Справа 1945 г. “Міхал Вітушка: хто, дзе, калі?”
Дастаткова ў патрыятычным беларускім таварыстве прамовіць імя Міхала Вітушкі ці згадаць тое імя ў сацыяльных сетках, як рэакцыі імгненна палярызуюцца.
Узнёслыя нацыянал-рамантыкі прыгадаюць “беларускую партызанку” канца 40-х – пачатку 50-х. Бяздушныя скептыкі запярэчаць, што “ніякай партызанкі не было”, таму што Міхал Вітушка загінуў у пачатку 1945 года, і што ўвогуле ён крывавы паліцай і бязлітасны душагуб. Спрэчка зацягнецца на некалькі дзён, спаліць у апанентаў процьму нерваў, забярэ безліч часу і спародзіць багата канспералагічных тэорый.
Архівы былога КДБ УССР не з’яўляюцца для Беларусі профільнымі: інфармацыя па беларускім пасляваенным супраціве там ускосная і фрагментарная. Але тое-сёе з тых архіваў напэўна дазволіць адказаць на некаторыя пытанні.
Пачынаючы са снежня 1944 года, Галоўнае Упраўленне НКГБ СССР выдавала “Алфавитный список подлежащих розыску агентов контрразведывательных и полицейских органов противника, изменников Родине, предателей, ставленников и пособников оккупантов». На чэкісцкім жаргоне гэты двухтомнік, сумарнай вагою пад чатыры кілаграмы, называўся “зборнікам кампраматаў”. Кожны камплект “Алфавитного списка…” быў нумарным, напрыканцы каляндарнага года рассылаўся ў адным асобніку па абласных Упраўленнях МГБ ад Ужгарада і да Сахаліна і меў суворы грыф у “два нулі сакрэтнасці”.
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
При угрозе захвата противником уничтожить.
Данный список является совершенно секретным и им разрешается пользоваться только оперативным сотрудникам МГБ в чекистских целях.
Список хранится наравне с шифром в служебном помещении органа МГБ с обеспечением безусловной сохранности, исключающую всякую возможности хищения, утери или ознакомления с ним посторонних лиц. Выносить его из здания МГБ категорически запрещается.
(…)
Усе дадзеныя, якія фігуруюць у “Алфавитном списке…”, падаваліся ў Галоўнае Упраўленне контрвыведкі з дзвюх незалежных структур: тэрытарыяльных органаў Дзяржбяспекі і вайсковай контрвыведкі “Смерш”. Інфармацыя дбайна апрацоўвалася ўлікова-статыстычнай службай, якая называліся “6 аддзел 2 Упраўлення МГБ СССР”. Пасля прасейвання звестак праз шматлікія фільтры і прагонкі яе праз зубчастыя шасцяронкі інфармацыйны экстракт падаваўся на імя міністра Дзяржбяспекі.
Пагартаем першы том гэтага займальнага чытва да старонкі “326”.
ВИТУШКА М.
Проживал в гор. Минске
Являлся заместителем председателя главного совета националистической организации «Белорусская самопомощь», созданной немцами.
(Материал в 4 Управлении НКГБ СССР)
ВИТУШКО Михаил, 1913 года, проживал в Смоленске, во дворе здания бывш. Госбанка, 3 этаж кв. 15.
Служил заместителем нач. окружной полицейской охраны. Член «Национально-трудового союза нового поколения».
Приметы: ниже среднего роста, блондин, нос острый.
Материал в НКГБ по Смоленской области.
Як бачым, у “Алфавитном списке…” чамусьці фігуруюць і “М. Вітушка”, і “Вітушка Міхаіл”.
Памылка?
