Справа 1938 г. “Зайздрасць як матыў для даносу ў НКВД”
У трыццатыя гады ці не большасць даносаў у НКВД пісалася з ідэалагічных прычынаў. У следчых справах багата прыкладаў, калі ідэйна спелыя суседзі шчыра даносілі на ідэйна няспелых. Студэнты з тых жа прычынаў даносілі на выкладчыкаў, жонкі – на мужоў, і нават дзеці – на ўласных бацькоў.
Была, аднак, катэгорыя савецкіх грамадзянаў, якая пісала даносы на суседзяў і знаёмых з-за звычайнай зайздрасці. Арышт больш паспяховага і заможнага чалавека не азначаў, што даносчык атрымліваў частку яго маёмасці. Але ж задавальненне ад вынікаў даносу такі грамадзянін, безумоўна, атрымліваў…
* * *
У сталінскім калгасе селянін, які меў на падворку каня, карову і дробную жыўнасць, выглядаў падазрона. Калгаснае начальства касавурылася на такога недабразычліва, а вясковая басота-галота мерылася зрабіць дбайнаму гаспадару якое-небудзь паскудства.
20 сакавіка 1938 года ў НКВД г. Чарнігава паступіў данос ад жыхара вёскі Чарныш Чарнігаўскай вобласці Ячнога Максіма Кузьміча на жыхара той жа вёскі Лаханіча Канстанціна Сцяпанавіча.
ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА
свидетеля Ячнога М. К.
20 марта 1938 г.
ВОПРОС: Что вам известно об антисоветской деятельности Лоханича Константина Степановича?
ОТВЕТ: Когда мы возвращались на подводе с Чернигова, так он увидел коней и говорит: «Вот, какие кони добрые, наверное, такие у батьки Махно были». Это свидетельствует, что Лоханич является членом бандитско-националистической организации. А еще Лоханич говорил, что надо возбудить колхозников против Советской власти, потому что у тех, у кого хорошее хозяйство, большевики все отнимут.
(…)
А у Лоханича целых две коровы и еще много чего, он по недосмотру не раскулачен.
Канстанцін Сцяпанавіч Лаханіч паходзіў з Заходняй Беларусі. Падчас Першай сусветнай ён падаўся ў бежанства, атабарыўся на Сівершчыне, дзе і пабраўся шлюбам. Канстанцін Сцяпанавіч шчасліва перажыў і бандытызм дваццатых гадоў, і “чысткі” пачатку трыццатых, і нават калектывізацыю. У сваёй вёсцы ён працаваў рахункаводам у калгасе і лічыўся дбайным гаспадаром.
АНКЕТА АРЕСТОВАННОГО
Лоханич Константин Степанович, 1893 г. р., уроженец села Басновец Слонимского р-на быв. Минской губернии. Белорус, беспартийный.
Социальное происхождение: из крестьян-середняков. Земли – 10 га. Лошади – 2 шт., коровы – 2 шт. и мелкий скот.
Ячны, які напісаў на аднавяскоўца данос, паходзіў з самай нізкай басоты-галоты. З анкеты Ячнога бачна, што ані гаспадаркі, ані жыўнасці, ані нават сталай працы ў яго не было. Затое была судзімасць за крадзеж, якую Ячному далі ўмоўна з прычыны “сацыяльна блізкага паходжання”.
Дый заўвага даносчыка, што ў Лаханіча, маўляў, “цэлых дзве каровы ды яшчэ багата чаго”, красамоўна сведчыць пра матывы ягонага візіту ў НКВД.
* * *
Канстанціна Сцяпанавіча арыштавалі. Следчыя НКВД адразу пачалі допыты, якія для трыццатых гадоў праходзілі абсалютна стандартна: “кантррэвалюцыйная арганізацыя”, “антысавецкае паўстанне”.
Але ж Лаханіч катэгарычна адмаўляўся вызнаваць сваю віну.
Из протокола допроса
Лоханича К. С.
от 24 марта 1938 г.
ВОПРОС: Вы являетесь активным участником антисоветской организации. Намерены ли вы давать показания об этом?
