Справа 1937 г. “Пратэстная галадоўка ў савецкай турме. Як гэта адбывалася”



Пратэстныя турэмныя галадоўкі практыкаваліся яшчэ за царскімі часамі, прытым – выключна “палітычнымі”. Самымі распаўсюджанымі прычынамі абвесціць такую галадоўку былі невыносныя ўмовы ўтрымання і свавольствы адміністрацыі. У большасці выпадкаў галадоўшчыкі дамагаліся свайго: так, Фелікс Дзяржынскі, які ў Арлоўскім цантрале абвесціў пратэстную галадоўку, змог дамагчыся змягчэння рэжыму.

Аднак галадоўка можа дасягнуць мэты толькі ў тым разе, калі пра яе становіцца вядома на волі і яна набывае розгалас. Турэмшчык можа баяцца грамадскай думкі, ці кепскага стаўлення да сваіх родных, ці ліберальнага начальства, калі такое ёсць. Калі пра галадоўку на волі не вядома – яна  заўсёды асуджаная на правал.

Трыццацівасьмігадовая Дзіна Іванаўна Цішчанка не была палітычная зняволенай. Яна займалася тым, што цяпер называюць дробным бізнэсам: закуплялася ў Гомелі кантрабанднай мануфактурай, якую вазіла ў суседні Чарнігаў, дзе мяняла на махорку, якую потым з выгодай прадавала ў Гомелі.

Але ў трыццатыя гады гэты бізнэс называўся інакш – “спекуляцыя”, і савецкі Крымінальны кодэкс ацэньваў яе адпаведным чынам.

ПРОТОКОЛ ЗАДЕРЖАНИЯ

1936 года декабря 7 дня инспектор Менской РК милиции Юрченко задержал как подозреваемую в спекуляции гр. Тищенко Дину Ивановну

(…)

Последняя задержана до выяснения ее как личности и окончания дознания.

Следства і суд над Дзінай Іванаўнай прайшли, па тагачаснай завядзёнцы, стаханаўскімі тэмпамі – за месяц і трі дні. Падчас следства высвятлілася яшчэ адна акалічнасць: Цішчанка нідзе афіцыйна не працавала, і таму атрымала максімальны тэрмін у пяць гадоў знявольвання, бо “дармаедства” у СССР таксама лічылася крымінальным злачынствам.

Асуджаная напісала касацыйную скаргу і вельмі спадзявалася на станоўчы вынік…

ПОСТАНОВА

1937 року, квітня 7 дня  м. Чернігів

Пом. Облпрокурора Похвалітов, розглянувши порядком нагляду справу Нарсуду Менського р-ну про звинувачення Тищенко Діну Івановну за 127 арт. КК та скаргу Тищенко

ЗНАЙШОВ

Вироком Нарсуду Менського р-ну від 10. 01. 1937 р. засуджено Тищенко Діну Іванівну за 127 арт. КК до п/волі терміном на 5 років за те, що остання систематично зайнялася спекуляцією мануфактури…

(…)

Виходячи з наведеного, підстав до опротестування вироку не вбачається, а тому, керуючись 360 арт КПК,

ПОСТАНОВИВ

Наглядче переведення в цій справі закрити.

ПОМ. ОБЛПРОКУРОРА              ПОХВАЛІТОВ

Дзіне Іванаўне зачыталі прысуд, прапанавалі напісаць “азнаёмлена” і адправілі ў камеру. З невядомых прычынаў асуджаную адправілі не ў ГУЛАГ, а пакінулі адбываць тэрмін у турме, дзе ўмовы заўсёды горшыя за лагерныя.

СПРАВКА НА ЛИШЕННОГО СВОБОДЫ

Тищенко Дина Ивановна

1898 г. р.,

Пункт назначения:  Чернигов, через Гомель

В какой лагерь следует: черниговская тюрьма

Кем, когда и на какой срок осуждена: н/с Менского р-на, на 5 лет по 127 ст.

