Справа 1940 г. Сексот сярод людзей



Праца з агентурай была, ёсць і застаецца асновай дзейнасці ўсіх без выключэння спецслужб. Дзякуючы агентурным паведамленням могуць прадухіляцца крадзяжы дзяржаўных таямніц, тэрарыстычныя акты і нават шырокамаштабныя агрэсіі.

За часамі СССР агентуру арыентавалі найперш на ідэалагічны складнік. Крытычныя выказванні пра савецкую ўладу. Анекдоты пра правадыроў партыі і ўраду. І нават недастатковая працягласць апладысментаў пасля выступаў якога кіраўніка.

Крыніцы аператыўнай інфармацыі” былі трох відаў. Па-першае – завербаваныя агенты, якія збіралі патрэбныя звесткі планава (так званыя “сексоты”). Па-другое – рэзідэнты савецкіх спецслужб усярэдзіне СССР, якія стала працавалі з агентурай і дапамагалі аператыўным супрацоўнікам. Па-трэцяе – стукачы-энтузіясты, якія з радасць страчылі даносы ў “слаўныя органы” пра “падазроныя выказванні” і “недастатковую любоў да СССР”.

У архівах былога КГБ захаваліся пагонныя кіламетры “агентурных паведамленняў”…

* * *

Час дзеяння – 1940 год. Месца дзеяння: украінска-беларускае сумежжа, піўная ў невялікім мястэчку, папулярная найперш у палякаў, якіх яшчэ не паспелі выслаць у Сібір. Піўная аздобленая партрэтамі правадыроў і плакатамі з падзякай Савецкаму Саюзу “за вызваленне ад улады паноў і капіталістаў”. Усе адзін аднога ведаюць з дзяцінства, і таму не саромеюцца ў выказваннях.

Але ніхто не здагадваецца, што адзін з наведвальнікаў – завербаваны “органамі” сексот НКВД, які фіксуе для справаздачы абсалютна ўсё.

АГЕНТУРНОЕ ДОНЕСЕНИЕ

2 мая в зале пивной Онушкевича сидели: Онушкевич, его жена, Поплавский-старый, Поплавский Болеслав, Гукс, Абдулин и др.

Окна выходили на улицу, в пивной было убрано портретами.

Сын Онушкевича лет 13-14, вертясь около окна, зацепил портрет И. В. Сталина, который упал на пол. Сын Онушкевича громко, чтобы все слышали /потому что он привык к «своим людям»/ выразился: «Ты куда падаешь, сукин сын»…

Все присутствующие начали смеяться, а сын Онушкевича, видя, что смехом поощряют его поступок, добавил с гордостью взрослого: «мама, я понимаю все это свинство» и с этими словами пнул портрет И. В. Сталина, а мать ему только сделала замечание «если замолчишь, хорошо сделаешь» (…)

Першае, што кідаецца ў вочы – фраза даносчыка, напісаная пра аднаго з прысутных: “таму што ён прызвычаіўся да сваіх людзей”. Відавочна, што сексоту ў тым таварыстве давяралі. Не выключаецца, што і ён разам з усімі смяяўся, гледзячы, як падлетак пінае партрэт Сталіна…

Больш за тое – сексот лічыўся сярод людзей, на якіх рэгулярна даносіў, настолькі “сваім”, што яго нават прыцягнулі да антысавецкай арганізацыі…

ИЗ АГЕНТУРНОГО ДОНЕСЕНИЯ

(…)

Янек Чернецкий познакомил меня с еще одним блоковцем – Ковальчук Стах, который ехал велосипедом к Чернецким, но мы с ним встретились на улице Сталина и делая медленно проходку (…)

Янек Чернецкий меня отрекомендовал, как «свой»…

(…)

Идя с Чернецким домой, я поставил вопрос, что «пора подумать о вооружении каждого из нас и то оружие, он знает, закопанное в лесу Копачувки, пора идти откопать» (…)

Чернецкий уже два раза информировал меня, что у братьев Сайковских есть тоже оружие в большом количестве которое по всем данным закопано в кузне Сайковских

(…)

Напэўна, на наступны раз аператыўнік, які курырваў дзейнасць сексота, даў ёму вялікае заданне, таму што наступнае паведамленне стракаціць новымі прозвішчамі і фактамі.

ИЗ АГЕНТУРНОГО ДОНЕСЕНИЯ

(…)

Как уже сообщалось, 23. 04. 40 г. у Волотовского в присутствии Казачука Алексея, Чернецкого Янека и Чернецкого Стасика, которые собрались у Волотовского, явилось 2 неизвестные личности и сообщили, что «уполномоченный со Львова» вернулся, одним из них был Явлонский, который, как оказывается, держит с Волотовским тесную связь и теперь я его встречал у Волотовского часто…

Явлонский имеет двух сыновей, Цесик и Казик, Казик Явлонский теперь с отцом и держит тесную дружбу с Чернецким Яном, Манькем, Дзиськем и Влацеком.

Цезик и Казик Явлонские переходили границу немецко-советскую и переносили от Волотовского письма до Варшавы, якобы до его жене /о чем писал, не было еще выяснено/.

Цесика Явлонского нет около отца и говорят, что при переходе границы, обратно со стороны немецкой до Советского Союза, был пойман на границе, арестован и якобы отправлен до СССР, а Казик был вместе с братом Цесиком, но вернулся домой (…)

Заўважым, што большасць людзей, якія фігуруюць у “аператыўных паведамленнях” – непаўналетнія, і іх злачынствы (ад “нелегальнага пераходу мяжы” да “антысавецкай агітацыі”) цягнуць мінімум на дзесяць гадоў лагероў кожнае.

Якім стаў далейшы лёс ахвяр сексота?

Усе даносы падшываліся да “спраў аператыўнага ўліку”. Калі тэчка станавілася аб’ёмнай, фігурантаў забралі ў НКВД, на канвееры выбівалі з іх патрэбныя чэкістам сведчанні і адправілі каго ў лагер, а каго і ў расстрэльны падвал.

Агентурныя паведамленні падпісаныя аператыўным псеўданімам “Аксенцій”. Хто хаваўся за гэтым псеўданімам – невядома, а вось прозвішча аператыўніка НКВД, які іх прымаў, пазначанае без усялякіх псеўданімам – “Маскаленка”.

У 1940 годзе Валянцін Іванавіч Маскаленка акурат і працаваў у апараце Валынскага НКВД у якасці намесніка начальніка аддзела. Браў актыўны ўдзел у масавых дэпартацыях і рэпрэсіях палякаў, а таксама заходніх украінцаў і беларусаў. Падчас Другой сусветнай служыў у структурах контрвыведкі, дзе рэгулярна рэпрэсаваў ужо савецкіх вайскоўцаў. Партыя і ўрад годна ацаніла работу чэкіста – у 1950 годзе ён стаў Міністрам Дзяржаўнай Бяспекі Эстонскай ССР. Кавалер шматлікіх арданоў і ветэран “органаў” памёр у 1984 годзе персанальным пенсіянерам, прытым ягоная біяграфія і партрэт і цяпер размешчаны на расейскіх рэсурсах “вайскова-патрыятычнай скіраванасці”.

Слушным было б размясціць на тых рэсурсах і фотаздымкі ахвяр Валянціна Іванавіча. А таксама завербаваных ім сэксотаў – у тым ліку і “агента Аксенція”.

У наступнай перадачы я раскажу пра адну цікавую інструкцыю Дзярждэпартамента ЗША, перахопленую Камітэтам Дзяржаўнай Бяспекі.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 487