Справа 1937 г. «Дзесяць гадоў лагераў за неразуменне палітычнага моманту»



Практычна ўсе «ворагі народа» адразу пасля абвяшчэння смяротных прысудаў не толькі ліквідаваліся фізічна, але і выціраліся з памяці. Іх прозвішчы замазваліся на старонках даведнікаў і энцыклапедый, партрэты ў школьных падручніках густа заліваліся атрамантам, а фотаздымкі партыйных правадыроў, на якіх трапляліся чарговыя выкрытыя “ворагі”, дбайна рэтушаваліся.

Падобным рэдагаваннем займаліся і шараговыя савецкія грамадзяне. Калі ўначы іх суседа ці сваяка забіралі ў НКВД, усе ягоныя здымкі ў сямейных альбомах звычайна знішчаліся, а нататнікі з прозвішчам «ворага» апрацоўваліся манікюрнымі нажніцамі.

На тагачасным савецкім жаргоне называлася гэта «бягучым палітычным момантам». Далёка не ўсе грамадзяне маглі своечасова ўцяміць той момант, за што і плаціліся.

1 жніўня 1937 года чарнігаўскім НКВД акурат за неразуменне такога «палітычнага моманту» быў арыштаваны Канстанцін Емяльянавіч Юркевіч, шасцідзесядзевяцігадовы дзядок, які працаваў на чыгунцы цесляром.

АНКЕТА АРЕСТОВАННОГО

Юркевич Константин Емельянович, 1879 г. р., уроженец села Чаплинцы Краснослободского р-на БССР, из крестьян, беспартийный, белорус, на военном учете не состоит.

Юркевич Константин Емельянович на протяжении 1936 года и до настоящего времени среди рабочих и служащих ж-д транспорта систематически проводит к.-р. агитацию, направленную на компрометацию политики партии и Советского правительства.

Для свайго ўзросту Канстанцін Емельянавіч быў даволі прасунутым: ён не толькі рэгулярна чытаў газеты, але і пераказваў прачытанае сябрам і проста знаёмым. Але ж інтэрпрэтаваў прачытанае без разумення «бягучага палітычнага моманту».

Не варта і казаць, што сярод сяброў і проста знаёмых Канстанціна Емельянавіча знайшлося колькі людзей, якія выслухалі тыя пераказы газетных артыкулаў, падзяквалі за цікавосткі, пасля чаго навыперадкі кінуліся ў НКВД з даносамі. Прытым у тых даносах, як і мае быць, яшчэ і набрахалі з тры кораба…

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

обвиняемого Юркевича от 6 августа 1937 г.

(…)

ВОПРОС: Вы обвиняетесь в проведении контрреволюционной деятельности. Расскажите об этом следствию.

ОТВЕТ: Никакой контрреволюционной деятельности я не проводил.

ВОПРОС: Лжете! Вот показания свидетеля Булацен от 16 июля 1937 г. «Юркевич сказал – Литвинов выезжает за границу, там он одевает цилиндр и у него другие настроения, другое общество, где он себя чувствует иначе» (…) Это вы подтверждаете?

ОТВЕТ: Нет, я этого не говорил (…)

Безумоўна, малапісьменнага цесляра вельмі ўразіла, што тагачасны наркам Замежных спраў Максім Максімавіч Ліцьвінаў быў на сустрэчах з заходнімі лідарамі не ў ватоўцы і кірзавых ботах, а згодна дыпламатычнага пратаколу. Але тая ж “Правда” амаль штодня падавала карыкатуры на “міністраў-капіталістаў”, менавіта ў фраках і ў цыліндрах!

Але гэтым неразуменне “бягучага палітычнага моманту” ў Юрэвіча не вычэрпвалася…

 ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

обвиняемого Юркевича от 6 августа 1937 г.

ВОПРОС: Зачитываю вам выдержку из протокола допроса свидетеля Булацен от 17 июля 1937 г. “Юркевич сказал. Участников троцкистской группировки Плетнев, Муралов, Лифшиц и другие не расстреляют, потому что они являются видными людьми (…) и с ними должны посчитаться. Вы это признаете?

ОТВЕТ: Не помню (…)

Дзмітрый Плятнёў, персанальны доктар Леніна і Крупскай, быў арыштаваны напачатку 1937 года ў якасці трацкіста, які па заданні нямецкай выведкі атруціў Максіма Горкага. Мікалай Муралаў, стары бальшавік і былы рэктар Цімяразеўскай акадэміі, быў арыштаваны як трацкіст прыблізна ў той жа час. Згадваць пра гэтых людзей з тых часоў катэгарычна не рэкамендавалася: праз паўгода пасля арышту яны на колькі тыдняў выплывалі на ўзорна-паказальных працэсах, давалі самыя пачварныя сведчанні супраць сябе і ўсіх знаёмых, пасля чаго знікалі і фізічна, і з калектыўнай памяці.

Тактыка, якую надалей абраў на допытах Канстанцін Емельянавіч, зводзілася да адной толькі фразы: “на памятаю”.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

обвиняемого Юркевича от 8 августа 1937 г.

(…)

ВОПРОС: Расскажите о вашей антисоветской агитации в пользу разоблаченного врага народа Якира? Вы рассказывали о нем рабочим?

ОТВЕТ: Не помню…

(…)

ВОПРОС: Юркевич, вы зря упорствуете, следствию все известно. Расскажите об этом подробно.

ОТВЕТ: Никакой антисоветской агитацией я за собой не помню (…)

Зрэшты, для старога, які прайшоў і ўсю Першую сусветную, і тры гады савецкага канцлагера, і калектывізацыю, такая няпамятлівасць была даравальнай.

Згодна следчай справы, Канстанціна Юрэвіча дапытвалі ўсяго тройчы. Калі чэкісты зразумелі марнасць далейшых допытаў, то адразу згадалі пра даносчыка, сведчанні якога і павінны былі пакласці край гэтай справе.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

свидетеля Булацен Леонида Тимофеевича, 1908 г. р., техника хладотраспорта ст. Чернигов

(…)

ВОПРОС: Что вам известно о контрреволюционной агитации со стороны Юркевича?

ОТВЕТ: Мне известно несколько фактов антисоветской агитации со стороны Юркевича. Во-первых, сам Юркевич представлял себя враждебно настроенным против Советской власти, я заключаю это с того, что систематически среди рабочих и служащих высказывает в извращенном антисоветском духе те или иные антисоветские мероприятия, а также занимается антисоветской клеветой на руководящее правительство (…)

І хаця ў допыце Булацена ёсць толькі “па-першае”, а “па-другое” ён дадаць забыўся, гэтага “па-першае” было цалкам дастаткова для прысуду.

ПРИГОВОР

Именем Союза Советских Социалистических Республик

7 сентября 1937 г. линейный суд Юго-Западной железной дороги в закрытом судебном заседании (…)

ПРИГОВОРИЛ

Юркевича Константина Емельяновича подвергнуть лишению свободы сроком на десять лет.

Калі ўзяць пад увагу, што на момант прысуду Канстанціну Емельянавічу было амаль семдзесят гадоў, можна з ўпэўненасцю сказаць, што з лагера ён не вярнуўся.

* * *

Наступным разам вы дазнаецеся, як працавала за немцамі паліцыя Лоева, што ў Гомельскай вобласці, а таксама пра некаторыя старонкі асабістага жыцця начальніка тае паліцыі.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-1196”