Прыфронтавы дзённік. Частка 9. «У пошуках карнікаў з НАТА»



Пра «натаўскіх карнікаў», што ваююць супраць вольналюбнага народа Данбаса і «русского мира», які нарэшце падымаецца з кален, крамлёўскія тэлеканалы расказваюць мінімум раз на дзень. Тыя ж тэлканалы распавядаюць і пра “жахлівыя страты з боку натаўскай ваеншчыны”, прытым, калі падсумаваць колькасць забітых заходніх карнікаў вольналюбівымі шахцёрамі і трактарыстамі, то, напэўна, атрымаюцца ладныя могілкі ад Луганска і да Данецка.

 

Але прадажная заходняя прэса пра гэта маўчыць…

С наступлением весны и появлением «зеленки» европейский акцент звучит почти у самых окопов ополчения. За деньги на стороне Киеве трудятся снайперы и диверсанты, традиционно – самый выгодный бизнес на крови. На передовой бойцы 4-й роты охотятся за натовцем. Враг стал хитрей, изучил тактику ополчения. Он был почти неуловим. Подстреленный фазан-натовец, за которым ополченцы гонялись целую неделю, сегодня все-таки станет украшением стола…

(Тэлеканал “Россия-24»)

Быць на фронце і на пабачыць крывавых натаўскіх нелюдзяў – злачынства перад чалавечнасцю. Тым больш, што маскоўскія тэлеканалы называюць і месца дыслакацыі натаўцаў – пасёлак Шчадрышчава, што непадалёк Севераданецка, і нават нацыянальную прыналежнасць платных забойцаў – “палякі”.

— Няма тут нічога! Увогуле замежных вайскоўцаў няма, не бачыў. Проста няма – вы ж самі ўсё бачыце! Перадавалі пра нас, што там частка нейкіх замежнікаў, тамака частка і тамака частка. Няма. Амерыканскія і польскія вайскоўцы ў Шчадрышчаве? Ды дзе я іх тут бачыў?! Няма, няма, самі пахадзіце і паглядзіце…

Дзядзька Андрэй, мясцовы абарыген з-пад прадуктовай крамы

Непадалёк – будынак Севераданецкага лясніцтва. Заходзім і распытваемся пра “натаўцаў” там.

Ніякай вайсковай натаўскай тэхнікі, то бок БТРаў, БМП і танкаў я тут не бачыў. Тут былі толькі нашыя добраахвотнікі, ездзілі на “газонах” і старых джыпах, якія ім перадалі валанцёры.

Мікалай, супрацоўнік лясніцтва:

— Ды смяемся мы ўсе з таго, што пра Шчадрышчава паведамляюць! Колькі гадоў тут усе жывем, ніякіх “натаўцаў” і “палякаў” ніколі не бачылі! А тут яшчэ паведамлялі, што Шчадрышчава – нібыта “элітны пасёлак”. Вы нашымі вуліцамі хадзілі? Наконт блок-постаў – так, былі тут у 2014 годзе, калі баявікі з ЛНР нас захапілі. Але цяпер толькі ўкраінскія вайскоўцы, іншых няма

Валянціна, жыхарка пасёлка Шчадрышчава

Пра “польскіх наёмнікаў, якія забіваюць людзей на Данбасе, я распытваўся па ўсёй лініі фронта з ЛНР.

Адказы былі такімі…

Дзмітрый Лук’яненка, настаўнік школы пасёлка Старабельск:

— Гэта брахня. Такога няма. Ніколі не бачыў я ніякіх палякаў на тэрыторыі Старабельска. Увогулі ніякіх натаўцаў, ніякіх палякаў. А тым больш – ва ўзброеных канфліктах…

Галіна Васільева з вёскі Трохізбенка:

— Я нікога ў нашай Трохізбенцы не бачыла. Ні палякаў, ні натаўцаў…

Валерый Ганчароў, жыхар пасёлак Шчасце:

Адкуль яны тут? Тут ужо і пра неграў пісалі, і пра амерыканцаў, і пра каго заўгодна. Ваююць супраць сепараў тут хлопцы з ВСУ. Украіна.

