Справа 1938 г. Прыгоды наркома-тапельца. Як чэкісты лавілі ўласнага начальніка



Век чэкіста-начальніка часоў Вялікага Тэрору быў нядоўгім. Карказломны ўзлёт з нізавых тэрытарыяльных структур, неабмежаваная ўлада, ордэны на грудзях і “ромбы” ў пятляцах… Свежаспечаныя начальнікі каталіся на службовых легкавіках, запаўнялі раскошныя кватэры мэбляй з размеркавальнікаў канфіскату, іх жонкі спаборнічалі футрамі і сукенкамі, пакуль аднойчы ўначы адказнага кватэраздымшчыка не звозілі на непрыкметай “эмцы” ў турму роднага ведамства.

Так, з 1936 па 1938 год у НКВД БССР змянілася пяць наркамаў. Прытым палымяныя чэкісты таварыш Ізраіль Леплеўскі, таварыш Георгій Малчанаў, таварыш Барыс Берман і таварыш Аляксей Наседкін насамрэч выявіліся фашыстамі, шпегамі, трацкістамі і наймітамі міжнароднага імперыялізму, а таварыша Лаўрэнція Цанаву выкрылі ў змове супраць савецкае ўлады толькі пасля вайны.

Тыя, хто яшчэ быў здольны задавацца пытаннем “а што будзе з намі заўтра?”, прыходзілі да высновы: трэба тэрмінова кідаць пасады, кватэры, уладу і бегчы на злом галавы куды заўгодна.

І такі людзей было нямала.

* * *

Біяграфія камісара Дзяржаўнай бяспекі ІІІ рангу Аляксандра Іванавіча Успенскага выглядае абсалютна тыповай для трыццатых гадоў. Местачковае паходжанне, чатыры класы адукацыі, служба ў ЧК часоў Дзяржынскага, выкрыццё шматлікіх ворагаў…

25 студзеня 1938 годзе таварыш Успенскі стаў наркамам НКВД УССР, і адразу арыштаваў 36 тысяч чалавек. Цягам наступных месяцаў Успенскі літаральна заваліў Лубянку і партыйный органы прапановамі наконт новых арыштаў.

У лістападзе таго ж 1938 года партыя і ўрад палічылі, што таварыш Успенскі ўжо дастаткова наарыштоўваў і назабіваў, і выклікалі яго ў Маскву – нібыта на падвышэнне.

Наркам Успенскі выдатна памятаў, што “на падвышэнне ў Маскву” выклікалі і яго папярэдніка на гэтай пасадзе – Ізраіля Маісеевіча Леплеўскага, што скончылася арыштам і расстрэлам…

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

НКВД СССР

Спецсообщение

15 ноября 1938 г. в 12 часов утра было установлено, что отсутствует на квартире и на работе Народный Комиссар Внутренних Дел УССР Успенский.

Принятыми мерами местопребывание Успенского установлено не было.

Около 16 часов начальник Секретариата НКВД Захаров доложил капитану Государственной Безопасности, т. Яролянцу, что у него имеется папка Успенского для тов Хрущева, в котором лежит незапечатанный конверт.

В конверте при просмотре была обнаружена написанная рукой Успенского записка следующего содержания: “Прощайте все хорошие товарищи! Труп мой ищите, если он нужен, в Днепре. Так вернее, застрелиться и в воду…”

(…)

Навіна пра знікненне наркама НКВД увагнала ў ступар і чэкістаў, і партыйцаў. У апараце НКВД неадкладна пачаліся арышты “за страту рэвалюцыйнай пільнасці”. Усё дняпроўскае ўзбярэжжа ў Кіеве і наваколлі было дбайна, сантыметр за сантыметр прагледжана чэкістамі. І сапраўды: у хмызах знайшлі фуражку і кіцель Аляксандра Іванавіча. Брыгады вадалазаў дбайна даследвала рачное дно. Знайшлі патанулую свінню, але да наркама НКВД яна падобнай не была.

