Справа 1944 г. Вайна. Галеча. Прадуктовы размеркавальнік НКВД



Кожны, хто праглядаў архіўныя фотаздымкі кіраўніцтва НКВД часоў Другой Сусветнай вайны, напэўна звярнуў увагу: некаторыя чэкісцкія чыны выглядаюць адгадаванымі кабанамі з сельскагаспадарчага павільёна ВДНГ. І гэта з улікам афіцыйных біяграфій: “галоднае дзяцінства”, “пачынаў нялёгкі жыццёвы шлях пастухом” і “не шкадуючы сіл і здароўя, змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі”.

Прычына барскага выгляду савецкіх чэкістаў і ў мірны, і ў ваенны час, тлумачыцца проста: яны не стаялі ў чэргах па хлеб разам з шэраговымі савецкімі грамадзянамі, не елі тое, што елі шэраговыя савецкія грамадзяне і не лекаваліся там, дзе лекаваліся шэраговыя савецкія грамадзяне.

Яшчэ з дваццатых гадоў для супрацоўнікаў “органаў” была створаная сістэма закрытых спецразмеркавальнікаў, закрытых паліклінік і закрытых шпіталяў. Гэтая сістэма дзейнічала бездакорна і да вайны, і пасля яе. І, натуральна, падчас “Великой Отечественной”…

* * *

Першыя спецразмеркавальнікі харчовых і прамысловых тавараў з’явіліся ў СССР яшчэ напачатку трыццатых. Такім чынам спрабавалі змагацца з татальным савецкім дэфіцытам і, адпаведна, са спекулянтамі.

Па хуткім часе тыя размеркавальнікі пераўтварыліся ў звычайныя кармушкі “для сваіх”. Адна з найбагацейшых “кармушак” была ў ОГПУ-НКВД; дэфіцытныя тавары па мінімальных коштах, адсутнасць чэргаў… І гэта без уліку “крамаў канфіскату”, дзе кожны савецкі чэкіст мог па тых жа мінімальных коштах набыць мілую забаўку кшталту гадзінніка расстралянага ці сукенкі асуджанай да лагероў.

Для чэкістаў была прадугледжаная і сістэма адмысловых сталовых з мінімальнымі коштамі, але са шчодрым асартыментам мяса, сметанковага масла і асабліва цукровай выпечкі: складальнікі меню, напэўна, меркавалі, што мозг супрацоўніка “органаў” павінен працаваць, рыхтык турбіна Запарожскай ГЭС…

…У 1944-м годзе фронт імкліва каціўся на захад. У вызваленых ад нацыстаў гарадах ствараліся тэрытарыяльныя органы Дзяржбяспекі, а разам з імі – і сістэма спецразмеркавальнікаў для чэкістаў.

5 ліпенем 1944 года датуецца цікавы дакумент:

 

КОМИССАРУ ГОСУДАР. БЕЗОПАСНОСТИ 3-га РАНГА

тов. Савченко

В гор. Мелитополь по ул. Ленина 124 проживает мать Начальника 1 управления НКГБ СССР комиссара Госбезопасности 3-го ранга тов. Фитина – Фитина Авдотья Максимовна. Прошу распоряжения нач. мелитопольского горотдела НКГБ о прикреплении Фитиной А. М. к магазину спецторга и оказывать ей необходимую медицинскую помощь.

О результатах прошу мне сообщить.

 

Зам. Народного комиссара Госбезопасности СССР

Комиссар Государственной безопасности СВИНЕЛУПОВ

 

Які асартымент прапаноўваў “Глаўспецгандль НКВД” у 1944 годзе?

