Справа 1939 г. “Я ад савецкай улады хлеб не вазьму!..”
У 1937 годзе ў Маскве праходзілі гучныя працэсы супраць удзельнікаў трацкісцка-бухарынскага блока. Людзі, якіх яшчэ нядаўна называлі нязломнымі бальшавікамі, жалезнымі наркамамі і народнымі героямі, на судах масава прызнаваліся ў тэрарызме, шпіянажы і шкодніцтве, каяліся і прасілі ў таварыша Сталіна хуткай смерці.
Але ж былі ў тыя часы і такія, хто не проста не вызнаваў сваю віну, але і шчыра выказваў усё, што сапраўды думаў пра савецкую ўладу. У архівах украінскіх спецслужбаў, адкрытых для даследванняў, ёсць і справы тых беларусаў, зламіць каторых так і не атрымалася.
У другой палове трыццатых гадоў значная частка судовых працэсаў праходзіла па артыкуле “контррэвалюцыйная антысавецкая агітацыя”. Арыштаваць па гэтым артыкуле маглі каго заўгодна і за што заўгодна. Голка краўца, выпадкова ўтыкнутая ў газету з партрэтам Сталіна, лічылася цяжкім злачынствам. Незадаволенасць жыццём у калгасе кваліфікавалася, як “злосная кантрэвалюцыя”. Нават абурэнне ўмовамі ўтрымання ў савецкай турме, выказанае ў прыватнай размове, падпадала пад артыкул “антысавецкая агітацыя”.
“Уголовное дело 107519. Управление НКВД по Полтавской области. Мишукова Клавдия Семеновна, уроженка деревни Кравцово Полоцкого района Минской области, беларуска, 1912 года рождения. Из крестьян. Учительница математики, закончила Полоцкий педагогический техникум. Муж, уроженец Полтавской области, бывший красноармеец, разоблачен и осужден как враг народа. Арестована 20 июня 1939 года. На момент ареста нигде не работала и постоянного места жительства не имела.
Мишукова Клавдия Семеновна ранее судима за контрреволюционную агитацию и клеветнические заявление про партию и правительство»
Першы раз нашая зямлячка была асуджаная ў 1937 годзе, у Палтаве. Яе мужа-украінца арыштавалі за незадаволенасць калектывізацыяй і па хуткім часе расстралялі. Мішукова ўсяляк выказвала сваё абурэнне расстрэлам мужа, і гэта не засталося па-за ўвагай суседзяў. У выніку на яе напісалі данос, пасля каторага наша зямлячка і была асуджаная “за паклёп на савецкі суд”.
Але Клаўдзіі Сямёнаўне пашэнціла. У 1938 годзе амаль усё кіраўніцтва тагачаснага НКВД было расстралянае, як “ворагі народа”. Ранейшая палітыка НКВД была абвешчаная “перагібам”. Мішукову выпусцілі на волю, але ж жыць ёй ужо не было дзе: дом расстралянага мужа канфіскавалі. На працу яе, памілаванага “ворага народа”, таксама не бралі. Сродкаў для існавання ў яе не было.
Іншая б дзякавала савецкай уладзе і асабіста таварышу Сталіну за тое, што не расстралялі! Але Мішукова праявіла чорную няўдзячнасць: яна ўзялася публічна плявузгаць на паганыя ўмовы ўтрымання ў ГУЛАГу. За што і была арыштаваная зноў “за антысавецкую кантрэвалюцыйную агітацыю”.
“Из материалов допроса Мишуковой.
– Когда Вы сидели в Полтавской тюрьме, то сказали, что хлеба у Советской власти не возьмете. Почему?
– Да, я говорила, что кушать Советский хлеб не хочу, не возьму и его не взяла…”
Следства цягнулася амаль год. Добрыя людзі спрабавалі зладзіць для яе складчыну, што стала прычынай новага абвінавачвання, гэтым разам у крадзяжы і махлярстве.
На судзе яна не вызнала сябе вінаватай і зноў узялася выкрываць НКВД за катаванні падчас следства.
“Из обвинительного заключения от 17 августа 1939 года. Следствием установлено, что Мишукова Клавдия Семеновна, будучи привлечена к судебной ответственности, выступила на суде с резкой контрреволюционной агитацией, направленной на подрыв Советской власти и коммунистической партии…”
* * *
Так нашая зямлячка атрымала чарговы тэрмін. Надалей ёйныя сляды ў архівах губляюцца. Не выключаецца, што Клаўдзія Сямёнаўна была расстраляная ў 1941 годзе, калі ва ўкраінскіх і беларускіх турмах НКВД масава забівалі зняволеных, бо эвакуяваць іх у сібірскія і калымскія лагеры лічылася эканамічна немэтазгодным.
* * *
Але ж далёка не ўсе асуджаныя за сталінскімі часамі выкліцаюць такую павагу, як Мішукова. Пра такіх людзей мы і пагаворым наступным разам.
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўная справа “П-409”