Аператыўныя групы шчыравалі па горадзе…

ИЗ СПЕЦСООБЩЕНИЯ НКВД

(…)

Были опрошены сотрудники Секретариата (…) о вероятных знакомых, у которых мог быть Успенский, однако они ничего не знали. (…) была проверена гостиница «Континенталь», морг, больницы. После этого об исчезновении Успенского было доложено товарищу Хрущеву, товарищу Берия (…), которые о нем справлялись.

(…)

Нечакана стала вядома, што перад знікненнем таварыш Успенскі скраў з касы сакратарыяту НКВД тысячу рублёў, а людзі, якія збіраюцца знясілецца, так сябе не паводзяць.

Памежнікі ўзмацнілі ахову на усім перыметры мяжы СССР. Транспартныя аддзелы УГБ, шпіталі, моргі і шматлікі агентурна-асведамляльны апарат атрымаў тэрміновы загад: кінуць усе справы і заняцца росшукам! На ўсялякі выпадак арыштавалі жонку зніклага наркама, але зляканая жанчына нічога не ведала.

Найдасведчаныя аператыўнікі НКВД паспрабавалі было па хвілінах рэканструяваць апошні тыдзень жыцця Успенскага. Высвятлілі патаемныя месцы, дзе наркам напіваўся ва ўмат, некаторыя ягоныя звычкі і, што галоўнае – прозвішчы некаторых каханак.

ИЗ ПОКАЗАНИЙ АРЕСТОВАННОГО ЯРОЛЯНЦА, БЫВШЕГО СОТРУДНИКА СЕКРТАРИАТА НКВД

7 ноября имел место следующий случай. Вечером мне позвонил Успенский и сильно пьяным голосом спросил о делах в Наркомате, а затем сказал, что он один и что у него «такое скверное настроение, что хоть стреляйся»

Я говорил (…), что мне следует об этом сообщить в Москву и в ЦК (…), но я боюсь что Успенский где-нибудь после попойки, а если я сейчас не сообщу, поднимется шум и я его подведу.

приезжала некая Голощекина и просилась на прием к Успенскому, но он с ней говорить не стал.

(…)

Тым часам геаграфія пошукаў пашыралася: арыенціроўкі на ўцекача атрымалі ўсе тэрытарыяльныя структуры НКВД Саюза ССР.

І тут нехта прыгадаў, што таварыш Успенскі напэўна павінен існаваць па нейкім дакуменце. Чэкісты пераглянулі спіс “пашпартоў прыкрыцця НКВД” і звярнулі ўвагу, што адзін з іх, паводле дакументаў, выпісаны на імя Івана Шмашкоўскага. Тым часам жонка Успенскага прыгадала пра адну з каханак наркама, якая па ўсіх прыкеметах і была падобнай на Галашчокіну, згаданую арыштаваным чэкістам…

Аляксандра Іванавіча Успенскага шукалі цэлых пяць месяцаў.

15 красавіка 1939 года нейкі грамадзянін здаў у камеру захавання чыгуначнай станцыі Міас, што на Урале, чамаданчык, пры гэтым ён прад’явіў пашпарт для квітанцыі на імя Івана Шмашкоўскага. Прыёмшчык багажнага аддзялення, дасведчаны асведамляльнік НКВД, быў паінфармаваны наконт пошукаў менавіта такога грамадзяніна, і імгненна сігналізаваў “куды трэба”. У багажным аддзяленні зладзілі засаду, але былы наркам НКВД па чамадан не прыходзіў. Чэкісты абшукалі вакзал; таварыш Успенскі сядзеў у рэстарацыі і на самоце жлукціў гарэлку…

Арыштаваны зламіўся на першым жа допыце. Ён здаў усіх: і былую каханку, якая першыя месяцы дапамагала яму хавацца ад былых калегаў, і ўсіх, хто яму гэты час дапамагаў, і былых падначаленых, якія, вядома ж, выявіліся “трацкістамі”, “фашыстамі” і “замежнымі шпегамі”.

Скончыў былы палымяны чэкіст, як і тысячы яму падобных – у расстрэльным рове на падмаскоўным палігоне “Камунарка”.

* * *

З наступнай перадачы вы дазнаецеся, як адразу пасля вайны савецкая ўлада дэпартавала ў Сібыр тых, каго называла “дармаедамі”.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 13, адзінка захавання 409