Справа 1941 г. “Вясковая п’янка і камсамольскі данос”



Улетку 1941 года шмат у якіх вёсках Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі нямецкіх акупантаў сапраўды сустракалі хлебам-соллю. Наіўным сялянам, замардаваным НКВД, калгаснай няшчымніцай і свавольствам савецкай улады, падавалася, што з прыходам нацыстаў жыццё сапраўды стане вольным, заможным і шчаслівым. Бясспрэнчна, тыя сяляне не ведалі ані пра “расавую тэорыю”, ані пра “лагеры смерці”, ані пра нацысцкія зверствы. Але ж багата хто з іх меркаваў, што горш, чым за Саветамі, нават і быць не можа.

Прыход немцаў чакалі і ўсяляк абмяркоўвалі. Але ж і энкэвэдэшная агентура не спала ў шапку…

24 ліпеня 1941 года ў міліцыю вёскі Навозы Міхайла-Кацюбінскага раёна Чарнігаўскай вобласці, што ва ўкраінска-беларускім сумежжы, паступіў данос ад тамтэйшага камсамольца Лейчанкі Івана Яўстахіевіча.

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_01

Я сегодня пришел до сельсовета и сел под акацией, где сидели Скиба Макар, Новик Игнат и другие. Нашынец Евтихий Прокофьевич рассказывал, что он был в селе недалеко от польской границы. (…) Это село немецкая армия заняла с першых днив войны. Народ этого села был довольны и рад, выносил на дорогу столы с хлебом и цветами. Немецкая армия в этом селе недолго была, и потом село было занято Красной армией…

(…)

И когда Красная армия узнала, как народ этого села встречал немецкую армию, Красная армия это село запалила с 4-х сторон, это село три дня горело…

(…)

Дальше он рассказывать перестал, бо вышел секретарь РПК.

У следчай справе фігуруе і вёска, якая вітала прыход нямецкіх акупантаў – Філіпавічы, што на Гомельшчыне. Яўціхій Нашынец, які расказваў пра падзеі ў Філіпавічах, акурат адтуль і паходзіў.

Сам Нашынец працаваў матросам на параходзе “Акадэмік Забалотны”, які рэгулярна хадзіў па Дняпры з Гомеля ў Кіеў і назад, і кожным разам прычальваў ў Навозах. Матросы, у тым ліку і Еўстафій Пракоп’евіч, штораз хадзілі ў вёску і даўно сталі там сваімі людзьмі.

З даноса камсамольца Лейчанкі вынікае красамоўная дэталь: падчас размовы пад акацыяй Скіба Макар, Новік Ігнат і Нашынец Яўціхій выпівалі самагон. Прытым камсамольцу Івану Лейчанку, які да іх падыйшоў, сабутэльнікі наліваць адмовіліся…

Из протокола допроса свидетеля

Скибы Макара от 25 июня 1941 г.

Вопрос: Что вы можете сказать по поводу контрреволюционной агитации Евстафия Нашинца?

Ответ: Мы сидели и выпивали, о чем говорили, не помню. Потом подошел Лейченко, то мы самогонку схавали и сказали иди ад нас, а он сел рядом и стал слушать.

Але ж аднаго толькі сведчання камсамольца Лейчанкі было дастаткова, каб Яўстафія Нашынца ўзялі пад варту…

Са следчай справы вынікае, што Нашынец не зусім разумеў, у чым яго вінавацілі. Калі немцаў сапраўды сустракалі хлебам-соллю – то хіба ў гэтым ёсць і яго віна? Больш за тое: арыштант назваў яшчэ адну палескую вёску, дзе да акупантаў таксама паставіліся прыязна…

Из протокола допроса

Нашинец Евстафий Прокофьевич, 1900 г. р., белорус, уроженец села Филипповичи Копаткевического района Полесской области БССР, жительство город Гомель, ул. 2-ая Революционная, общежитие № 16.

ВОПРОС: Следствием установлено, что вы в селе Навозы распространяли антисоветские слухи и восхваляли немецкую армию.

ОТВЕТ: Я этого не говорил, говорил только то, что население встречало немцев с цветами и хлебом…

(…)

От этой местности село Липки находится 4 километра, и при вступлении немцев в это село крестьяне встречали их хлебом и цветами, а когда Красная Армия выбила немцев из этого села, то расправилась, как полагается, с этими крестьянами…

Абедзьве вёскі, і Філіпавічы, і Ліпкі, ужо былі пад акупацыяй, і таму спраўдзіць праўдзівасць словаў Нашынца не выпадала. Але ж для скончанасці справы патрабавалася яшчэ колькі смачных дэталяў, якія вельмі дарэчна дадаў камсамолец Лейчанка.

Из протокола допроса свидетеля Лейченко Ивана Евстахиевича

А еще он говорил, что несколько дней тому назад был в Гомеле, грузил хлеб, и сам лично видел, как один немецкий самолет в одном воздушном бою сбил три советских самолета, этим самым он восхвалял немецкую авиацию…

Калі б следства вялося ў якім 1937 годзе, НКВД напэўна б выкрыла разгалінаваную антысавецкую арганізацыю, у якую б запісалі жыхароў і вёскі Філіпавічы, і вёскі Ліпкі, і вёскі Навозы, а заадно – увесь экіпаж парахода “Акадэмік Забалотны”. Была б напэўна выкрытая і берлінская рэзыдэнтура, і сувязь з Абверам, і замах на жыццё таварыша Сталіна. Але ж часу для гэтага бракавала: Вермахт імкліва сунуўся на усход.

А таму прысуд “фашысцкаму агітатару” мог быць толькі адным…

Именем Союза Советских Социалистических Республик

1941 г., августа 11 дня, Военный Трибунал войск НКВД Киевской области, г. Чернигова, на закрытом судебном заседании  (…) без участия прокуратуры и защиты, рассмотрев дело по обвинению НАШЫНЕЦ Евстафия Прокофьевича, 1900 г. р. (…) в преступлении, предусмотренного ст. 54-10 УК УССР

УСТАНОВИЛ

24 июля 1941 г. подсудимый Нашынец, находясь в с. Навозы, будучи в нетрезвом состоянии, находясь у сельсовета, проводил антисоветские разговоры (…)

СУД ПРИГОВОРИЛ

Нашынец Евстафия Прокофьевича подвергнуть высшей мере наказания – расстрелу, с конфискацией всего принадлежащего ему личного имущества.

Приговор окончательный и кассационному обжалованию не подлежит.

Яўстафій Нашынец быў расстраляны ў той жа дзень. Так скончылася яго неабачлівая балбатня ў прысутнасці палітычна пільнага камсамольца, якога, датаго ж, не пачаставалі самагонам.

Жыхары вёскі Філіпавічы, што цяпер у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, таксама паплаціліся за сваю наіўнасць напачатку вайны. Падчас нямецкага адступлення часткі Вермахта разрабавалі там усё, што магчыма, а тых, хто працівіўся рабаванню, расстралялі.

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_02

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_03

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_04

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_05

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_06

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_07

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_08

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_09

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_10

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_11

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_12

2016-07-19_achromienka_na_uliku_kdb_17_13

* * *

Наступным разам я раскажу пра тое, як наш зямляк у 1943-м годзе ўратаваў ад гібелі ўкраінскае мястэчка, за што потым і патрапіў у “Смерш”.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-15387”