Справа 1919-1937 г. “З жыцця былога начальніка гомельскай ЧК”
Сярод пытанняў, якія непазбежна ўзнікаюць падчас вывучэння архіваў былога КГБ, ёсць і такое: чаму ў НКВД так рэгулярна мянялася кіраўніцтва?
Нашто было, напрыклад, расстрэльваць наркама таварыша Ягоду, каб на яго месца паставіць таварыша Яжова, каб потым расстраляць і яго, а наркамам НКВД зрабіць таварыша Берыю? Хіба наркам НКВД БССР таварыш Берман, быў не такім палымяным чэкістам, як таварыш Наседкін, які і прыйшоў у беларускае НКВД на змену расстралянаму ворагу Берману? А таварыш Цанава змагаўся з нацыяналістамі і іншымі здраднікамі не так самааддана, як выкрыты фашыст і шпегун Наседкін?
Адказы на гэтае “нашто?” даюць вывучэнне біяграфій кіраўнікоў беларускай Дзяржбяспекі.
* * *
Таварыш Усевалад Апалонавіч Баліцкій вылучаўся з бясконцага шэрагу неадукаваных і малапісьменных чэкістаў хаця б тым, што вучыўся ва ўніверсітэце. Нягледзячы на хібы буржуазнай адукацыі, Усевалад Апалонавіч меў рэпутацыю палымянага бальшавіка. У 1919 годзе таварыш Баліцкі пацьвердзіў гэтую рэпутацыю ў Гомелі, куды яго прыслалі начальнікам мясцовай ЧК.
Уяўленне пра чэкістаў часоў Дзяржынскага як пра рыцараў рэвалюцыі, “з вачыма добрымі, крыху стомленымі” наскрозь ілжывае. Людзі ў чорных скуранках мала чым адрозніваліся ад рэзнікаў, пра што і сведчаць дакументы з гомельскай “надзвычайкі”.
Вось як выглядаюць справаздачы толькі за адзін тыдзень:
СВЕДЕНИЯ
О ДВИЖЕНИИ И ВЫНЕСЕНИИ ПРИГОВОРОВ РЕВОЛЮЦИОННЫХ ТРИБУНАЛОВ ПРИ РЕВВОЕНСОВЕТЕ ГОМЕЛЬСКОГО УКРЕПЛЕННОГО РАЙОНА
Дел, переданных следкомом Гомельского Ревтрибунала — 105
Дел от Гомельского Ревтрибунала — 8
Поступило разных новых дел — 13
ИТОГО 126
Разобрано дел — 28
Смертные приговоры вынесены — по 16 делам
Расстреляно — 33 человека
Таварыш Баліцкі любіў выносіць смяротныя прысуды і любіў расстрэльваць. Але “утылізаваць трупы”, як казалі чэкісты крыху пазней, яшчэ не ўмеў. Расстраляных хавалі на гарадскіх могілках, але – неглыбока, проста прысыпалі зямлёю. У выніку брацкія магілы размываліся дажджамі і трупы грызлі сабакі.
Па Гомелю папаўзлі пачварныя чуткі. Знайшліся недабразычліўцы, якія паведамілі пра іх найвышэйшаму начальству ЧК, і ў выніку пра падрабязнасці гомельскіх расстрэлаў дазнаўся сам Уладзімір Ільіч Ленін. Які і распарадзіўся зняць таварыша Баліцкага з пасады начальніка гомельскага ЧК. Але зняць не за тое, што Усевалад Апалонавіч страчваў забагата, а за тое, што неналежным чынам хаваў забітых ворагаў.
Датаго ж, Баліцкі моцна перасварыўся з некаторымі гомельскімі калегамі, і ў выніку быў змушаны з’ехаць ва Украіну. Праўда, з сабою з Беларусі ён забраў самых адданых паплечнікаў, якія потым і адыгралі ў ягонай загібелі ці не галоўную ролю.
Ва Украіне кар’ера нядаўняга начальніка Гомельскай ЧК пайшла ўгару. Баліцкі паслядоўна прайшоў усе прыступкі чэкісцкай іерархіі, і ў 1934 годзе нават быў прызначаны наркамам унутраных спраў.
Тут з Усеваладам Апалонавічам і здарылася першы канфуз.
Таварыш Баліцкі вельмі любіў грошы. Чэкісцкай зарплаты яму падавалася замала. У ОГПУ структурна ўваходзіла і міліцыя, праз якую праходзіла нямала грошай, прытым – не толькі дзяржаўных, але і ад продажу канфіската. Міліцэйскае начальства, пастаўленае Баліцкім “на месцах”, таксама любіла грошы, але нават больш, чым Усевалада Апалонавіча. Нехта з некім не падзяліўся, нехта пазайздросціў і стукануў высокаму начальству.
Масква адрэагавала імгненна.
ШИФРОВКА
27 мая 1934 г.