Магчыма, крытычную для сталінскай Дзяржбяспекі памылку ў справе з двума нулямі сакрэтнасці не заўважылі ані ў тэрытарыяльным МГБ, ані ў “Смершы”, якія незалежна адзін да аднаго падавалі звесткі. Верагодна, памылку маглі не пабачыць нават ва ўлікова-статыстычнай службе Лубянкі. Але ці можа быць такое, каб на радкі, дзе двойчы запар згадваюцца “М. Вітушка і “Вітушка Міхаіл”, не звярнулі ўвагу і тысячы чакістаў, якія тыя “зборнікі” рэгулярна пераглядалі, і нават сам міністр Дзяржбяспекі таварыш Усевалад Мяркулаў?
Дробныя памылкі, безумоўна, здараліся. Але той жа “6 аддзел 2 Упраўлення МГБ” іх дбайна адсочваў і штомесяц дасылаў свежыя праўкі. За свядомую памылку ў дакуменце такога ўзроўня ўвесь улікова-статыстычны аддзел 2 Упраўлення ў поўным складзе паехаў бы на Калыму гадоў гэтак на дзесяць.
Глядзім той жа “Алфавитный список…”, літара “В”.
ЗАМЕЧЕННЫЕ ОПЕЧАТКИ
(…)
№ страницы – 309
Ванцус Михаил Адамович
Напечатано: Ванцус
Следует читать: Венцус
№ страницы – 328
Владимиров Иван Григорьевич
Напечатано: с. Шенно
Следует читать: с. Шеино
Наконт старонкі “326”, дзе фігуруюць “Вітушка М.” і «Вітушка Міхаіл», ніякай інфармацыі пра заўважаныя памлыкі няма.
Ці можна ўявіць пасля гэтага сітуацыю, калі б у смаленскім Упраўленні МГБ і на Лубянцы паралельна шукалі аднаго і таго ж чалавека? Каб паралельна існавала дзве аператыўна-пашуковыя групы з дзвюма паралельнымі дакументацыямі і дзвюма паралельнымі агентурамі, якія б паралельна выдаткоўвалі дзяржаўныя грошы на пошукі аднаго і таго жа чалавека?
Ці ўсё ж людзі з установачнай уводнай “Вітушка М.” і “Вітушка Міхаіл” былі рознымі?
* * *
Наступнае пытанне, якое вынікае пасля вывучэння “Алфавитного списка…”: а ці сапраўды загінуў Міхал Вітушка ў баі з МГБ 7 студзеня 1945 года?
На сённяшні дзень гэтая версія грунтуецца на сумнеўнай інфармацыі з тых крыніцаў, ад якіх за кіламетр смуродзіць кагэбэшнымі парцянкамі.
7 января 1945 г. в Рудненской пуще после боя отдельных воинских подразделений с бандотрядами «Армии Краёвой» был обнаружен труп убитого немецкого парашютиста, у которого изъят паспорт на имя Витушко Михаила Афанасьевича. В процессе следствия установлено, что немецкий парашютист в чине майора польской армии и под псевдонимом «Муха» совместно с участниками бандотряда «Мысливого» ТЕТЯНЕЦ Михаил также участвовал в боях с частями Красной армии в районе Рудницкой пущи, где и был убит.
Надта ўжо сумнеўна, каб парашутысту, які дэсантаваўся на савецкую тэрыторыю, выдавалі не “дакументы прыкрыцця”, сфабрыкаваныя згодна асноўнаму і запасному легендаванню, а пашпарт на сапраўднае прозвішча. А вось фальшаваныя дакументы на патрэбнае чэкістам прозвішча маглі падкласці ў кішэню якога заўгодна забітага.
Нашто? Каб афіцыйна абвесціць пра яго смерць ці арганізаваць уцечку інфармацыі і тым самым дэмаралізаваць паплечнікаў. Гэты прыём, дарэчы, рэгулярна практыкаваўся МГБ у супрацьстаянні з Украінскай Паўстанцкай Арміяй.
