Справа 1945-91 гг. “Савецкі чыгуначнік як патэнцыйны здраднік”



У даваенныя часы чыгуначнікі былі прывеліяванай катэгорыяй савецкіх грамадзянаў. Суадносна высокія зарплаты, ведамасныя ільготы, адмысловая форма… У разе вайны ўсе чыгуначнікі, ад пуцявога абходчыка і да наркама, атрымлівалі “браню ад фронта”. Атрымалі чыгуначнікі такую “браню” і пасля 22 чэрвеня 1941 года.

Дзякуючы тае “броні” большасць чыгуначнікаў не паспела эвакуявацца. “Саўінфармбюро” сцвярджала, што “вораг будзе разбіты па самым хуткім часе”, НКВД бязлітасна карала “за панікёрскія настроі”, а самавольная эвакуацыя на Усход прыраўнівалася да дэзерцірства. Нацысты, у сваю чаргу, пасля акупацыі татальна мабілізоўвалі тых чыгуначнікаў, прытым адмова працаваць каралася расстрэлам “за сабатаж”.

На змену нацыстам зноў прайшлі Саветы, і тут высвятлілася, што некалі прывеліяваныя чыгуначнікі, якія не па сваёй волі засталіся пад немцамі, сталі здраднікамі. Чэкісты садзілі тых чыгуначнікаў часта і густа ажно да пачатку пяцідзесятых гадоў… Гамяльчаніна Павла Лявонцьевіча Лукомскага арыштавалі 5 ліпеня 1945 года. Абвінавачванні гучалі сувора: “удзел у антысавецкай арганізацыі”, “тэрор супраць савецкіх грамадзянаў”, “добраахвотная праца на нямецка-фашысцкіх захопнікаў”…

ИЗ АНКЕТЫ АРЕСТОВАННОГО

Лукомский Павел Леонтьевич

1884 г. р.,

Уроженец г. Гомеля, беспартийный, образование низшее, машинист паровоза, из крестьян, не судим.

Был ли на территории, оккупированной противником: проживал в г. Щорсе с сентября 1941 по сентябрь 1943 г., и с сентября 1943 по 25 мая 1945 г. в дер. Бершау, Восточная Пруссия

Тое, што Лукомскі застаўся на акупаванай нацыстамі тэрыторыі, хай і не па ўласнае волі, было злачынствам само па сабе – так, прынамсі, вынікае з пратаколу допыта. Але ж ён яшчэ і працаваў у чыгуначным дэпо…

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ОБВИНЯЕМОГО ЛУКОМСКОГО П. Л.

6 июля 1945 г.

(…)

ВОПРОС: Чем вы занимались, проживая на оккупированной немцами территории?

ОТВЕТ: Оставаясь на оккупированной территории, я весь период работал машинистом на паровозе. В сентябре месяце 1943 г. с женой и двумя детьми отступил с немцами в Пинск, где работал у немцев на кухне (…) из г. Пинска с семьей выехал в г. Лиду, где также работал с дочерью на кухне, оттуда (…) выехал в Бершау, где дочь работала башматчицей.

Следства нават падкінула Лукомскаму ратавальную саломінку – маўляў, а можа на акупаванае тэрыторыі ты меў нейкае сакрэтнае заданне, пра якое мы не ведаем?

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ОБВИНЯЕМОГО ЛУКОМСКОГО П. Л.

10 сентября 1945 г.

ВОПРОС: Проживая на оккупированной территории, поддерживали ли Вы связь с партизанами?

ОТВЕТ: Будучи на оккупированной территории, я связи с партизанами не имел.

ВОПРОС: Предлагали ли вам партизаны принять участие в партизанском движении?

ОТВЕТ: Предложения со стороны партизан для перевода в партизанский отряд (…) не было.

Паводле чэкісцкай логікі, партызаны кожнаму на акупаванай тэрыторыі рассылалі свае візіткі і запрашальныя квіткі для ўдзелу ў барацьбе супраць нацыстаў.

Але неўзабаве высвятлілася іншае: партызаны без дайпрычыны забілі непаўналетняга сына Паўла Лявонцьевіча…

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ОБВИНЯЕМОГО ЛУКОМСКОГО П. Л.

10 сентября 1945 г.

