Справа 1939 г. Беларуская міжваенная эміграцыя ў Польшчы: нацыяналісты, балахоўцы і былыя чэкісты
Напачатку дваццатых гадоў Польшча стала ці не найгалоўным цэнтрам прыцягнення уцекачоў з СССР, і найперш – Савецкай Беларусі. Пры ўсёй неадназначнасці тагачаснай польскай палітыкі, Варшава не адмаўляла ў прытулку практычна нікому.
Пра маштабы ўцёкаў савецкіх грамадзянаў у Польшчу за сталінскім часам сведчаць адмысловыя спісы, якія склалі ў НКВД акурат напярэдадні “вызвольнага паходу” 1939 года.
* * *
Спісы “ворагаў савецкай улады ў Польшчы” складаліся чэкістамі яшчэ з 1921 года. Спачатку туды траплялі былыя белагвардзейцы, якія знайшлі ў Польшчы прытулак, а таксама ўсе, хто меў падставы асцерагацца арыштаў і расстрэлаў: былыя дваране, купцы, прамыслоўцы і святары.
Але спісы ворагаў савецкай улады – як уяўных, так і рэальных, — у дваццатыя гады былі суадносна малымі: бракавала агентуры, дый мажлівасці тагачасных савецкіх спецслужбаў былі даволі сціплымі. Да таго ж, большасць ворагаў уцякло ў Польшчу ўжо пасля 1921 года.
У трыццатыя гады рэестры ворагаў значна пашырыліся, а напярэдадні падзелу Польшчы паміж СССР і Трэцім Рэйхам ў НКВД былі падрыхтаваныя пагонныя кіламетры спісаў – з месцам жыхарства, родам заняткаў і кароткай характэрыстыкай.
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
(…)
В этот список внесена часть данных об активных деятелях, руководителях и членах эмигрантских русских, националистических (украинских, белорусских и пр.) террористических, контрреволюционных, троцкистских и пр. организаций в Польше, участники бело-бандитских, диверсионных банд и лица, бежавшие из СССР в Польшу.
Список составлен по агентурным данным 5-го отдела ГУГБ НКВД и, частично, по данным УГБ НКВД Белоруссии и Украины за 1932-1939 г.
(…)
Беларускі складнік у “спісе НКВД” – ці не найвялікшы. Безумоўна, не ўсе згаданыя чэкістамі дзеячы беларускага вызвольнага руху былі палітычнымі ўцекачамі; значная частка іх нарадзілася ў Заходняй Беларусі ці ў Вільні, і пасля Рыжскай дамовы так там і засталася. Пры гэтым ўсе гэтыя людзі традыцыйна абвінавачваліся чэкістамі ў сувязях з белагвардзейцамі, трацкістамі, манархістамі, Дэфензівай і спецслужбамі ці не ўсяе Еўропы.
Прозвішчы некаторых “ворагаў” добра вядомыя беларускім гісторыкам.
АДАМОВИЧ. Руководитель савенковской организации «Зеленый Дуб», которая была создана ІІ Отделом Польского Генерального штаба.
АКИНЧИЦ, Столбцы-Вильно, Гродно. Белорусск. полит. к.-р. деятель, агент польской разведки, лидер белорусск. орг. «Адраджэньне».
ГАЛЯК, Зап. Белоруссия. Член национал. организации «Скарыньи».
ГОДЛЕВСКИЙ, Вильно. Лидер Белорусск. нац. комитета. Польский агент. Ксёнз.
КЛИМОВИЧ Адольф, Вильно. Председатель Белорусск. нац. комитета в Вильно. Белорусский националист.
КРАСОВСКИЙ Я., Вильно. Зам. Председателя Белорусск. нац. комитета в Вильно, бел. националист.
ОСТРОВСКИЙ Радослав, Вильно-Гродно. Руководитель белорусской «Санации», польский агент, руководитель белорусской гимназии в Вильно.
ОСТРОВСКИЙ Виктор. Зап. Белоруссия. Член белор. нац. организации «Скарыньи»
ОСТРОВСКИЙ, Вильно. Кадровый польский шпион, официально руководит Виленск. национальным полит-центром
Як то ні дзіўна, але ў дакуменце няма Станіслава Булак-Балаховіча, які тады жыў у Польшчы. Паплечнікаў Балаховіча згадваецца толькі двое. Справа ў тым, што ў НКВД нарахавалі так багата балахоўцаў, што “дакумент аператыўнага ўліку” па гэтай катэгорыі ворагаў давялося выдаваць асобнай брашурай.
Але ж беларускі складнік “спісу ворагаў” – гэта не толькі былыя балахоўцы, кіраўнікі і чальцы Беларускага Нацыянальнага камітэта і патрыятычныя святары, як той жа Вінцэнт Гадлеўскі. У Польшчу імкнуліся не толькі палітычныя ўцекачы самых розных плыняў, але й камуністычныя функцыянеры, міліцыянты і нават чэкісты, якія ўцякалі ад мажлівых рэпрэсій.
БАРАНОВ Всеволод. Б. заместитель Копыльского р-на КПБ (б), бежал в 1932 г. в Польшу
БЕЛЯВСКИЙ Перебежчик из СССР в Польшу*
ВИТКОВСКИЙ Иосиф Данилович, Молодечно. Нач. уездной полиции, дезертир из РККА в 1920 г.
ГЕЙКО Николай Силович, Свержень. Дезертировал из РККА в Польшу, агент польразведки.
КОЗЕЛ Александр Антонович. м. Келце Несвижского уезда. В 1931 г. Бежал в Польшу.
ЛИСИЦКИЙ Теодор, с. Тупик, Сарненского уезда. б. житель с. Микашевичи, БССР, перебежал в Польшу
_________
* Былы оперўпаўнаважаны УГБ НКВД БССР
Яшчэ адзін сегмент эмігрантаў – былыя белагвардзейцы, манархісты і расейскія імперцы, якія яшчэ нядаўна выступалі за “адзіную і непадзельную” і з пенай у рота адмаўлялі самую ідэю польскай незалежнасці, але знайшлі паратунак менавіта ў Польшчы.
АЛЕКСЕЕВ Семен, Здолбуново. Чл. к.-р. «Русской молодежи», готовит белогвардейские кадры агентов-боевиков.
АНДРЕЕВ О. М., Вильно. Член монархического союза.
БАЛАКИРЕВ Александр, Вильно. Гимназист из офицерской семьи, член террорист. организации Партизанск. Отряд им. ген. Корнилова
БАРАНОВА Вера, Вильно. Близка с белогвардейской организацией «Русское знамя»
БАРАШНИКОВ Петр, Белосток. б. поручику деникинской армии, член РОВСа Белостоцкой ячейки
ЛИСОВЕЦ, Вильня. Член белогвардейской молодежной организации
КРЕСТЬЯНОВ Ал-др Никол. Вильно, ул. Мицкевича 28. Адвокат, группирует русских белоэмигрантов.
Усяго ў “зборніку ворагаў савецкай улады” каля трохсот старонак, на кожнай – ад дзесяці да дванаццаці фігурантаў. Прытым падобных “спісаў ворагаў савецкае ўлады ў Польшчы” было выдадзена ў НКВД як мінімум дзевяць. А былі яшчэ дакументы аператыўнага ўліку, якія вяліся ў тым жа УГБ НКВД БССР, УНКВД абласных цэнтраў і ў чэкісцкіх райаддзелах.
Напярэдадні “вызвольнага паходу” такія брашюры былі разасланыя ва ўсе чэкісцкія аддзелы, якія да таго “паходу” мелі непасрэднае ці ўскоснае дачыненне. Большасць “ворагаў”, у тым ліку і дзеячоў беларускага нацыянальнага руху, была арыштаваная. Некага расстралялі на месцы, некага адправілі ў лагеры Калымы, Сібіры ці Далёкага Усходу, а некаторых завербавалі і пасля нядоўгага турэмнага тэрміну выпусцілі на волю, каб праз “нявінна пацярпелых” распрацоўваць новае пакаленне беларускіх нацыяналістаў.
[Not a valid template]
* * *
У наступнай перадачы я раскажу, як адбывалася прафілактаванне неблаганадзейных савецкіх грамадзянаў у КГБ брэжнеўска-андропаўскіх часоў.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 13, адзінка захавання 291.