Справа 1938 г. Канвеер масавых забойстваў. Частка 2
У 1936 годзе ў Савецкім Саюзе была прынятая новая Канстытуцыя, якую прапаганда адразу назвала “сталінскай”. Паводле гэтай Канстытуцыі, грамадзянаў СССР маглі судзіць толькі судом. Асобна дадавалася, што суды незалежныя і падпарадкоўваюцца выключна закону.
Насамрэч, і да прыняцца “сталінскай канстытуцыі”, і пасля яе прыняцця сотні тысяч людзей у СССР атрымалі вышэйшую меру пакарання ці лагерныя тэрміны праз пазасудовыя рашэнні, на падставе санкцый так званых “двоек” і “троек”.
* * *
Пра тое, як у СССР запусцілі канвеер масавых забойстваў, мы распавялі ў папярэдняй перадачы. Згодна аператыўнага загаду № 00447 НКВД СССР пад каток рэпрэсій траплялі сотні тысяч людзей. Судзіць такую колькасць праз суды не выпадала; гэта б спаралізавала суды ўсяго Савецкага Саюза як мінімум на гадоў на пятнаццаць. Гэта б спаралізавала і працу турмаў – для новых арыштантаў проста не заставалася б месца. Датаго ж, усіх гэтых трацкістаў, бухарынцаў, японска-польска-германскіх шпегаў і іншых ворагаў народа трэба было карміць, паіць, ахоўваць і нават надаваць ім медычную дапамогу.
Савецкая ўлада хутка знайшла выйсце з сітуацыі.
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
Приказ Народного Комиссара Внутренних Дел СССР № 0060 от 17 сентября 1938 г.
(…)
- В целях быстрейшего рассмотрения следственных дел на лиц, арестованных в порядке приказов НКВД (…), создать при управлениях НКВД краёв и областей Особые тройки, на которых возложить рассмотрение указанных дел.
- Особые тройки образовывать в составе: первого секретаря Обкома, крайкома ВКП (б) или ЦК нацкомпартии, начальника соответствующего управления НКВД и прокурора области, края, республики
(…)
- Особые тройки рассматривают дела в отношении лиц, арестованных только до 1 августа 1938 г. и заканчивают работу в трехмесячный срок
(…)
На практыцы гэта азначала наступнае. У пэўныя дні ў начальніцкім кабінеце збіраліся трое адказных таварышаў, якім сакратар чытаў пратакол – асудзіць сто, пяцьсот ці тысячу чалавек. Адразу пасля чытанне накладалася рэзалюцыя: “расстраляць”, прытым толькі асобныя шчасліўцы атрымлівалі лагерны тэрмін. Расстрэл адбываўся цягам сутак пасля прыняцця рэзалюцыі.
Нельга сказаць, што пазасудовыя органы кшталту “троек” не працавалі ў Савецкім Саюзе раней. Першыя “тройки” з’явіліся яшчэ ў 1935 годзе; тады савецкая ўлада вырашыла не абцяжарваць сябе буржуазнымі юрыдычнымі забабонамі кшталту “адвакатуры”, “спаборніцтва бакоў”, “касацыйная скарга” ці “пракурорскі нагляд”. Але прысуды “троек” 1935 года давалі некаторыя шанцы ацалець: акрамя “расстрэлу” і “лагероў” быў прадугледжаны яшчэ адзін пункт пакарання: “высылка з СССР”.
Новыя “тройкі” былі пазбаўлены гэтай шчыліны. Усіх, хто падлягаў рэпрэсіям, проста падзялілі на дзве катогорыі, бы тое мяса на калгасным рынку. Прытым “першая катэгорыя” азначала расстрэл, а “другая” – дзесяць гадоў лагероў.
