Справа 1936 г. «Савецкія чэкісты супраць антысавецкіх анекдотаў»



Першыя антысавецкія анекдоты з’явіліся амаль адразу пасля перамогі савецкай улады. Народная творчасць драчовым напільнікам прайшлася і па Леніне з Троцкім, і па Сталіне з Калініным. І толькі ў пазнейшыя часы шэраг фальклорных персанажаў папоўніўіся Мікітам Сяргеевічам Хрушчовым з ягонай кукурузай і Леанідам Ільічом Брэжневым з яго «Дарагія таварышчы!»

Найбольш ўважлівымі слухачамі антысавецкіх анекдотаў у Савецкім Саюзе былі чэкісты, якія і ацэньвалі дасціпнасць апавядальнікаў згодна Крымінальнага кодэкса…

Загадкавае забойства папулярнага савецкага дзеяча Сяргея Кірава 1 снежня 1934 г. спарадзіла шматлікія чуткі пра датычнасць да гэтага злачынства таварыша Сталіна. Па хуткім часе з’явіліся з’едлівыя анекдоты пра гэтае забойства і нават такая частушка: «Ах огурчики, помидорчики, Сталин Кирова убил в коридорчике».

Гэтую частушку ўсярэдзіне 30-х гадоў ведалі ўсе. А некаторыя нават пераказвалі яе сябрам і незнаёмым.

Пра што потым вельмі і вельмі шкадавалі…

* * *

Непадалёк мястэчка Любеч, што на самай украінска-беларускай мяжы, ёсць вёска Неданчычы. У 30-я гады ў школе Неданчычаў працаваў настаўнікам Максім Адамавіч Блоцкі. Этнічны беларус, ураджэнец Слонімшчыны, ён настаўнічаў там амаль пятнаццаць гадоў. Блоцкага любілі вучні і паважалі вяскоўцы, а ў начальства ён быў у вялікім аўтарытэце.

Магчыма, Максім Адамавіч крыху пераацаніў свой аўтарытэт – інакш чаму б ён узяўся цытаваць у настаўніцкай злабадзённы вершык «ах огурчики, помидорчики»?

Сярод тых, хто слухаў Блоцкага, быў малады настаўнік і палымяны камсамолец Фёдар Губар. Ён выслухаў старэйшага калегу, ветліва ўсміхнуўся, пасля чаго адразу пабег у НКВД.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

свидетеля Губаря Федора Петровича

6 сентября 1936 г.

ВОПРОС: Что вам известно об антисоветской деятельности Блоцкого Максима Адамовича?

ОТВЕТ: Знаю Блоцкого, как антисоветскую личность. Блоцкий всегда стремился дискредитировать вождей партии и правительства, распространял о них всякого рода слухи. Не помню, какого точно числа, Блоцкий говорил: «Вот они, вожди, как Боги. Карла Маркса никто не видел, но он как Бог-дух, Ленин – Бог-отец, а Сталин – Бог-сын». 

(…)

А еще Блоцкий пригласил меня на день рождения, мы выпили, а он сказал по секрету, что даже селяне понимают, кто приказал убить товарища Кирова. А потом рассказал анекдот против  коммунистов.

Паважанага настаўніка арыштавалі. Акрамя традыцыйных для сярэдзіны трыццатых гадоў «трацкізму» і «антысавецкай агітацыі» на Блоцкага навесілі «паклёп на савецкія калгасы» і «дыскрыдытацыю стаханаўскага руху».

ПОСТАНОВЛЕНИЕ НА АРЕСТ

г. Любеч, 1936 г. 12 сентября

Блоцкий Максим Адамович, родился в 1885 г. в селе Любищичы Боркинской волости Слонимского уезда Гродненской губернии. Проживает в селе Неданчичи Любечского района, беспартийный,  учитель школы, несудим.

Я, начальник райотдела НКВД Векслер, рассмотрев следственный материал на гр. Блоцкого Максима Адамовича в преступлении, предусмотренного статьей 54-1 УК УССР, нашел, что произведенными следственными действиями установлено, что он агитировал против мероприятий партий и правительства, восхвалял Троцкого…

Цяпер патрабавалася як мага хутчэй дыскрэдытаваць паважанага чалавека. Начальнік мясцовага НКВД Векслер адразу ж запатрабаваў у школьнага кіраўніцтва характарыстыку на арыштанта. Школьны дырэктар правільна разумеў палітыку партыі і ўраду, і схіляць яго да патрэбнага зместу характарыстыкі нават  не выпадала.

ХАРАКТЕРИСТИКА

на бувшого завпеда Блоцького Максима Адамовича

За ввесь час роботи в Неданчицькой школі Блоцкий М. А. з роботою справлявся слабо. Зовсім не цікавився роботою молодших класів. (…) До перевірки учнівських зошитів ставився неуважно.

Директор школи П. Кудрявець

Максім Адамавіч яшчэ сядзеў у турэмнай камеры як падазраваны, а ў школе ўжо ладзіўся сход «абуранага калектыву». Вось толькі кароткі пералік таго, што патрабавалі савецкія настаўнікі-гуманісты для старэйшага калегі, з якім яшчэ нядаўна віталіся і на ўсіх святах сядзелі за адным сталом: «Расстраляць, як шалёнага сабаку!..», «Згнаіць у канцлагеры!..», «Сцерці здрадніка з савецкай зямлі!..»

Больш за ўсіх абураўся здраднікам малады камсамолец Фёдар Губар.

Але ж нават савецкі суд, які не прадугледжваў ані адваката, ані пракурорскага нагляду, выявіўся куды менш крыважэрным за савецкіх настаўнікаў…

ПРИГОВОР

именем Украинской Социалистической Советской Республики

1936 г., ноября 25 дня, гор. Чернигов, специальная коллегия Черниговского областного суда…

(…)

ПРИГОВОРИЛ

Блоцкого Максима Адамовича признать виновным по І ч. 54-10 ст. УК и подвергнуть лишению свободы в исправительно-трудовых лагерях отдаленных мест Союза ССР сроком на четыре года…

Камсамолец Фёдар Губар праз два гады быў адпраўлены на курсы павышэння кваліфікацыі ў Кіеў. Відавочна, гэты сапраўды савецкі чалавек мог зрабіць кар’еру ў якой заўгодна савецкай установе, ад Наркамату культуры да Наркамату унутраных спраў, але неўзабаве быў арыштаваны і пасля хуткага суда адпраўлены ў ГУЛАГ.

Не выключаецца, што на перасылцы ці ў лагеры Фёдар Губар мог сустракацца і з Максімам Адамавічам Блоцкім. Напэўна, ім было пра што пагаварыць акрамя анекдотаў…

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_01

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_02

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_03

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_04

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_05

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_06

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_07

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_08

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_09

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_10

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_11

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_12

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_13

2016-09-02_achromienka_na_uliku_kdb_19_14

 

* * *

У наступнай перадачы я раскажу, як савецкі чэкіст добраахвотна пайшоў у «Русскую освободительную армию» генерала Уласава і нават даслужыўся там да паручніка.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-1958”