Справа 1941 г. “Гомельскі чыгуначнік супраць Саўінфармбюро”
Савецкія людзі далёка не заўсёды давалі веры сталінскай прапагандзе. Асабліва – напачатку вайны. Галоўным прапагандысцкім органам у той час было Саўінфармбюро. У масавай свядомасці гэтая структура асацыявалася найперш з дыктарам Юрыем Левітанам і яго металёвым барытонам, якім ён зачытваў зводкі “От Советского информбюро».
І Саўінфармбюро, і Юрый Левітан часцяком бессаромна брахалі. Але ж выкрываць гэтую брахню было небяспечна – нават у тым разе, калі відавочцы бачылі нешта зусім супрацьлеглае таму, што паведамлялася па радыё…
Напачатку жніўня 1941 года ў транспартны аддзел НКВД горада Гомеля паступіла колькі даносаў на памочніка машыніста Беларускай чыгункі Міхаіла Бунака. Абвінавачванні былі проста жахлівымі…
ПОСТАНОВЛЕНИЕ НА АРЕСТ
г. Гомель, 8 августа 1941 г.
Я, следователь ДТО НКВД Белорусской железной дороги ст. сержант Госбезопасности Остапишин, рассмотрев поступившие в ДТО НКВД Белорусской железной дороги материалы о преступной деятельности БУНАКА Михаила Евдокимовича, 1912 г. р.,
НАШЕЛ
что Бунак (…) с самого начала войны между СССР и Германией активизировал свою антисоветскую деятельность путем распространения панических слухов, а именно:
(…)
“Германская авиация имеет превосходство над советской авиацией и потому не получает никакого отпора”
“Советское информбюро в своих сводках сообщает лживые сведения о ходе военных действий, а также об успехах Красной Армии на фронтах, а на самом деле этого нет…”
8 жніўня, то бок акурат у дзень падпісання пастановы на арышт, танкі Гудэрыяна грамілі Чырвоную Армію ў сарака кіламетрах ад Гомеля. У небе панавала “Люфтвафэ”; большасць савецкіх знішчальнікаў была спаленая нацыстамі на аэрадромах у першыя дні вайны.
Але ж Саўінфармбюро паведамляла наступнае:
8 августа наши войска вели ожесточенные бои с противником на Смоленском и Белоцерковском направлениях. На остальных направлениях происходили бои разведывательного характера. Наша авиация наносила удары по мотомехчастям противника и атаковала его авиацию. За 7 августа уничтожен 81 немецкий самолет…
Арыштаваны памочнік машыніста штодня вазіў грузы на фронт і на ўласныя вочы бачыў, што ніякіх “сталінскіх сокалаў” у небе няма, а ёсць адно бамбавозы “Люфтвафэ”. Пра што і паведаміў на допыце.
Из протокола допроса обвиняемого
БУНАКА Михаила Евдокимовича от 17 августа 1941 года.
ВОПРОС: Что вы видели во время поездок на фронт?
ОТВЕТ: Я говорил, что наш состав бомбили немцы и что никаких советских самолетов в небе я действительно не видел.
17 жніўня, у дзень допыту чыгуначніка Бунака, Вермахт падыходзіў на ўскраіны Гомеля. Нямецкія “Юнкерсы” і “Хейнкелі” штодня бесперашкодна бамбілі чыгунку і жылыя кварталы, у тым ліку і раён вуліцы Савецкай, дзе месцілася гомельскае НКВД. Але Саўінфармбюро па-ранейшаму брахала пра сотні збітых нямецкіх самалётаў. Не верыць гэтым паведамленням было раўназначным дзяржаўнай здрадзе.
* * *
Падчас следства Міхаіл Бунак заняў глухую абарону. Са следчай справы невядома, катавалі яго ў НКВД ці не, але ж сваю віну чыгуначнік упарта не вызнаваў.
Из протокола допроса обвиняемого
БУНАКА Михаила Евдокимовича от 17 августа 1941 года.
ВОПРОС: Следствие располагает точными данными о том, что вы в присутствии коллег систематически высказывали антисоветские взгляды, восхваляли фашистскую Германию и клеветали на Советскую власть.
ОТВЕТ: Нет, антисоветских разговоров я не вел и фашистскую Германию никогда не восхвалял.
Зрэшты, часу на тое, каб выбіць з арыштанта патрэбныя прызнанні, не заставалася: на ўскраінах Гомеля ўжо ішлі баі. І тут вельмі дарэчна прыдаліся паказанні калегаў, якія на Бунака і данеслі.
Из протокола допроса свидетеля от 18 августа 1941 г.
ШКУМАТА Ивана Минаевича, кочегара Белорусской железной дороги
В последнее время Бунак систематически высказывает панические настроения, заявляя, что наших бьют на всех фронтах.
(…)
Бунак клевитнически заявлял, что советская авиация ничего не делает, чтобы прекратить бомбежки и что советское радио врет. Такие антисоветские разговоры он вел со мной на паровозе.
20 жніўня 1941 года ар’ергард нямецкай матарызаванай пяхоты ўжо ўваходзіў у Гомель. Савецкае і партыйнае кіраўніцтва панічна пабегла з горада. Разам з імі ўцякалі і кіраўнікі гомельскага НКВД.
Перад самымі ўцёкамі чакісты і вырашылі лёс Бунака.
Именем Союза Советских Социалистических Республик
1941 года, августа 20 дня военный трибунал Белорусской железной дороги на закрытом заседании в составе председательствующего Дыбчо, членов трибунала Евдокимова и Яскевича,
Рассмотрел уголовное дело по обвинению Бунака Михаила Евдокимовича 1912 г. р., белоруса, беспартийного, несудимого, до ареста работал помощником машиниста…
(…)
Военный трибунал нашел установленным, что подсудимый Бунак с началом войны Германии против СССР среди рабочих и служащих систематически проводил антисоветскую агитацию, клеветнически заявлял, что Советское информбюро якобы передает ложные сведения…
ПРИГОВОР
Бунака Михаила Евдокимовича подвергнуть лишению свободы в исправительных лагерях Союза ССР на 8 лет.
* * *
Сярод чальцоў трыбунала значыцца і прозвішча Яскевіч. За часамі майго гомельскага дзяцінства гэты энкэвэдэшнік быў нашым суседам. Яшчэ ў 50-я гады чэкіст Уладзімір Яскевіч адседзіў у лагеры “за парушэнне сацыялістычнай законнасці”. Пасля чаго звар’яцеў. Былы чэкіст кідаўся на нас, дзетак, з сякерай, колькі разоў падпальваў уласную хату. Скончылася тым, што яго выгнаў на вуліцу ўласны сын.
Апошнія гады жыцця былы чэкіст Яскевіч бамжаваў. Ён сядзеў з жалезнай конаўкай на прыступках крамы і прасіў міласціну.
Памёр ён у 1977 годзе вельмі паганай смерцю. Ніхто з суседзяў на яго пахаванне не прыйшоў, бо ўсе ведалі, чым ён раней займаўся…
* * *
Наступным разам я раскажу пра тое, як у тым жа 1941 годзе звычайная п’яная сварка скончылася расстрэлам “за антысавецкую агітацыю”.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-15387”