Да таго ж падобныя рапарты вымагалі як мінімум двух дакументаў: “пратакола апазнавання трупа”, падпісанага двума сведкамі, і “пратакола пахавання цела”. Такая практыка была ў МГБ абавязковай: у разе адсутнасці падобных дакументаў чэкіст, які рапартаваў пра ліквідацыю сур’ёзнага ворага савецкай улады, мог пайсці пад трыбунал за свядомае ашуканства кіраўніцтва. Аднак толькі не ў тым разе, калі “рапарт пра ліквідацыю” быў загадзя запланаванай правакацыяй, разлічанай на “знешняга спажыўца”…
Калі б падобныя пратаколы насамрэч існавалі, іх бы, бясспрэчна, апублікавалі. Пакуль іх няма, усе сведчанні пра “загібель Вітушкі 7 студзеня 1945 года” з вялікім адсоткам верагоднасці можна лічыць фальсіфікацыямі.
І галоўнае: пра ліквідацыю якога Вітушкі ў тым падазроным дакуменце ідзе гаворка – пра таго, якога шукала Смаленскае МГБ, ці пра таго, якога аўтаномна ад іх шукалі маскоўскія чакісты?
Гартаем “Алфавитный список…”, глядзім спіс асобаў, якія выбылі са “спісаў кампратаў” цягам 1945 года, зноў даходзім да літары “В”:
СПИСОК
лиц, включенных в алфавит, сведения о прекращении розыска которых поступили после составления алфавита:
стр. 292. ВАСИЛЬЕВ Павел Павлович – расстрелян немцами
стр. 322. ВИНОГРАДОВ Алексей Федорович
стр. 333. ВОДЯНИЦКИЙ Фёдор Терентьевич – умер
Ніякіх згадак пра Вітушку Міхаіла Апанасавіча, “забітага 7 студзеня 1945 года”, тут няма.
Праўда, у наступных “Алфавитных списках…”, за 1946 і 1951 гады, згадкі пра Вітушак таксама адсутнічаюць. Гэта можа азначаць, што МГБ атрымала дадзеныя пра яго ўцёкі за мяжу, а таксама пра натуральную смерць. Зрэшты, гэта можа азначаць і іншае – што Міхала Вітушку сапраўды арыштавалі ці забілі. Але, ведаючы як той “Алфавитный список…” складаўся, здарыцца гэта магло не раней за верасень і не пазней за пачатак снежня 1945 года.
* * *
Ці не галоўны пункт спрэчак – што Вітушка, маўляў, спрычыніўся да злачынстваў супраць чалавечнасці.
Пра “злачынствы беларускіх нацыяналістаў супраць чалавечнасці” савецкія прапагандысты талдычаць яшчэ з часоў выхаду кнігі Лаўрэнція Цанавы “Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков», але ніякіх пераканаўчых доказаў дагэтуль не прывялі. Скептыкі з патрыятычнага лагера ў якасці галоўнага аргумента на карысць магчымых злачынстваў прыводзяць мемуары Дзмітрыя Касмовіча “За вольную і сувярэнную Беларусь”: Вітушка быў за нямецкай акупацыяй адным з арганізатараў дапаможнай паліцыі і таму, маўляў, “мог спрычыніцца да масавых забойстваў”.
За акупацыяй паліцэйскіх частак у Беларусі было вельмі багата: ахоўныя батальёны, Schutzpolizei, Ordnungsdienst, шматлікія батальоны “РОА” і гэтак далей. І далёка не ўсе людзі, якія насілі паліцэйскую форму, былі злачынцамі. Нават у 1944 годзе значную частку тых “паліцаяў” сталінскі “Смерш” проста выпраўляў у штрафбаты “да першае крыві”, пасля чаго іх пераводзілі ў рэгулярныя вайсковыя часткі.