ОТВЕТ: В антисоветской организации я не участвовал и об этом показывать ничего не могу…
Из протокола допроса
от 17 апреля 1938 г.
ВОПРОС: Расскажите о вашей антисоветской деятельности.
ОТВЕТ: Ни в какой антисоветской деятельности я никогда не проводил.
Из протокола допроса
от 29 мая 1938 г.
ВОПРОС: Органы НКВД располагают данными о подготовке вами антисоветского восстания.
ОТВЕТ: Я это отрицаю.
Са следчай справы невядома, катавалі Канстанціна Сцяпанавіча ў НКВД ці не, але ж на ўсіх васьмі допытах ён дэманстраваў каменную цвёрдасць. Аднак у НКВД выдатна ведалі, што трэба ў падобных выпадках рабіць.
13 чэрвеня 1938 г. у справе Лаханіча з’яўляецца новы фігурант – нехта Іван Аляксеевіч Бірылка. Той Бірылка з падазронай гатоўнасцю дае паказанні на Канстанціна Сцяпанавіча.
ВЫПИСКА
из показаний арестованного Бирилко Ивана Алексеевича
Лоханича я завербовал при посещении его по месту работы в с. Черныш. (…) Я спросил его, какое его мнение о колхозах и советской власти. Он дал мне понять, что не совсем доволен ни тем, ни другим. Тогда я его проинформировал о существовании организации на предмет переворота и можно ли надеяться, что он примет участие. Он после долгого раздумья согласился и я дал ему указания о том, как надо вести дело в колхозе, чтобы возбуждать массы колхозников. Он это выполнял с успехом…
На наступным допыце Бірылка шчыра распавядае пра разгалінаваную антысавецкую арганізацыю, у якой былі задзейнічаны ці не ўсе дарослыя мужчыны вёскі Чарныш: ажно 30 чалавек. Узначальваў іх, вядома ж, арыштаваны Лаханіч.
Відавочна, Бірылка быў энкавэдэшным правакатарам: у следчай справе на яго ўвогуле няма ніякіх дадзеных.
Следства ішло да лагічнага фіналу – расстрэльнага прысуду ці, у лепшым разе, лагернага тэрміну.
Але ж здарылася нечаканае. Ніводны аднавясковец Лаханіча не схацеў супраць яго сведчыць. Больш за тое, жыхары вёскі Чарныш напісалі калектыўную скаргу на даносчыка Ячнога: маўляў, лайдак і п’янтос, дый ужо прыцягваўся да адказнасці савецкім судом… А тыя, хто яго пакрывае, хоць нават і НКВД, тым самым дыскрыдытуюць савецкую ўладу!
На календары быў красавік 1939 года. Былы ўсеўладны наркам НКВД Мікалай Яжоў быў толькі што арыштаваны. Па тэрытарыяльных упраўленнях НКВД кацілася шалёная хваля арыштаў, і чарнігаўскім чакістам было, відавочна, не да нейкага вясковага п’янтоса, які з зайздрасці напісаў на суседа данос.
У выніку суд вынес абсалютна нетыповае для 30-х гадоў рашэнне…
ВИРОК
іменем Української Радяньської Соціалістичної Республіки
1939 р. серпня 3 дня
Суд, розглянувши і обміркувавши матеріали слідства,
(…)
ПРИГОВОРИВ
Лоханича Костянтина Степановича, відданого до суду по ст. 54-11, 54-10, вважати по суду віправданим за відсутності в його діях складу злочину.
Матеріали про поведінку Ячного Максима Кузьмича, його наклепницькі дії передати відповідальним органам для притягнення Ячного М. К. до кримінальної відповідальності.
Гэта ўнікальны выпадак сталінскай эпохі, калі суд не толькі апраўдаў ахвяру даносу, але і вырашыў пакараць даносчыка…
А вось далейшы лёс энкавэдэшнага правакатара Бірылкі невядомы і пагэтуль.
* * *
Наступным разам вы дазнаецеся, чаму сотні тысяч савецкіх грамадзянаў так лёгка ішлі на службу да нацыстаў.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Беларускае Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-299”