Вид конвоя: усиленный

(…)

  1. 5. 1937 г.

Чарнігаўская турма, якую Дзіне Іванаўне абралі для пяцігадовага тэрміну, была следчай і не прыстасаванай для доўгага адбывання пакарання. Перанаселенасць камер, свавольства адміністрацыі, выбрыкі крымінальнікаў…

Але, галоўнае – Цішчанка катэгарычна не была згоднай з прысудам. Гамяльчане заўсёды ездзілі нешта прадаваць і купляць у Чарнігаў, а чарнігаўцы, адпаведна – у Гомель, усе мелі ад паездак нейкія выгоды, і такое ніколі не лічылася супрацьзаконным.

І ўжо праз два з паловай месяцы Дзіна Іванаўна не вытрымала…

Начальнику черниговской тюрьмы

Тищенко Дина Ивановна

Заявление

Ввиду тово, что выпили из мяня кровь без винно я считаю лишним существовать апосему я обявляю смертельную голодовку и прошу меня перевести в одиночку.

12/8. 37. Тищенко

Цяпер ужо невядома, што рабілі ў турме з тае небаракай, але такая заява відавочна была жэстам адчаю. Магчыма, Дзіна Іванаўна сапраўды вырашыла скончыць жыццё самагубствам праз галадоўку. Але, хутчэй за ўсё, яна мела надзею, што пра галадоўку дазнаецца турэмнае начальства ці нават сам абласны пракурор…

Гэтага, аднак, не здарылася. Пасля прысуду Цішчанка была ўжо адпрацаваным  матэрыялам, прытым вартасць жыцця асуджанай была не даражэйшай за місы баланды. Але ж савецкай уладзе хацелася прадэманстраваць, што яна моцна адрозніваецца ад гнілых буржуазных дэмакратый.

УГБ ЧОУ НКВД

Копия Прокурору по спецделам

Тюрьма г. Чернигова сообщает, что числящиеся содержанием за Вами Тищенко ввиду непризнания себя виновной 12. 08. 1937 г. объявила голодовку.

(…)

Из мероприятий к снятию голодовки предпринято: вызывалась к нач. тюрьмы для разъяснения вредности голодовки, сообщено спецоргану, за которой числится, и Прокурору по спецделам

НАЧАЛЬНИК ТЮРЬМЫ

Выхаваўчая размова была безвыніковай: асуджаная галадоўку не зняла. І тады турэмнае начальства зрабіла ўсё магчымае, каб інфармацыя пра галадоўку не выйшла за муры вязніцы: Цішчанку кінулі ў карцэр-адзіночку, дзе сапраўды пакінулі без ежы і нават вады.  

Начальнику тюрьмы

Объявляю голодовку сняла

Тищенко

16/8 37.

Падчас Вялікага Тэрору пратэстныя галадоўкі абвяшчалі не толькі спекулянты і дармаеды. Падобным  шляхам спрабавалі змагацца за свае правы і палітычныя вязні. Але ж ані ў следчых справах, ані ў асабістых справах зняволеных, ані ў іншых дакументах НКВД не зафіксавана ніводнага выпадку таго, што такія галадоўкі паўплывалі на рэжым утрымання ці перагляд прысудаў.

Нават у тым разе, калі б інфармацыя пра пратэстныя галадоўкі сталі б вядомыя ў савецкім грамадстве, рэакцыя абсалютнай большасці была б прыблізна такой: “Хай галадаюць і падыхаюць! Сабакам – сабачая смерць!..”

Бо амаль кожны савецкі чалавек выдатна ведаў: “савецкія органы ніколі не памыляюцца”.

* * *

У наступнай перадачы вы дазнаецеся, як у сямідзесятыя гады КГБ СССР змагалася з “варожымі галасамі”, а таксама з тымі, хто іх праслухоўваў.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-7956”