Справа 1936 г. “Справа трацкістаў, альбо Як адны камуністы стучалі на другіх”



У трыццатыя гады слова “трацкіст” прамаўлялася ў Савецкім Саюзе з выключнай пагардай; амаль так, як падчас Другой сусветнай – слова “фашыст”. Была нават такая прымаўка: “Брэша, як Троцкі!”

Сам Леў Давыдавіч Троцкі, першы савецкі дыпламат, і фактычны стваральнік Чырвонага войска, жыў у Мексіцы, дзе займаўся курагадоўляй, пісаў мемуары і ніякім “узброеным трацкісцкім падполлем у СССР” кіраваць адтуль не мог. Але ж НКВД выкрывала памагатых Льва Давыдавіча дзясяткамі тысяч.

Найвялікшыя шанцы быць арыштаваным за “трацкізм” мелі партыйцы – асабліва з дакастрычніцкім стажам, а таксама тыя, хто ўступіў у партыю ў 20-х гадах. Следчыя справы трыццатых сведчаць, што гэтыя палымяныя бальшавікі на першым жа допыце здавалі сваіх лепшых сяброў, сваякоў і нават уласных дзяцей як “саўдзельнікаў”.

Да 1936 года наш зямляк Ануфрый Дзівяковіч не меў падстаў скардзіцца на лёс. Да рэвалюцыі ён быў і батраком, і чорнарабочым на чыгунцы, і нават асенізатарам. Чытаць не ўмеў, вучыцца не хацеў і асаблівымі талентамі не вылучаўся. Хіба што добра зарэкамендаваў сябе салдатам падчас Першай сусветнай.

Але ў 1920 годзе Ануфрый Барысавіч уступіў у партыю бальшавікоў і пачаў рабіць кар’еру: спярша ў кінавытворчасці, а пасля заканчэння Вышэйшай Кіеўскай Камуністычнай сельскагаспадарчай школы – і па партыйнай лініі. У 1935 годзе Дзівяковіч атрымаў перспектыўную пасаду намесніка дырэктара Казалецкай МТС па палітчасцы.

Праца была няцяжкай: расказваць сялянам пра перавагі савецкага ладу жыцця, а таксама арганізоўваць галасаванні, на якіх асуджаліся размаітыя “ворагі народа”, у тым ліку і трацкісты.

20 ліпеня 1936 года Ануфрый Барысавіч сам быў арыштаваны НКВД, як злосны трацкіст і арганізатар антысавецкай узброенай групоўкі.

СПРАВКА

по делу троцкиста Диваковича О. Б.

Дивакович Онуфрий Борисович, рождения 1895 г., из крестьян, уроженец деревни Казаки Дрисенского р-на БССР, член КПБ (у) с 1920 г. Работает зам. директора школы комбайнеров и трактористов с. Мрынь Носовского р-на. Постановлением обкома из партии исключен.

(…)

О существовании к-р троцкистской группировки, проводимой к-р троцкистской деятельности и своем участии в таковой Дивакович от партии скрыл.

Уполномоченный СПО

Лейтенант Государств. Безопасности – ИВАНОВ

У трыццатыя гады трацкісцкія групоўкі, выкрытыя НКВД, маглі быць толькі калектыўнымі. Колькасны паказчык і вызначаў – колькі ўзнагародаў і падвышэнняў па службе атрымаюць чэкісты. У справу Дзіваковічу адразу падшукалі напарніка – маладога камуніста Сямёна Мароза, якога прыслалі ў Казелец землямерам і з якім Ануфрый Барысавіч сябраваў.

Дзіваковіч здаў свайго сябру на першым жа допыце, прытым зрабіў гэта вельмі грунтоўна: з датамі і пратакольнымі падрабязнасцямі.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ДИВАКОВИЧА ОНУФРИЯ

От 20 июня 1936 г.

(…)

ВОПРОС: Мороза Семена Алексеевича вы знаете?

ОТВЕТ: Да, Мороза Семена Алексеевича я знаю. (…) Он член партии. (…) С приездом в район он старался дружить со мной. Впоследствии мы посещали друг друга (…) 9 июня 1936 года, в момент посещения мною квартиры Мороза (…) он задал мне вопрос: «а ведь Троцкий кое-что сделал для армии?» и получив от меня отрицательный ответ, перешел дальше. (…) 10 июня часа в 2 я застал Мороза дома. После выпивки с Зав. Райзо. Кацем, Мороз продолжил рассматривать газету «В помощь партучебе» № 16 , им же в этой газете больше всего были подчеркнуты места об оппозиции (…) Мороз предложил посмотреть папку с картинками. В папке церковные картинки, а в середине – портрет Зиновьева (…)

Рыгор Зіноўеў, былы паплечнік Леніна, лічыўся правай рукой Троцкага. 24 жніўня 1936 года ён быў расстраляны як вораг СССР. Трымаць дома яго выявы было раўназначным самагубству.

