Справа 1943 г. Як «фашысцкі прыхвасцень» уратаваў украінскае мястэчка
Вайсковая контрвыведка «Смерш», створаная ў 1943 годзе, наводзіла на Чырвоную армію куды большы страх, чым Вермахт. У войску «Смерш» выконваў функцыю таемнай паліцыі: выкрываў шпегаў, вербаваў агентуру, а таксама правяраў вайскоўцаў, якія пабывалі ў палоне. Як і НКВД, «Смерш» меў зацверджаныя планы па колькасці «выкрытых здраднікаў Радзімы», прытым метады контрвыведнікаў па выкрыцці тых здраднікаў мала чым адрозніваліся ад энкавэдэшных.
Улада «Смерша» была практычна бязмежнай — і не толькі ў дачыненні да войнаў-вызваліцеляў, але і да мірнага насельніцтва, якое Чырвоная армія вызваляла…
У кастрычніку 1943 г. аддзел «Смерша» 106-й стралковай дывізіі арыштаваў жыхара мястэчка Дабранка, што ва ўкраінска-беларускім сумежжы. Абвінавачванні выглядалі пачварна.
8 октября 1943 г.
ПОСТАНОВЛЕНИЕ НА АРЕСТ
Я, следователь отдела контрразведки НКО «Смерш», капитан Исаков, рассмотрев поступивший материал о преступной деятельности Рябица Петра Аврамовича, 1892 г. р., уроженец села Марковичи Тереховского р-на Гомельской области, из крестьян, белорус, беспартийный…
(…)
НАШЕЛ
что Рябица, находясь на территории, оккупированной немцами, изменил Родине, работал в немецком гестапо и грабил мирное население в деревнях и селах Добрянского района.
Праўда, у Дабранцы, невялікім мястэчку ў чатырох кіламетрах ад беларускай мяжы, ніколі не было гестапа. За часамі акупацыі там была сельскагаспадарчая камендадура, якая займалася харчовымі нарыхтоўкамі для патрэбаў Вермахта.
У Першую сусветную вайну Пётр Рабіца служыў унцер-афіцэрам у царскім войску, у 1914 годзе патрапіў у палон і амаль чатыры гады правёў у лагеры, дзе і вывучыў нямецкую мову. У сельгаскамендатуры ён сапраўды працаваў перакладчыкам пры обер-лейтэнанце Ёгане Аўстэне.
Из протокола допроса Рябица Петра Аврамовича от 10 октября 1943 г.
ВОПРОС: Расскажите подробно, чем вы занимались в период оккупации м. Добрянка.
ОТВЕТ: 20 ноября поступил на работу к немцам в качестве переводчика хозяйственной комендатуры.
ВОПРОС: Расскажите, сколько времени вы работали переводчиком в гестапо у немцев?
ОТВЕТ: Переводчиком в гестапо я совершенно не работал.
Напачатку акупацыі немцы асабліва не дапякалі вяскоўцам. Больш за тое, нацысты распусцілі калгасы, бо лічылі савецкую форму рабства неэфектыўнай. Замест іх і ва Украіне, і ў Беларусі стварылі сістэму «дзесяцідвароў» – таксама сваеасаблівую форму прыгону, але крыху больш прывабную для сялянаў. Пётр Рабіца, па сутнасці, і быў пасярэднікам паміж акупацыйнай адміністрацыяй і сялянамі-дзесяцідворцамі.
Але з канца 1941 года ва ўкраінска-беларускім сумежжы пачаліся масавыя карныя акцыі, асабліва супраць тамтэйшых яўрэяў. Карнікаў не цікавілі сціплыя гаспадаркі расстраляных, і тады безгаспадарнае майно забіралі сяляне.
Неўзабаве ў «Смерш» са сведчаннямі супраць Рабіцы папнуліся і суседзі. Асабліва стараліся тыя, каму з майна расстраляных яўрэяў нічога не дасталася.
Из протокола допроса Москвичевой Дины Евсеевны, жительницы м. Добрянка от 24 ноября 1943 г.
ВОПРОС: Что из имущества расстрелянных евреев забрал Рябица?
ОТВЕТ: Корову, а еще два стула и стол.