Было некалькі катэгорый так званага “літарнага харчавання”. “Катэгорыя А”  прадугледжвала ўсе мажлівыя дэлікатэсы, якія толькі маглі даць савецкія палі, лясы, мары, азёры і рэкі, а таксама ленд-ліз: ад ікры чорнай паюснай і да трускалак, ад парной цяляціны і да амерыканскага віскі. Такі стол падчас “Вялікай Айчыннай” мелі вышэйшыя чэкісты ў Маскве і сталіцах “саюзных рэспублік”, а таксама кіраўніцтва “Смерша”, ГУЛАГа і шматлікіх буданічых структур НКВД.

“Катэгорыя Б”, якая, відавочна, і маецца на ўвазе ў лісце таварыша Свінелупава, была бяднейшай, але базавы прадуктовы набор дазваляў у кароткі гістарычны тэрмін набраць фізічныя кандыцыі Галоўнага Буржуіна з папулярнай казкі Аркадзя Гайдара. Падобнае харчаванне прадугледжвалася для сярэдніх і нізавых структур Дзяржбяспекі.

Праз два тыдні ініцыятыва таварыша Свінелупава атрымала такі працяг:

 

СЕКРЕТНО

(…)

Доношу, что мать Начальника Первого Управления НКГБ СССР тов. Фитина проживает в Мелитополе у своей дочери /сестры тов. Фитина/, работающей зав. Отделом Агитации и пропаганды Мелитопольского горкома КПБ (У), которая снабжается в закрытом распределителе партактива по первой категории. Поэтому прикреплять ее к Спецторгу нецелесообразно (в Спецторге ничего нет).

(…)

НАЧАЛЬНИК УПРАВЛЕНИЯ НКГБ

ПОЛКОВНИК ГОСБЕЗОПАСНОСТИ                                                       /ГОЛУБЕВ/

 

Прычына адсутнасці тавараў у “Спецгандлі НКВД” тлумачыцца тым, што ў толькі што вызваленым ад нацыстаў горадзе размеркавальнік яшчэ не быў арганізаваны належным чынам. Затое ўжо існаваў закрыты “размеркавальнік партактыва”, пра які і згадваецца ў дакуменце. Да НКВД ён не меў аніякага дачынення – гэта была зусім іншая кармушка з зусім іншым падпарадкаваннем. “Першая катэгорыя” у “спецразмеркавальніку партактыва”, ясна справа, не прадугледжвала ані ікры асятровай, ані балыкоў з сервілатамі і каньякамі, але на тле агульнай галечы выглядала царскім сталом: тварог, малако, сыры, каўбасы і амерыканская тушонка з “ленд-ліза”…

Зрэшты, у клопаце камісара Дзяржбяспекі таварыша Свінелупава пра маці камісара Дзяржбяспекі таварыша Фіціна няма нічога заганнага: чаму б не дапамагчы старай жанчыне?

Але ў 1944 годзе былі міліёны іншых старэч, хворых на дыстрафію, сухоты і тыфус, якія нават не ведалі пра існаванне спецразмеркавальнікаў, спецсталовых і спецкрамаў, а таксама пра наяўнасць у прыродзе антрэкотаў, шакаладу, кавы, і нават белага хлеба.

Хлеб-“чарнушка” напалам з пілаваннем прадаваўся толькі па картках, пры нормах ад 200 да 400 грамаў. Каб выкупіць той хлеб, людзі займалі чэргі да крамаў а чацьвертай раніцы. Па тых жа картках можна было купіць алей і цукар, а калі пашэнціць – макарону і селядзец. Усё астатняе даводзілася набываць на рынках па шалёных коштах.

Але савецкія чэкісты ў тых чэргах не стаялі і па калгасных рынках у пошуках сала ці бульбы не хадзілі.

Што не замінала ім потым сцвярджаць пра незлічоныя ліхтугі, якія яны перанеслі падчас Вялікай Айчынай вайны…

 

У наступнай перадачы мы пагаворым пра беларускую палітычную эміграцыю ў Польшчы дваццатых-трыццатых гадоў.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 550
Агітацыйны плакат СССР і выявы прадуктовых картак скарыстаныя ў якасці ілюстрацыі