Справа 1933 г. “Антысавецкія паўстанцы ўкраінска-беларускага сумежжа”



Падчас татальнай калектывізацыі пачатку трыццатых нават тыя сяляне, якія дэманстравалі прыхільнасць бальшавікам, усё адно кваліфікаваліся імі, як “патаемныя ворагі Савецкай улады”. І гэта не дзіўна. Сур’ёзны селянін па сваёй сутнасці – уласнік, мэта якога заможная гаспадарка, добрая хата, дагледжаны падворак. Хіба такі пагадзіцца аддаць у калгас сваё майно дзеля эфімернай светлай будучыні?

Большая частка сялянаў супраціўлялася калектывізацыі пасіўна. Але ж знаходзіліся і такія, якія нават у трыццатыя гады сыходзілі ў лясы і вялі супраць Саветаў партызанскую барацьбу.

У тым ліку – і ва ўкраінска-беларускім сумежжы.

Калектывізацыя ва ўкраінска-беларускім сумежжы праводзілася надзвычай жорстка. Практычна ўсіх вяскоўцаў запісвалі ў калгасы з мусу, а тых, хто адмаўляўся, у адміністрацыйным парадку высылалі на Поўнач, прытым майно іх усё адно канфіскоўвалася. Аднак нават на Поўначы месца для шматлікіх “ворагаў Савецкай улады” бракавала. І тады ГПУ прыдумала методу “абмену кулакамі”: “раскулачаных” з Гомельшчыны масава высылалі на Чарнігаўшчыну і наадварот.

Была, аднак, невялічкая катэгорыя заможных сялянаў, якім дазвалялі не ўступаць у калгасы ў абмен на вялікі падатак. Адным з такіх быў Фёдар Півень – жыхар вёсцы Бязуглаўка Сноўскага раёна Чарнігаўшчыны, што блізка беларускай мяжы. У 1931 годзе ён не змог сплаціць дзяржаве падатак, за што атрымаў тэрмін у паўтары гады лагероў, але ж паспеў уцячы ў лес і арганізаваў там узброены атрад супраціву.

Фёдара Піўня, па мясцовай традыцыі, адразу абвесцілі “бацькам” і “атаманам”. Па хуткім часе да яго пацягнуліся незадаволеныя сяляне.

ИЗ ПОКАЗАНИЙ ОБВИНЯЕМОГО ТЕРЕХОВИЧА

(…)

12 мая 1932 года, находясь в лесу в числе 5 человек, при 3 винтовках и одном обрезе, Пивень Ф. Ф. рассказал нам о том, что в село Елино для присоединения к нам вышло восемь человек. Вечером 13 мая мы (…) под руководством Пивня пошли в леса. По направлению к селу мы заметили, что верхом на лошади ехал Секретарь сельсовета Моисеенко. Пивень предложил его убить и мы открыли по нему стрельбу

(…)

Спачатку партызанскі атрад Фёдара Піўня дзейнічаў паспяхова. Паўстанцы стралялі савецкіх актывістаў, прысланых пераважна з Расеі, а таксама супрацоўнікаў ГПУ, якіх люта ненавідзелі. Але ніякіх стратэгічных планаў Півень і яго людзі не мелі.

ИЗ ПОКАЗАНИЙ ОБВИНЯЕМОГО МАКЛАКА

(…)

Пивень говорил, что нам пора приступать к делу и убивать представителей власти, и что в первую очередь нам надо убить председателя сельсовета Тищенко, секретаря сельсовета Моисеенко и уполномоченного по хлебозаготовкам (…), из-за которого мы и скитаемся по лесу

(…)

Адсутнасць прадуманай стратэгіі разумеў не толькі Фёдар Півень, але і ўдзельнікі яго атраду. Для паляпшэння настрою паўстанцаў “бацька-атаман” прыдумляў самыя неверагодныя навіны. У 1932 годзе, сідзячы ў лесе, праверыць іх было немажліва…

ИЗ ОБВИНИТЕЛЬНОГО ЗАКЛЮЧЕНИЯ

(…)

Пивень распространял провокационные слухи о том, что под Гомелем уже идут бои, что иностранные державы интервируют СССР и для поддержания интервентов надо творить беспорядки – убивать представителей власти и активистов села

(…)

Налёты на сельсаветы, аддзелы міліцыі і хаты бальшавіцкіх актывістаў тым часам працягваліся.