ИЗ ПРИКАЗА НАРКОМА НКВД № 0060
Особые тройки выносят приговоры в соответствии с приказом НКВД № 00485 от 25 августа 1937 года по первой и второй категориям, а также возвращают дела на доследование и выносят решение об освобождении обвиняемых из-под стражи, если в делах нет достаточных материалов для осуждения обвиняемых
Решения Особых троек по первой категории производить в исполнении немедленно.
(…)
Акрамя “троек”, былі яшчэ і “двойкі”, дзе практыка вынясення прысудаў была максімальна спрошчаная. Следчыя органы НКВД перадавалі ў Маскву падрыхтаваны спіс, на які наркам НКВД Яжоў і Пракурор Саюза ССР Вышынскі проста накладалі рэзалюцыі.
Натуральна, паўстае пытанне: колькі людзей тыя “тройкі” і “двойкі” звычайна асуджалі па “першай катэгорыі”, а колькі па “другой”?
Вось адзін з пратаколаў “двойкі” за 17 верасня 1937 года. Усе рэпрэсаваныя паходзяць з Заходняй Беларусі і цяперашняй тэрыторыі Падляшша. З 200 рэпрэсаваных 182 асуджаныя да расстрэлу, 12 – на 10 гадоў лагероў, і толькі справы на 5 чалавек вырашылі даследаваць. Але даследванні такія звычайна таксама заканчваліся расстрэлам ці лагерам.
Зрэшты, дзесяцігадовы тэрмін азначаў тую ж “вышэйшую меру пакарання”, толькі адцягнутую ў часе. З асуджаных на “10 гадоў лагероў” на волю выходзілі адзінкі…
“Тройкі” і “двойкі” займаліся не толькі класічнымі “ворагамі народа”. У 1937-1938 гадах НКВД праводзіла шэгар “нацыянальных аперацый”; акрамя палякаў і тых, каго ў “палякі” запісалі па справе “Польскай Арганізацыі Вайсковай”, праводзіліся так званыя “грэчаскія”, “карэйскія”, “кітайскія”, “нямецкія”, “эстонскія” аперацыі, калі грамадзянаў СССР з падазронымі нацыянальнасцямі планава арыштоўвалі нібыта за “шпегунства” на карысць спецслужбаў гістарычнай радзімы.
ИЗ ПРИКАЗА НАРКОМА НКВД № 0060
Особые тройки ведут протоколы своих заседаний, в которых записываются вынесенные ими решения в отношении каждого осужденного, в которые записываются вынесенные ими решении в отношении каждого осужденного. По каждой национальной линии (польской, немецкой, латышской, и т. д.) ведутся отдельные протоколы
Дакладную колькасць людзей, асуджаных “двойкамі” і “тройкамі”, назваць немагчыма. Аднак на падставе статыстыкі ГУГБ НКВД СССР станам на 31 снежня 1937 года толькі па адной, так званай “куркульскай” аперацыі, было арыштавана 555 641 чалавек, з якіх 239 252 былі асуджаныя да вышэйшай меры пакарання, 314 110 атрымалі лагерныя ці турэмныя тэрміны, з якіх 14 600 чалавек былі расстраляныя непасрэдна ў лагерах. Мінімальны адсотак быў апраўданы падчас так званай “берыеўскай адлігі” 1939 года, але шмат хто з іх потым атрымаў паўторныя тэрміны ці прысуд да “вышэйшай меры пакарання”.
Што тычыцца дзейнасці “двоек” і “троек” у БССР, то назваць дакладную лічбу ахвяраў 1937-1938 гадоў немагчыма з-за татальнай закрытасці архіваў беларускіх спецслужбаў.
* * *
У наступнай перадачы мы пагаворым пра адзін з ключавых пунктаў савецкай прапаганды – “пралетарскі інтэрнацыяналізм”.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 6, вопіс 1, адзінка захавання 6, а таксама Фонд 13, вопіс 1, адзінка захавання 558
Архіўны фотаздымак супрацоўнікаў НКВД з рэсурса “Мемарыялу” скарыстаны ў якасці ілюстрацыі