“Мог спрычыніцца” – сюжэтны допуск для літаратуры фэнтэзі, але не для канчатковага прысуду гістарычнай асобе. Тым больш, не варта рабіць гэты допуск на падставе мемуараў. Мемуары не аб’ектыўны архіўны дакумент, звязаны з іншымі дакументамі прычынна-выніковымі сувязямі, а суб’ектыўны літаратурна-ўспамінны жанр. Ды і Касмовіч не прыводзіць у тых мемуарах ніякіх канкрэтных фактаў злачынстваў Міхала Вітушкі.
Тым больш што звесткі пра тых нашых землякоў, якія падчас службы ў паліцыі сапраўды нарабілі розных паскудстваў, у “Алфавитном списке…” прапісаныя падрабязна.
БЫТКОВЕЦ Иван Миронович, 1901 г. р., белорус, уроженец и житель дер. Ивановская Слобода Туровского р-на Полесской области, единоличник.
Дезертировал из Красной Армии. В период оккупации проживал в дер. Ивановская Слобода, служил полицейским. Принимал участие в массовых расстрелах населения еврейской национальности и в операциях против партизан. Грабил и избивал советских граждан. В феврале 1943 г. добровольно выехал в Германию вместе с семьей.
(…)
Материал в УНКГБ по Полесской области.
Нічога падобнага ў “зборніку кампраматаў” на Міхала Вітушку няма.
Як, зрэшты, няма сведчанняў у злачынствах супраць тых беларускіх літаратараў, якія заставаліся пад акупацыяй і якіх літаратуразнаўцы ў цывільным называюць “фашысцкімі халуямі”.
АРСЕНЬЕВА (Кушель) Наталья
Проживала в гор. Минске
Автор ряда антисоветских стихотворений
(Материалы в 4-м Управлении НКГБ СССР)
ГЕНИУШ Лариса
1910 г. рожд. урожен. дер. Жлобовцы Вовнянской вол. Городенского уезда, поэтесса; ранее проживала в Чехословакии (г. Прага)
Белорусская националистка. В период оккупации проживала в г. Минске. Выпустила сборник а/с националистических произведений.
(Материалы в 4-м Управлении НКГБ СССР)
* * *
Выглядае, што праўды пра асобу Міхала Вітушкі мы ўжо ніколі не дазнаемся. Архівы беларускіх спецслужб наглуха закрытыя для грамадскасці, ды і знайсці ў тых архівах можна хіба што шэраговыя следчыя справы.
Але – галоўнае! – значную колькасць дакументаў проста спалілі. Згодна Загаду Старшыні КДБ №00150 ад 1990 г., былі знішчаныя амаль усе “справы-фармуляры” (“дзядзька Фёдар” на жаргоне камітэтчыкаў), справы аператыўнага ўліку, справы групавога аператыўнага ўліку і шмат якія ішныя.
Так кагэбэшнікі зачышчалі сляды ўласных злачынстваў…
Калі нейкія дакументы, у якіх і фігуруе Міхал Вітушка, у нейкі цуд і захаваліся, то іх трэба шукаць у Цэнтральным Архіве ФСБ. Але патрапіць туды цяжэй, чым на кольцы Сатурна.
Аднак нават даступная архіўная інфармацыя дазваляе зрабіць пэўныя высновы.
– людзей з установачнымі дадзенымі “М. Вітушка”, якімі цікавіліся ў МГБ у 1944-1945 гадах, безумоўна, было двое; – няма аніякіх вартых даверу доказаў гібелі Міхала Вітушкі менавіта 7 студзеня 1945 года; – няма аніякіх дакументальных доказаў, якія пацвярджаюць датычнасць Міхала Вітушкі да канкрэтных – злачынстваў.
Але і дакументальна пацверджаных доказаў геройства Міхала Вітушкі таксама няма…
* * *
У наступнай перадачы вы даведаецеся, чым магла ў 1941 годзе скончыцца звычайная армейская “самаволка”.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “170” (Фонд 9), “364” (Фонд 9), “369” (Фонд 9) “371” (Фонд 9), а таксама за падрабязныя кансультацыі.