ХАРЬКОВ, ЦК КП (б) У, т. Косиору, т. Балицкому
(…)
В связи с обнаружением в финансовом хозяйстве глав. милиции Украины крупных непорядков, выразившихся в бесконтрольном и незаконном расходовании средств, скрытия от государства, путем подложного баланса, крупных денежных средств, ЦК постановляет:
(…)
Объявить пред. ГПУ УССР т. Балицкому выговор за допущение в подчиненном ему аппарате незаконного расходования средств.
(…)
Сваю віну перад партыяй і урадам таварыш Баліцкі выкупіў бязлітаснай барацьбой з ворагамі народа: быў сталым чальцом “тройкі” (дзе ягоным паплечнікам стаў і сумнавядомы Леплеўскі, будучы Наркам НКВД БССР), уласнаручна падпісваў расстрэльныя спісы на дзясяткі тысяч людзей.
З цягам часу правіна таварыша Баліцкага забылася, і Усевалад Апалонавіч асмялеў…
НКВД фінансавалася на найвышэйшым узроўні. Акрамя савецкіх рублёй, чэкісты атрымлівалі шалёныя грошы ў валюце, пераважна ў амерыканскіх далярах, якія ішлі на фінансаванне камуністычных дзеячоў за мяжою, а таксама на аплату замежнай агентуры. Кантраляваў фінансавыя плыні асабіста Усевалад Апалонавіч.
Магчыма, Баліцкі зноў з некім не падзяліўся. Магчыма, у Сакратарыяце НКВД знайшоўся занадта прынцыповы чэкіст, які і паведаміў пра карупцыю на Лубянку. Як бы там не было, але 8 траўня 1937 года таварыша Баліцкага перавялі нібыта на павышэнне, начальнікам УНКВД на Далёкі Усход, але ўжо праз два месяцы арыштавалі і ў кайданках прывезлі на Лубянку.
Вось тут і высвятлілася шмат цікавага…
ВЫПИСКА ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА
Обвиняемого Рубинштейна Наума Львовича,
бывш. особоуполномоченного НКВД УССР
от 10 июля 1937 г.
…На кутежи и прихоти тратились огромные государственные средства. Я уже показывал о миллионном ремонте дома Балицкого и других расходах. Могу добавить, что оборудование увесилительного судна «Днепр» обошлось около 800 000 рублей. Каждая поездка обходилась в 5-6 тыс. рублей.
Дача «Хоста», дом отдыха «Дедовщина», дачи в Одессе стоили несколько миллионов, причем пропускали через них очень узкий круг лиц, почти ограниченной нашей группой.
(…)
Надо сказать, что вокруг этих дач плодилось очень много жуликов, которые также разворовывали огромные средства.
Евгеньев с Мидлиным крали вещи, продукты, вина (…) Евгеньев с «Днепра» забрал даже посуду и всякую утварь.
Для Балицкого по всем городам искали ишака. Нашли и купили за 5 000 рублей в Полтаве. В парке особняка Балицкого был устроен зоологический сад, в доме оборудованы оранжереи.
Балиций и его жена весьмя тяготели к приобретению драгоценных портативных вещей. (…) покупались дорогие картины ценой в 5 000 рублей. Сама Балицкая ходила по антикварным магазинам и покупала (…) дорогие вещи, за которые расплачивался Циклис *
——
* Супрацоўнік цэнтральнага апарата УНКВД УССР, капітан Дзяржбяспекі, давераная асоба У. Баліцкага
Ва ўсім свеце падобныя рэчы называюцца карупцыяй. Але вызнаваць маштабную карупцыю ў СССР, дзе для яе нібыта не было гістарычных перадумоваў, не выпадала. А ўжо гаварыць пра тое, што карупцыя квітнела ў НКВД, было раўназначна дзяржаўнай здрадзе.
У выніку на Баліцкага навесілі дзяжурнае для 1937 года абвінавачванне: “фашызм”, “трацкізм” і “удзел у антысавецкай змове”.
Характэрна, што ў якасці сведкаў “антысавецкай дзейнасці былога наркама НКВД, а цяпер выкрытага ворага народа Баліцкага” былі прыцягнутыя ягоныя паплечнікі, якіх ён ведаў яшчэ з часоў гомельскай ЧК. Паплечнікі з радасцю здалі былога начальніка і нават выкрылі дадатковыя дадзеныя пра карупцыю ў НКВД. Але іх гэта не ўратавала: усе яны былі расстраляныя разам з Баліцкім на палігоне “Камунарка”.
Лёс ішака, набытага для асабістага заапарка Усевалада Апалонавіча, невядомы.
Наступнікам Баліцкага стаў ураджэнец Берасця, былы наркам НКВД БССР таварыш Ізраіль Маісеевіч Леплеўскі. Але і ён па хуткім часе быў расстраляны, як вораг народа. Пры гэтым карупцыйны складнік арышту і расстрэлу Леплеўскага не меншы, чым у яго папярэдніка.
* * *
[Not a valid template]
У наступнай перадачы мы пагаворым пра тое, як у СССР фальшавалі героеў-стаханаўцаў.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 13, вопіс 1, адзінка захавання 408