(…)

ВОПРОС: Будучи на оккупированной территории, почему вы были враждебно настроены против партизан и их действий?

ОТВЕТ: (…) Враждебности против партизан я не проявлял. Когда мой сын был убит (…) я проявил жалость, возможно, где-то и высказал недовольство на действия партизан. Второй случай был, когда нам привезли убитого паровозного машиниста в результате налёта партизан на поезд (…) я сожалел убитому машинисту, потому что у него была большая семья.

(…)

Як і мае быць, не абыйшлося і без даносаў сумленных савецкіх грамадзянаў.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА СВИДЕТЕЛЬНИЦЫ ГЛАДКО-ПРОХОРЕНКО В. А.

12 сентября 1945 г.

(…)

ВОПРОС: Что вы еще можете сказать о предательской, антисоветской деятельности Лукомского?

ОТВЕТ: Мой муж – коммунист, верный ученик партии Ленина-Сталина, и Лукомский об этом знал. Когда мы стояли в очереди за хлебом, то Лукомский меня вытолкнул, что я якобы без очереди залезла и сказал – мол, и ты пришла получать хлеб, кончилось ваше время получать хлеб. После чего сказал немцу: «Это советская активистка жена коммуниста». Меня через неделю вызвали в гестапо и чуть не расстреляли (…)

Дзіўна, але савецкую актывістку, жонку вернага паслядоўніка партыі Леніна-Сталіна нацысты ўсё ж пашкадавалі. Можа таму, што яна, як чыгуначніца, таксама была мабілізаваная акупантамі для здрадніцкай і антысавецкай дзейнасці?

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА СВИДЕТЕЛЯ КАЛИНОВЧЕНКО П. Т.

14 сентября 1945 г.

(…)

ВОПРОС: Каким образом Лукомский восхвалял немецкую технику?

ОТВЕТ: Он говорил, что немецкие паровозы лучше советских и что они прослужат на железной дороге дольше советских. Этим самым он распространял пораженческие настроения среди оккупированных советских людей (…)

Нямецкія паравозы сапраўды былі лепшымі за савецкія. Трафейныя паравозы працавалі на савецкіх чыгунках на пачатку 70-х гадоў. Дый кожны чыгуначны інжынер можа параўнаць савецкі паравоз ФД і нямецкі паравоз BR. Але канстатацыя тэхнічных характэрыстык напэўна не з’яўляецца “распаўсюдам паражэнскіх настрояў”…

Аднак у гомельскім НКВД на гэты конт была іншая думка. Павел Лукомскій добраахвотна застаўся на акупаванай тэрыторыі, працаваў на немцаў, абураўся партызанамі, якія забілі яго сына, усхвальваў фашысцкую тэхніку, чым нанёс вялікую шкоду абароназдольнасці СССР…

Справу скончылі за якія два з паловай месяцы і перадалі ў трыбунал.

ПРИГОВОР

Именем Союза Советских Социалистических Республик

3 октября 1945 г. Военный Трибунал Белорусской Железной дороги в закрытом судебном заседании (…)

ПРИГОВОРИЛ

Лукомского Павла Леонтьевича, по совокупности совершенных преступлений лишить свободы с отбытием наказания в ИТЛ сроком на десять лет с поражением в правах сроком на пять лет с конфискацией лично принадлежащего ему имущества

(…)

З лагера Павел Лявонцьевіч не вярнуўся, але ў 1960 годзе ягоная дачка, Надзея Лукомская, паспрабавала аднавіць справядлівасць у дачыненні да бацькі і падала адпаведную скаргу ў пракуратуру. У чым ёй і было адмоўлена: маўляў, савецкая ўлада нямецкім прыхвасцням не даравала і не даруе!

Павел Лукомскі быў рэабелітаваны толькі ў 1991 годзе. Той жа савецкі суд, які пяцьдзясят шэсць гадоў таму на падставе малазразумелых сведчанняў асудзіў яго на дзесяць гадоў лагероў, цяпер знайшоў гэтыя сведчанні нікчэмнымі і не вартымі даверу. Што даволі красамоўна характэрызуе і суд, і следства НКВД.

* * *

У наступнай перадачы я пазнаёмлю вас з тыповай справай савецкага эрзац-інтэлігента і ягонымі паводзінамі падчас следства ў НКВД.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-14633”