Справа 1934-1937 гг. Даносы па-прафесарску: 177 расстраляных і адпраўленых у лагеры



Здараецца, што вучань піша даносы на настаўніка. Здараецца, што настаўнік піша даносы на вучня. А здараецца, што пісаць даносы згодныя абодва, а ўжо хто стане бязвіннай ахвярай, залежыць толькі ад таго, хто напісаў першым…

У трыццатыя гады даносы пісалі ўсе і на ўсіх: пралетарыі на інтэлігенцыю, інтэлігенцыя на калгаснікаў, калгаснікі на пралетарыяў і нават дзяды на ўнукаў. Але, акрамя стыхійных даносчыкаў-энтузіястаў, у ОГПУ-НКВД былі і адмыслова завербаваныя і падрыхтаваныя агенты. Такія агенты шчыравалі сярод усіх сацыяльных групаў, але найцікавейшымі для Дзяржбяспекі станавіліся, па-першае, людзі адукаваныя і культурныя, а па-другое – тыя, хто меў шырокія сувязі сярод іншых адукаваных і культурных.

* * *

У 1937 годзе ў НКВД распачалася чарговая чыстка апарата; гэтым разам арыштоўваліся кадры апальнага наркама Мікалая Яжова. Асабістыя справы орагаў, якія “па заданні фашысцкіх выведак пракраліся ў НКВД”, вывучалі звышдбайна. У поле зроку чэкістаў трапляла і агентура, да якой “ворагі” мелі хаця б ускоснае дачыненне.

Сярод тае агентуры трапляліся самыя розныя людзі, у тым ліку – адукаваныя, культурныя і інтэлігентныя.

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

9 августа 1937 г.

(…)

ИЗ СПРАВКИ НКВД

Летом 1934 г. по одному (…) делу нужен был весьма солидный агент (…)

В качестве кандидата на такого агента мною был подыскан Давиденко Фёдор Константинович, член КпбУ, профессор социально-экономических дисциплин (…) В ноябре месяце я дважды имел беседу с ним и с санкции бывш. нач. ИНО ГПУ т. Карелина привлек его к секретному сотрудничеству.

До использования Давиденко Ф. по делу решил проверить его на внутренней работе по троцкистам и (…) националистам, среди которых он имел огромные связи (…)

Первые серьезные материалы о троцкистах (…) мною были получены от Давиденко в ноябре 1934 г. (…) В декабре 1934 г. мною от Давиденко были получены еще более обширные материалы о связях арестованных тогда СПО троцкистов (…)

На добры розум, універсітэцкі прафесар па вызначэнні мусіў мець да даносаў прыродную грэблівасць. Тым больш, што прафесар, ды яшчэ сацыяльна-эканамічных дысцыплін, напэўна ведаў, што “вялікія матэрыялы”, якія ён пастаўляў чэкістам, скончацца для фігурантаў лагернымі тэрмінамі і расстрэламі.

Але матэрыялы тыя пастаўляліся рэгулярна, бы каласы ў калгасную снопавязалку.

ИЗ СПРАВКИ НКВД

(…)

В результате полуторогодичной работы с Давиденко он дал материалы на 75 видных троцкистов (…) Подавляющее большинство этих лиц к теперешнему времени арестовано за к.-р. троцкистскую работу.

Параллельно с этим, за это же время, Давиденко представил на 102 человека видных (…) националистов, из которых значительная часть арестована СПО и б. Особым отделом, куда направлялись эти материалы для реализации.

(…)

На каго той Давідзенка даваў матэрыялы? У “даведцы НКВД” прыводзіцца ўвесь спіс людзей, арыштаваных з ягонай падачы. У графе “пасада” чытаем: “студэнт”, “выкладчык”, “прафесар”, “рэктар”, “навуковы супрацоўнік”, “музейны супрацоўнік” і нават “філосаф”.

І даносы, як высвятлілася, пісаліся не задарма…

ИЗ СПРАВКИ НКВД

(…)

НАЧАЛЬНИК ОТДЕЛЕНИЯ 3 ОТДЕЛА НКВД СТ. ЛЕЙТЕНАНТ ГОСБЕЗОПАСНОСТИ КИСЕЛЕВ: Я ответил Кацнельсону, что помогаю материально Давиденко (платил ему 200 рублей в месяц) и помог устроить его жену на службу. Он имеет прожиточный минимум и я не думаю, чтобы он был озлоблен. Наоборот, он удовлетворен, что я с ним имею деловые отношения и морально его поддерживаю

(…)

Усяго, здгодна энкавэдэшнай даведкі, прафесар Фёдар Канстанцінавіч Давідзенка, больш вядомы органам па агентурнай мянушцы “Аспірант”, толькі за 1934-1937 гады выправіў у расстрэльныя падвалы і ў лагеры 177 чалавек. Абсалютная большасць тых крымінальных справаў была шытая белымі ніткамі: для таго, каб асудзіць фігуранта да вышэйшай меры пакарання ці да стандартнага лагернага тэрміну, Дзяржбяспецы было дастаткова аднаго толькі “сігналу”.

Рэвалюцыйная пільнасць “Аспіранта” (падмацаваная штомесячнай аплатай у 200 рублёў) не засталася па-за ўвагай органаў; Давідзенка атрымаў мажлівасць выезду ў капіталістычнае замежжа – тое, пра што шэраговы савецкі грамадзянін у трыццатыя гады нават марыць не мог…

ИЗ ХАРАКТЕРИСТИКИ АГЕНТА «АСПИРАНТ»

(…)

После тщательной проверки личности Давиденко и проверки на внутренней работе, его можно будет использовать по делу «Ставка» для посылки с «Лебедем» за кордон.

Брат Давиденко – Давиденко Григорий, работает по нашему делу «Т-3» в Каменце, компрометирующие материалы на него отсутствуют.

Очередное свидание с «Аспирантом» 28.02. с. г. в 21 час.

Натуральна, паўстае пытанне: а ці была энкавэдэшная агентура сярод тых жа студэнтаў прафесара Давідзенкі, а таксама выкладчыкаў і іншых калег?

Вядома ж, была. І, напэўна, агентура тая таксама пісала на Давідзенку даносы. Але даносы агента “Аспіранта” падаліся чэкістам куды больш аргументаванымі. Бо пісала іх культурная, адукаваная і вельмі пільная асоба, з новай гістарычнай фармацыі, якая называлася “савецкая інтэлігенцыя”.

* * *

У наступнай перадачы мы прыгадаем адстаўку Першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Сяргеевіча Хрушчова, а таксама дазнаемся, як рэагавалі на тую адстаўку шэраговыя савецкія людзі.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 5, адзінка захавання 57486-“ФП”

Сучасны расейскі плакат скарыстаны ў якасці ілюстрацыі