Справа 1944 г. “Фашысцкі грузчык”
У 1943-44 гадах пачалося маштабнае вызваленне Чырвонай Арміяй акупаваных тэрыторый. Людзі, якія перажылі жахі нацысцкай акупацыі, з кветкамі сустракалі савецкія танкі і, натуральна, спадзяваліся, што цяпер усё ліха засталося ў мінулым.
Але ж мала хто з іх разумеў, што адцяпер амаль усе, хто пабываў пад тае акупацыяй, будуць мець пажыццёвае кляймо “палітычна ненадзейных”. У ар’ергардзе Чырвонай Арміі ішлі шматлікія аддзелы “Смершу”, а таксама тэратарыяльныя органы НКГБ. Яны і вырашалі ступень палітычнай ненадзейнасці людзей, якія па два-тры гады былі змушаныя выжываць на захопленай нацыстамі тэрыторыі.
У поле зроку тагачасных спецслужбаў траплялі не толькі стоадсоткавыя мярзотнікі кшталту расстрэльшчыкаў з зондэркамандаў ці ваякаў “Русской Освободительной Армии”. У “памагатыя фашыстаў” маглі запісаць амаль кожнага, хто пабываў “пад немцамі”…
Да Другой сусветнай вайны ў Дняпроўскім рачным параходстве практыкавалася ратацыя кадраў: беларускіх рачнікоў адпраўлялі ва Ўкраіну, а ўкраінскіх – у Беларусь. Сярод нашых землякоў, адкамандзіраваных на поўдзень ў 1930 годзе, быў і Андрэй Клявузаў, патомны рачнік. У Чарнігаве ён уладкаваўся шкіперам, ажаніўся і прапрацаваў на Дзясне ажно да пачатку вайны. Падчас нацысцкай навалы Клявузаў быў змушаны застацца на акупаванай тэрыторыі.
14 траўня 1944 года ён быў арыштаваны Чарнігаўскім НКГБ.
«Уголовное дело № 2000. Постановление на арест. Кляузов Андрей Яковлевич, 1904 года, уроженца села Дубровка Оршанской области БССР, по национальности белорус, работает шкипером на пристани Чернигов…
Во время немецкой оккупации Кляузов В. Я. работал бригадиром подсобной бригады водного транспорта, принимал меры к досрочному выполнению задания немцев по разгрузке судов. Среди рабочих систематически проводил антисоветские высказывания…”
На акупаванай тэрыторыі наш зямляк застаўся не па добрай волі. У 1941 годзе самаходная баржа, якой кіраваў шкіпер Клявузаў, эвакуявала савецкую маёмасць і патрапіла на Дзясне пад бамбёжку. Падбітую баржу выкінула на бераг, на якім ужо былі часткі Вермахта. Лінія фронту адсунулася далёка на ўсход, і Клявузаву давялося вяртацца ў захоплены Чарнігаў…
“Уголовное дело № 2000. Из показаний Андрея Кляузова. В ноябре 1941 года я возвратился в Чернигов, где была организована биржа труда, куда меня и вызвали повесткой…»
Працоўныя біржы арганізоўваліся нацыстамі на акупаваных тэрыторыях ад 1941 года. На біржы выклікалі позвамі усіх без выключэння працаздольных. У разе нез’яўлення па позве чалавека чакаў у лепшым разе концлагер, а ў горшым – расстрэл “за сабатаж”. Такое ж пакаранне прадугледжвалася за кепскую працу.
Былы шкіпер быў пастаўлены на чале каманды грузчыкаў, пад пільным кіраўніцтвам нацыстаў.
Як і кожны чалавек, які застаўся на акупаванай тэрыторыі, Клявузаў задаваўся пытаннем: чаму Чырвоная Армія ў 1941 годзе ўцякала ад Вермахта?
“Из протокола допроса Левандовского Дмитрия, члена бригады грузчиков. Я Кляузова хорошо знаю, что он настроен антисоветский и очень хороший немецкий агент. Он говорил, что советские газеты писали, будто война будет вестись на территории противника, а мы сами оказались под оккупацией…»
Гэтыя словы былі расцэненыя следчым НКГБ як “паклёп на Савецкую ўладу і камуністычную партыю”, а самаго Клявузава назвалі “фашысцкім грузчыкам”.
Андрэй Клявузав абыйшоўся малою крывёю: шэсць гадоў лагера з канфіскацыяй маёмасці. Шматлікія “фашысцкія вадаправодчыкі”, “фашысцкія настаўнікі”, “фашысцкія дантысты” атрымлівалі значна большыя тэрміны пакарання… Да самое смерці тыя, хто ацалеў пасля лагероў, жылі з кляймом “фашысцкіх прыхвасцняў”.
Пытанне “ці заставаліся вашы бацькі на часова акупаваных фашыстамі тэрыторыях?” захоўвася ў савецкіх анкетах для выезду за мяжу ажно да 1991 года.
* * *
Наступным разам мы пагаворым пра шпіёнаманію, якая панавала ў Савецкім Саюзе ў сталінскія часы.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, следчая справа “П-2000”