Справа 1922 г. «Жанчыны ў ВЧК»



Бальшавіцкі дэкрэт пра роўныя правы мужчын і жанчын, прыняты ў снежні 1917 года, дзіўным чынам адбіўся на кадрах ВЧК, якая была створаная паводле бальшавісцкага дэкрэту таксама ў снежні 1917 года. У ВЧК пайшло працаваць багата жанчын, прытым не толькі прафесійных бальшавічак з дакастрычніцкім стажам, але і зусім нечаканых персанажаў: бандэрш з публічных дамоў, купецкіх дачок, унучак фабрыкантаў і нават выпускніц Інстытута шляхетных паненак.

Але ж асноўны кантынгент, вядома ж, складалі нядаўнія фабрычныя работніцы.

Паводле ўспамінаў сучаснікаў, менавіта жанчыны былі найбольш зацятымі прыхільніцамі «чырвонага тэрору». Жыццёвы шлях нашай зямлячкі, якія працавала ў Гомельскай і Чарнігаўскай ВЧК, упісваецца ў агульны шэраг чэкістак вельмі арганічна…

У 1920 годзе ў Чарнігаўскую ВЧК была накіраваная вялікая група беларускіх чэкістаў – “для ўзмацнення”. Прычын было багата, але ці не галоўнай было маральная разбэшчанасць чарнігаўскіх таварышаў. Дэзерцірства, п’янства, рабаўніцтва мірнага насельніцтва паплечніками “жалезнага Фелікса” былі звычайнымі справамі.

Сярод тых, каго прыслалі ў Чарнігаў з Гомельскай ВЧК, была і Антаніна Рыгораўна Бубенец.

ИЗ АНКЕТЫ ДЛЯ СОТРУДНИКОВ ЧК

Антонина Григорьевна Бубенец

Год и место рождения: 1898 г., Гродненская губ., Мало-Берестовицкая воласть.

Профессия: не имеет.

Семейное положение: замужем.

Какими языками владеет: белорусским и немного польским.

Социальное происхождение: крестьянка-работница.

Образование: закончила Мало-Берестовицкую сельско-приходскую школу.

Работала ли в органах ЧК: Гомель, следователь Особого Отдела Юго-Западной ж/д.

Партийность: коммунистка с 1916 г., членский билет 159110

Какую работу вела в партии: организатора-агитатора.

 

У чым палягала новая праца Антаніны Рыгораўны Бубенец, у «асабовай справе супрацоўніка ВЧК» напісана няшмат. Дый назвы чэкісцкіх аддзелаў, дзе тая Антаніна Рыгораўна працавала, мало што скажуць недасведчанаму чалавеку.

Але ў архівах былога КГБ захаваліся ўспаміны самой Бубенец, дзе яна шчыра распавядае пра нялёгкую чэкісцкую працу.

СБОРНИК УКГБ ПО ЧЕРНИГОВСКОЙ ОБЛАСТИ «ВОСПОМИНАНИЯ БЫВШИХ СОТРУДНИКОВ ЧЕРНИГОВСКОГО ГубЧК – ГПУ – НКВД”

В Черниговской ГубЧК я работала на разных должностях, начинала с пом. уполномоченного в отделе по борьбе с контрреволюцией и бандитизмом и кончила пом. начальника отдела по борьбе с бандитизмом.

Через мои руки прошло много интересных и сложных дел, по которым Коллегией были вынесены соответствующие приговоры (…)

 

Згадкі ветэрана ГубЧК пра “бандытызм” вымагаюць тлумачэння. “Бандытамі” у ВЧК называлі не столькі крымінальнікаў, колькі ўдзельнікаў розных паўстанцкіх руках. Напачатку 20-х гадоў у людзей было багата прычынаў браць у рукі зброю: рабаўнічая “харчразвёрстка”, падчас якой у сялянаў выграбаліся ўсё збожжа, свавольствы прысланых з Расеі камісараў, русіфікатарская палітыка.