ИЗ ЗАКЛЮЧИТЕЛЬНОГО ПОСТАНОВЛЕНИЯ СНОВСКОГО ГПУ

(…)

В ночь 17 апреля 1932 г. выстрелом из огнестрельного оружия в ногу был ранен предсельсовета с. Безугловка Тищенко Илья

Весной 1932 г. указанная бандгруппа, явившись ночью во двор гр. села Безугловки, Удода Никиты (…) обстреляло его помещение, пытаясь убить его за то, что он как активист принимал участие в бригаде в сельсовете по изъятию у кулаков коров, назначенным к мясозаготовкам

(…)

Савецкая ўлада адрэагавала на паўстанцаў імгненна: справу ўзяў на кантроль начальнік украінскага ОГПУ Ізраіль Маісеевіч Леплеўскі. Атрад Піўня быў абвешчаны “палітычнай бандай”, на яго пошукі выправілі зводны атрад чакістаў з Кіева, Чарнігава і Гомеля. Але ж злавіць інсургентаў не выпадала: украинска-беларускае сумежжа – край лясных гушчароў і непраходных балотаў.

Пасля безвыніковых спробаў зліквідаваць партызанаў чэкісты цалкам выпалілі балоты, дзе тыя хаваліся. Частка паўстанцаў патрапіла ў палон, але сам Фёдар Півень разам з пляменнікам Андрэем уцяклі ў Гомель.

У Гомелі “бацька-атаман” уладкаваўся на чыгунку, дзе і пачаў асцярожна зандаваць настроі рабочых і сялянаў, песцячы думку пра чарговы паўстанцкі атрад. Са следчай справы невядома, ці атрымалася ў Фёдара Піўня арганізаваць такі атрад, але ж праз год ён быў выкрыты ў Гомелі агентамі тамтэйшага ГПУ.

ХАРЬКОВ ГПУ ЛЕПЛЕВСКОМУ

СКРЫВАВШИЙСЯ В ТЕЧЕНИИ ГОДА АТАМАН ЛИКВИДИРОВАННОЙ СНОВСКОМ РАЙОНЕ БАНДЫ ПИВЕНЬ ФЕДОР ЯВЛЯЮЩИЙСЯ РУКОВОДИТЕЛЕМ ПОВСТАНЧЕСКОЙ ОРГАНИЗАЦИИ АРЕСТОВАН ГОМЕЛЕ

(…)

Частка арыштаваных паўстанцаў пагадзілася сведчыць супраць “бацькі-атамана”, частка адмовілася. Зрэшты, і допыты, і сведчанні, і нават следства былі фармальнасцю…

ИЗ ОБВИНИТЕЛЬНОГО ЗАКЛЮЧЕНИЕ

по делу № 546 по обвинению:

Пивня Фёдора Филипповича и Пивня Андрея Ивановича

На территории Сновского и Городнянского р-нов на протяжении 1932-33 гг. оперировала политбанда, возглавляемая Пивнем Фёдором Филипповичем, совершавшая целый ряд террористических проявлений и вооруженных ограбления.

 (…)

ПОЛАГАЛ-БЫ:

Следственное дело № 546 по обвинению Пивня Фёдора Филипповича и Пивня Андрея Ивановича – направить в Судебную Тройку при коллегии ГПУ УССР с ходатайством о применении к обвиняемым:

Пивня Фёдора Филипповича – высшей меры социальной защиты – РАССТРЕЛ.

Пивня Андрея Ивановича – заключение в конц. лагерь сроком на 10 лет

(…)

Составлено 27. 11. 1933 г.

г. Чернигов

Фёдара Піўня расстралялі праз тры дні пасля прысуду. Лёс Андрэя Піўня ў следчай справе не прасочваецца.

Што тычыцца самога Ізраіля Маісеевіча Леплеўскага, які кіраваў пошукамі паўстанцаў, то неўзабаве пасля гэтых падзеяў ён узначаліў НКВД БССР, але праз два гады быў зноў переведзены ва Украіну, дзе стаў тамтэйшым наркамам. У 1938 годзе Леплеўскі быў абвешчаны “ворагам народа” і расстраляны.

* * *

У наступнай перадачы вы дазнаецеся, як Савецкая ўлада аддзячыла ветэранаў 1-ай Дывізіі ім. Т. Касцюшка, якія ваявалі на баку Чырвонай арміі ў 1943-1945 гадах.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “8608-ОФ”