Уладзімір Мартынаў, жыхар пасёлка Новы Айдар:

Вы сур’ёзна пытаецеся? То не жарт? Палякі і натаўцы? Я рэгулярна бываў у вайсковых частках Зброеных сіл Украіны ад 2014 года. Таксама ў добраахвотных батальёнах. Ніводнага палякі і натаўца я тут не бачыў. Ніводнага. А тым больш – са зброяй у руках…

Можа быць, польскія карнікі ўжо бездакорна вывучылі ўкраінскую і расейскую мовы і маскуюцца пад мясцовых? Але ж расейская прапаганда сцвярджае, што на Данбасе ваююць і афра-амерыканцы. Тут не замаскуешся – хіба што зробіш пластычную аперацыю па перасадцы скуры белага чалавека…

Уладзімір Мартынаў, жыхар пасёлка Новы Айдар:

— Прыбягае аднойчы да мяне знаёмы, такі ўвесь узбуджаны. Маўляў – што, дажыліся? Да нас на Данбас цэлы батальён неграў прыехаў! У вёсцы Новаахтырка негры, усё там акупавалі! Вядома ж, я не паверыў, паехуў у тую вёску. Стаялі там хлопцы са Львова, нейкая частка ВСУ – ці то сувязісты, ці то яшчэ хто. Распытваюся ў камандзіра – хіба праўда, што тут нейкія натаўцы? Той кажа: “Сергійку, іды сюды!..” Выходзіць цемнаскуры хлопец і прыгожай, вельмі пісьменнай украінскай мовай тлумачыць: я, маўляў, са Львова, мой бацька афрыканец, маці ўкраінка, такі я чарнявы і нарадзіўся… Больш ніякіх цемнаскурых за сваё жыццё на Луганшчыне не бачыў. Але ж таго львоўскага цемнаскурага хлопца было дастаткова, каб у нас загаварылі пра цэлыя натаўскія батальёны з НАТА і ЗША…

Каму ведаць пра натаўскіх наёмнікаў на Данбасе, калі яны там ёсць, як не луганскім журналістам?

Андрэй Шапавалаў, дырэктар севенраданецкай філіі луганскага тэлеканала “ЛОТ”, адрэагаваў на маё пытанне вельмі эмацыйна:

— Вы сур’ёзна? Палякі, негры і натаўцы? Вы іх не бачылі? Вось і я не бачыў… Трымценне нейкае! Я разумею, што гэта распаўсюджваюць расейскія тэлеканалы. Мне гэта вельмі нагадвае інфармацыйную “фішку”, папулярную ў Луганску: “Сёння да вас едзе са Львова сорак аўтобусаў з правасекамі, якія будуць забіваць вашых дзетак і піць вашую крывю. Ну, як не сёння, то заўтра, будуць абавязкова…” Нарэшце, яны дачакаліся сорак аўтобусаў са сваімі ідыётамі, прыхільнікамі “русского мира», якія і падпалілі ўласны дом. Наконт НАТА і палякаў – трымцэнне суцэльнае кшталту “сарака аўтобусаў з правасекамі”, я нават не хачу гэта неяк каментаваць… Трымценне, трымценне і яшчэ раз трымценне!

Але ж з расейскіх прапагандысцкіх тэлеканалаў, якія транслююцца ў тым ліку і на Беларусь, трымценне пра “польскіх і амерыканскіх карнікаў” льецца штодня. А спажыўцы тае прапаганды пераказваюць гэтае трымценне адзін аднаму, і радуюцца на яго, бы на сваё ўласнае.

* * *

Пасёлак Шчадрышчава пад Севераданецкам, дзе, паводле расейскіх медыя, дыслакуюцца крывавыя галаварэзы з НАТА. Ніводнага вайскоўца з НАТА не зафіксавана.

Пасёлак Шчасце непадалёк ад пазіцый ЛНР, дзе таксама нібыта шчыруюць “польскія наёмнікі”. Мажліва, гэта і ёсць “польскія наёмнікі”, якія пераапрануліся ў мясцовых бабак.

Фота 1-3 — аўтара, Фота 4-6 публікуюцца з дазволу Упраўлення Камунікацыі і прэсы Міністэрства абароны Украіны.

У кожны аўторак і чацвер на хвалях Беларускага Радыё Рацыя ў 08:50 і 17:50 (паводле беларускага часу) слухайце перадачы Уладзіслава Ахроменкі, прысведчаныя   падзеям на Усходзе Украіны. У наступнай, апошняй перадачы гэтага цыкла ён раскажа пра тое, як украінскія патрыёты з прыфронтавых гарадоў і вёсак бачаць бліжэйшую будучыню Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя