Справа 1939 г. “Данос на ўзорнага беларускага чэкіста. Побыт і норавы НКВД”



Беларускія спецслужбы савецкіх часоў называць “беларускімі” можна хіба што  з нацяжкай. Так, з першых пятнаццаці кіраўнікоў ЧК-ВЧК-ГПУ-ОГПУ-НКВД БССР толькі чатыры мелі беларускія карані. Астатніх прысылалі “для ўзмацнення кадраў”, пераважна з Расеі. А ўжо пра чэкісцкіх кіраўнікоў ніжэйшых рангаў і гаварыць няма чаго: большасць іх паходзілі з РСФСР, з невялікім дадаткам Украінскай і Грузінскай ССР, а таксама Польшчы і Латвіі. І чэкісты-прыхадні, і мясцовыя вылучэнцы аддана выконвалі загады з Масквы, прытым некаторыя, асабліва адданыя, нават праяўлялі ініцыятыву, прапануючы расстрэльваць больш людзей, чым прапаноўвала Лубянка.

Але рэпрэсіі канца трыццатых, якія тычыліся і чэкістаў, закранулі ўсіх без выключэння. Адной з ахвяраў стаў чэкіст Марк Корнеў, памочнік наркама НКВД БССР.

* * *

Марк Барысавіч Корнеў быў узорным чэкістам, які пачынаў службу яшчэ за часамі Дзяржынскага.

Як і большасць кіраўнікоў беларускіх спецслужбаў, Корнеў паходзіў не з Беларусі – нарадзіўся ён пад Херсонам, у сям’і незаможнага яўрэйскага рамесніка. Прайшоў усе ступені чэкісцкай іерархіі – ад нізавой тэрытарыяльнай працы і да кіраўніцтва абласным Упраўленнем НКВД. Марк Барысавіч палымяны выконваў усе загады партыі і ўраду – у 1937 годзе ён уваходзіў у склады “троек”, якія без суда і следства асуджалі тысячы людзей да расстрэлу.

У красавіку 1938 года таварыша Корнева адправілі ў Менск, “на ўзмацненне”, дзе чэкіст атрымаў пасаду памочніка наркама НКВД БССР, у перакладзе на сённяшняю тэрміналогію – намесніка старшыні КГБ.

Але літаральна праз колькі дзён пасля гэтага прызначэння ў цэнтральны апарат НКВД УССР прыйшоў ліст, падпісаны маёрам Дзяржбяспекі Андрэем Іванавічам Ягоравым. Ліст быў цалкам прысвечаны маёру Дзяржбяспекі Марку Барысавічу Корневу…

 

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

 Народному комиссару внутренних дел У.С.С.Р,

Комиссару Государственной Безопасности 3 ранга

 

СЛУЖЕБНОЕ ПИСЬМО

 Уважаемый товарищ Успенский.

 Несколько сотрудников аппарата УНКВД разновременно сообщили мне ряд заслуживающих серьезного внимания данных, о бывшем начальнике Управления НКВД по Черниговской области Корневе, ныне состоящего в должности Помощника Наркома Внудел НКВД БССР.

Эти данные, а равно и отдельные сигналы со стороны некоторых коммунистов местной городской парторганизации, позволяют прийти к выводам, что Корнев является политически сомнительной личностью

(…)

Звычайна такімі словамі пачыналіся класічныя даносы сталінскай эпохі. Зрэшты, “службовы ліст” даносам і быў. Як і мае быць, дасведчаны чэкіст Ягораў напісаў на чэкіста Корнева ўсю гнюсь, якую толькі мог сабраць. Як і мае быць, ён даў спасылкі на першакрыніцы і на іншых чэкістаў, бо трэба было ўцягнуць у справу і ўвогуле замазаць як мага больш людзей…

 

ИЗ СЛУЖЕБНОГО ПИСЬМА

(…)

Характер этих сообщений и сигналов таков.

Корнев, в аппарате УКНВД, окружив себя не только политическими шарлатанами, но и явными врагами партии и народа, якшаясь с ними, доверил им руководить ответственными участками чекистской работы.

Самоустранившись от непосредственного руководства работой оперативных отделов УГБ, на протяжении почти всего периода пребывания его в НКВД, он занялся исключительно деятельностью Особой тройки, передоверив руководство основной чекистской работой своему заместителю Геплеру — ныне арестован как враг партии и народа. Тщательно оберегая авторитет этого проходимца, Корнев на протяжении всего времени держал в неведении парторганизацию УГБ о причинах исключения Геплера из рядов ВКП (б) парторганизацией УГБ Киевского Управления НКВД.

Пользуясь неограниченным доверием, оказываемым ему со стороны Корнева, Геплер, очевидно, предвидя завершение своей преступной карьеры разоблачением и арестом, в настойчивой форме домогался получить в НКВД командировочные деньги (…) позволил ему жульническим путем получить в кассе НКВД 1600 рублей  денег, как подъемные (…)

Немалая частка даносаў трыццатых гадоў уражвае татальнай адсутнасцю доказаў; гэта звычайныя паклёпы. Але ж чэкіст Ягораў выглядае вельмі паслядоўным, датаго ж, называе і карупцыйны складнік у дзейнасці чэкіста Корнева, прытым – у канкрэтных лічбах.

Ці было гэта звычайным паклёпам?

Напэўна, не – інфармацыю можна было спраўдзіць па некалькіх незалежных крыніцах.

 

ИЗ СЛУЖЕБНОГО ПИСЬМА

(…)

Нежелание подобающим образом считаться с сигналами о врагах партии и народа привело к тому, что при попустительстве Корнева, в депутаты Верховного Совета Союза ССР пролез враг партии и народа Михайлов

(…)

Либеральничая в отношении всякого рода политических прохвостов, из числа бывш. сотрудников НКВД, Корнев всячески способствовал им оставаться безнаказными.

(…)

В 20-ю годовщину органов ЧК-ГПУ-НКВД поощрял ценными подарками как и подлинных труженников чекистского труда, так и таких, как:

Шумов, бывш. начальник Прилукского райотдела НКВД, пьяницу, развратника, развалившего чекистскую работу, ныне арестован и предан суду;

Якуба, бывш. секретаря УНКВД, шкурника (…) откомандирован для работы в Вязьменские лагеря НКВД;

Французова, бывш. начальника Щорсовского райотдела НКВД, склочника и бездельника. Откомандирован для работы в лагерях;

(…)

То бок, як мы бачым, “службовы ліст” на новаспечанага беларускага чэкіста пакрысе набываў рысы даноса на цэлы чэкісцкі калектыў. Заканчваецца “ліст” у лепшых савецкіх традыцыях:

 

ИЗ СЛУЖЕБНОГО ПИСЬМА

(…)

Я считаю, что приведенные выше факты, позволяют мне прийти к несомненному выводу, что Корнев является политически сомнительной личностью в силу чего прошу Вас, по существу, реагировать.

 

С коммунистическим приветом – А. С. Егоров

 

Калі падсумаваць усе абвінавачванні ў адрас памочніка наркама НКВД БССР, то яны зводзяцца да наступнага: “развал чэкісцкай працы”, “пасобніцтва карупцыі” і “недастатковая пільнасць”. А ўжо абвінавачванні ў асабістай нясціпласці, кумаўстве і пошуках таннай папулярнасці выглядаюць пікантным дадаткам да астатняга.

Міжволі паўстае пытанне: а нашто чэкіст Ягораў напісаў на чэкіста Корнева данос? Адказаў можа быць некалькі, але найверагодны – такі: каб апярэдзіць данос чэкіста Корневе на сябе. Бо ў такім разе напэўна чэкіст Ягораў змог бы высунуць контраргумент: я ж, маўляў, вас папярэджваў, таварыш наркам, а данос Корнева – помста мне за тое, што я вывеў ворага народа на чыстую воду!..

…І начальніка чарнігаўскага УНКВД таварыша Ягорава, і памочніка наркама НКВД БССР таварыша Корнева расстралялі, як “ворагаў народа” і “шпіёнаў замежных выведак” на падмаскоўным палігоне “Камунарка”. А данос аднаго чэкіста на іншага застаецца красамоўным помнікам савецкай эпохі.

У наступнай перадачы я раскажу пра надвычайную сустрэчу савецкіх артыстаў з Ота Скарцэні.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 505