Праўду гаварыў Дзіваковіч пра свайго сябру Мароза ці не, невядома, але ж яго сведчанні на допыце былі раўназначныя даносу.

Далей – болей:

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ДИВАКОВИЧА ОНУФРИЯ

от 20 июня 1936 г.

ВОПРОС: За время дружбы с Морозом приходилось ли слышать от него контрреволюционные разговоры?

ОТВЕТ: Приблизительно в первых числах июня, находясь в квартире Мороза, он рассказывал мне один анекдот явно контрреволюционного содержания…

(…)

Следства было на правільным шляху, але ж двое сябрукоў-камуністаў відавочна не цягнулі на разгалінаваную трацкісцкую групоўку. І тады чэкісты згадалі ўвесь казелецкі партактыў.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ДИВАКОВИЧА ОНУФРИЯ

от 27 июня 1936 г.

ВОПРОС: Расскажите подробно о деятельности троцкистской группировки, участником которой вы являетесь?

ОТВЕТ: Как я уже дел показания (…) вокруг троцкиста Мороза была создана троцкистская группировка из числа некоторых обиженных членов партии (…) В эту группировку входили Мороз, я, Тарануха, Кац и первое время секретарь райкома комсомола Мельникова.

(…)

Троцкистская группировка проводила свою троцкистскую деятельность, а именно: сеялось недовольство против районного партруководства, среди отдельных членов партии путем проведения антипартийных разговоров.

Такім чынам, у трацкісцкай групоўцы было ўжо пяць чалавек, якіх таксама мелася дапытаць: а мо яшчэ хто ў мястэчку спачувае трацкістам?

Пакуль НКВД распрацоўвала камуністаў, якіх можна было яшчэ пасадзіць, бальшавіка Ануфрыя Дзіваковіча было вырашына скарыстаць у якасці ўнутрыкамернага правакатара.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ОБВИНЯЕМОГО ИЛЬКЕВИЧА АЛЕКСАНДРА НИКИТИЧА

от 9 августа 1936 г.

ВОПРОС: Вами на имя начальника Черниговского НКВД было подано заявление (…) о контрреволюционных проявлениях находящихся с вами в одной камере троцкистах Баранова и Диваковича. Расскажите подробно следствию по существу поданного вами заявления.

ОТВЕТ: 10 июля ко мне в камеру был посажен Баранов, а 28 июля – Дивакович, которые не скрывали передо мною, что они арестованы за контрреволюционную троцкистскую деятельность (…) Дивакович определил роль т. Сталина буквально в тех выражениях, которые я изложил в своем заявлении.

Лаянка ў адрас таварыша Сталіна з вуснаў Ануфрыя Барысавіча, на якую паскардзіўся арыштант Ількевіч, не павінна нікога ўводзіць у зман: Дзіваковіч такім чынам правяраў, ці знойдуцца ў камеры тыя, хто яго падтрымае.

Тым часам ударнікі чэкісцкай працы ўжо вызначылі, каго запішуць у контррэвалюцыйную групоўку. І перадалі справу ў суд.

Дзіваковіч, нягледзячы на свае ўзорныя, з пункту гледжання НКВД, паводзіны, атрымаў дзесяць гадоў – як, зрэшты, і Мароз, супраць якога ён сведчыў. Астатнія чацьвёра фігурантаў адграблі па пяць гадоў, хаця на следстве катэгарычна адмаўлялі сваю віну.

У НКВД трацкістам прыплялі і тэрарыстычныя намеры, і пошукі зброі, і нават абсалютна фантастычнае злачынства…

ИЗ ОБВИНИТЕЛЬНОГО ЗАКЛЮЧЕНИЯ

от 31 марта 1937 г.

(…)

Дивакович Онуфрий Борисович, уроженец дер. Казаки, Дриссинского р-на БССР (…)

Являлся участником контрреволюционной террористической организации, осуществившей 1 декабря 1934 г. злодейское убийство т. Кирова.

(…)

І Мароз, і Дзівакевіч паслухмяна адседзілі свае тэрміны і вярнуцца з ГУЛАГа. Абодва яны бедавалі, і толькі пасля смерці Сталіна падалі на перагляд справы. І тут пачалося самае цікавае…

У хрушчоўскім КГБ, куды абодва звярнуліся па рэабелітацыю, знайшліся гумарысты, якія і агучылі “трацкістам” узаемныя даносы: камуніста Мароза на камуніста Дзіваковіча, а камуніста Дзіваковіча – на камуніста Мароза. Рэакцыя старых камуністаў была практычна аднолькавай: “Нас прымусілі гэта зрабіць! І ўвогуле – час быў такі!..”

Са следчай справы вынікае – ніхто і нікога не прымушаў пісаць даносы. Як і не прымушаў станавіцца ўнутрыкамерным правакатарам.

А што тычыцца часу – ён заўсёды “такі”, а не нейкі іншы.

 

* * *

У наступнай перадачы я раскажу пра тое, як нават Першы падзел Рэчы Паспалітай у 1772 годзе мог стаць прычынай арышту і турмы.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-3117”