Большасць удзельнікаў тых паўстанцкіх атрадаў, якія ў ВЧК называліся “палітбандамі”, вынішчаліся ці ў баях, ці па расстрэльных прысудах. Рэпрэсаваліся і тыя вяскоўцы, якія выказвалі “палітбандытам” хоць нейкія сімпатыі. І толькі ў нешматлікіх выпадках расстрэлы для такіх замяняліся турмой ці канцлагерам…

В ГубДопр

Сообщается для сведения, что начало срока наказания по Ичнянскому делу к расстрелу, коим срок наказания заменен срочным заключением, считать (…) Стрелковой, Кирдану Григорию, Кнышу Евгению, Тимошину, Москаленко, Камышному, Павленко, Скубану, Балабаю (…)

Антаніна Бубенец згадвае пра сваю працу ў ВЧК шчыра і непасрэдна:

СБОРНИК УКГБ ПО ЧЕРНИГОВСКОЙ ОБЛАСТИ «ВОСПОМИНАНИЯ БЫВШИХ СОТРУДНИКОВ ЧЕРНИГОВСКОГО ГубЧК – ГПУ – НКВД”

Я вела исключительно следственную работу по контрреволюционным и бандитским делам (…) Приходилось принимать участие в обысках и арестах, а также ўчаствовать в операциях по ликвидации банд.

(…)

Коллегия ЧК и ГПУ состояла из людей, не имевших, как и я, специальной подготовки для работе в этих органах. В основном это были рабочие и крестьяне-бедняки, направленные для работы партийными организациями…

(…)

Я работала, как и весь коллектив, с максимальной отдачей, как того требовала обстановка. Количество дел, находившихся ў меня в производстве, т. е. характер совершенных преступлений, требовал быстрого раскрытия…

(…)

 

У 1923 годзе Антаніна Рыгораўна Бубенец перайшла на падвышэнне – стала чальцом Рэвалюцыйнага трыбуналу.

Характэрная акалічнасць: калі ў асабістай справе ВЧК у Антаніны Бубенец напісана “Беларуска”, то з 1927 года ва ўсіх дакументах яна пазначаная, як “русская”.  Магчыма, праца ў “органах” не спрыяла пачуццю нацыянальнай годнасці. Магчыма, ёй не хацелася быць адной з тых, каго савецкая ўлада называла “нацмэнамі”. А, можа быць, нядаўняя чэкістка палічыла, што змена нацыянальнасці паспрыяе службовай кар’еры?

Ветэран ВЧК Антаніна Рыгораўна Бубенец шчасліва перажыла і шматлікія партыйныя “чысткі”, рэпрэсіі супраць старых бальшавікоў, і Вялікі Тэрор, і Другую Сусветную вайну. Яшчэ ў сямідзесятыя гады яна, у статусе “пенсіянера саюзнага значэння”, яна славіла з трыбун Камуністычную партыю і вучыла піянераў і камсамольцаў, як ім трэба любіць Савецкую Радзіму.

СБОРНИК УКГБ ПО ЧЕРНИГОВСКОЙ ОБЛАСТИ «ВОСПОМИНАНИЯ БЫВШИХ СОТРУДНИКОВ ЧЕРНИГОВСКОГО ГубЧК – ГПУ – НКВД”

Годы работы в ЧК и ГПУ я считаю лучшими годами своей жизни. Когда я пришла работать в ЧК, у меня никакой подготовки не было, даже приличной грамотности (…) Я училась, как нужно работать и распознавать врага.

 

Ці супрацоўнічала яна з органамі Дзяржбяспекі пасля афіцыйнага звальнення з ВЧК? Безумоўна, так. Бо чэкіст не можа быць “былым”, як не можа быць “былою” і прастытутка.

У наступнай перадачы вы дазнаецеся пра карказломную гісторыю знакамітай гомельскай кантрабандысткі.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “893-ОС”