У следчай справе захоўваюцца выключна сведчанні супраць арыштанта: «працаваў на немцаў», «ездзіў разам з обер-лейтэнантам» і ўвогуле – «фашысцкі прыхвасцень».
ОБВИНИТЕЛЬНОЕ ЗАКЛЮЧЕНИЕ
21 февраля 1944 г.
Произведенным по делу расследованием установлено, что Рябица П. А.
(…)
Выезжал в села, где занимался грабежом советских граждан, отбирал хлеб и скот для немецкой армии. Для личных нужд взял себе корову и телку, отобранные у расстрелянных немецко-фашистскими властями коммунистов.
(…)
Руководствуясь статьей 204 УПК УССР, следственное дело № 516 по обвинению Рябицы передать Прокурору по подсудности.
Следователь спецотдела УГБ Дадаев
Правіна Рабіцы выглядала бясспрэчнай і відавочнай. Фінал гэтай справы мог быць толькі адным: ці доўгі тэрмін у ГУЛАГу, ці расстрэл.
Але ж здарыўся цуд…
У тым жа лютым 1944 г. у пракуратуру звярнуліся тыя жыхары Дабранкі, якіх «СМЕРШ» выслухаць не захацелі. Местачкоўцы былі неверагодна абураныя арыштам «фашысцкага прыхвасцня», які нібыта іх рабаваў.
Яны і расказалі, чым насамрэч займаўся Рабіца у нямецкай камендатуры.
26 февраля 1944 г.
ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА
Мельниченко Прохора Михайловича
(…)
…тогда я был в партизанском отряде, и Рябица добровольно сообщал нам о том, когда немцы поедут на заготовки. Мы селянам говорили, чтобы они немного жыта и овсов оставляли для гадов, а остальное хавали. Так люди в зиму 1943 года и выжили, бо ести не было чего, в Яриловичах дажа здзирали кору с деревьев и ели.
А что до коровы, которую Рябица якобы украл, то вин ее отдав нам, мы тым молоком больных выходили. Петру мы в благодарность дали немного жита для дети и бутылку самогонки для него.
Паказанні на карысць Пятра Рабіцы характэрызуюцца густым беларуска-украінскім суржыкам і шчырымі партызанскімі пажаданнямі у адрас смершаўцаў. Вяскоўцы засведчылі і тое, што «фашысцкі прыхвасцень» выкупляў у немцаў палонных сяльчанаў. І тое, як ён папярэджваў іх пра дэпартацыі на катаржныя працы ў Нямеччыну…
Дзіўна, але сам Пётр Рабіца чамусьці не высоўваў ніякіх аргументаў у сваю абарону – так, прынамсі, вынікае з пратаколаў яго допытаў. Магчыма, ён не верыў, што тыя аргументы будуць прынятыя. А, мажліва, сапраўды быў вельмі сціплым чалавекам…
17 мая 1944 г.
Я, следователь спецотдела УГБ по Черниговской области мл. лейтенант Госбезопасности Ворожцов, рассмотрев следственное дело по обвинению Рябицы П. А. по ст. 54-1 УК УССР,
НАШЕЛ:
(…)
В процессе судебного расследования установлено, что Рябица П. А. оказывал помощь гражданам путем: предупреждал население о предстоящих мероприятиях немецкой комендатуры, оказывал содействие арестованным немцами советским гражданам и их освобождении.
ПОЛАГАЛ БЫ:
Рябицу Петра Абрамовича из-под стражи освободить.
Гэта адзін з нешматлікіх выпадкаў сталінскай эпохі, калі масавае заступніцтва сумленных людзей уратавала арыштанта ад несправядлівага прысуду. Колькі невінаватых людзей было асуджана тымі «смершаўцамі» да лагераў і расстрэлаў, невядома пагэтуль.
Пётр Рабіца пражыў у роднай Дабранцы да 1962 года. Да самой яго смерці некаторыя асабліва пільныя аднавяскоўцы пісалі на яго ў КГБ даносы як на «фашысцкага памагатага».
* * *
У наступная перадачы вы даведаецеся пра тое, як савецкія спецслужбы змагаліся з антысавецкімі анекдотамі.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-1722”