беларусі хоча паехаць нібыта нас “бараніць”: бараніць нас не трэба, нас бароніц нашая ўкраінская армія. Я ж не іду ў Беларусь кагосьці там бараніць, праўда?

Аднак і расейскія вайскоўцы, і наёмнікі, па сутнасці – аднаразовыя людзі. Іх у таварных колькасцях пастаўляюць і расейскія ваенкаматы, якія ператварыліся ў цэнтры па вербоўцы тэрарыстаў, і шматлікія арганізацыі “расейскіх патрыётаў”, і нават прыватныя вайсковыя кампаніі.

Наталля Журпенка: Ці багата там наёмнікаў загінула? Вельмі і вельмі багата. Колькі ў нас новых могілак цяпер – не палічыць. У Алчэўску, напрыклад, ёсць цэлыя якуцкія могілкі, адныя якуты пахаваныя. Ёсць і пахаванні наёмнікаў, якія прыехалі з Беларусі…

Пакуль вы слухалі мой аповед, колькі тых “аднаразовых” ваякаў, верагодна, ужо загінула на Данбасе. Але за гэты час, магчыма, ад рук іншых “аднаразовых” загінулі і абаронцы Украіны, і мірныя жыхары…

На Страшным Судзе ў расейскіх вайскоўцаў напэўна спытаюць: а за што вы на тым Данбасе ваявалі? Цікава – ці здолеюць яны нешта сказаць у сваё апраўданне?..

***

На фота:

1-9 Кожны эксперт засведчыць, што гэта сучасная зброя расейскай вытворчасці;

10-12 Пашпарты вайсковапалонных. Тое, што гэтыя дакументы належаць расейскім грамадзянам, якія ўдаюць у ЛНР “мясцовых жыхароў”, бачна і без экспертаў.

 

Здымкі публікуюцца з дазволу Упраўлення Камунікацыі і прэсы Міністэрства абароны Украіны

* * *

У кожны аўторак і чацвер на хвалях Беларускага Радыё Рацыя ў 08:50 і 17:50 (паводле беларускага часу) слухайце перадачы Уладзіслава Ахроменкі, прысвечаныя   падзеям на Усходзе Украіны. У наступнай перадачы вы дазнаецеся, ці ваююць на баку Украіны вайсковыя часткі з НАТА.

 

Беларускае Радыё Рацыя