Справа 1946 г. “Уцёкі з СССР: Чарнігаў-Берасце-Варшава-Ліон



Адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў СССР пацягнуліся цягнікі з рэпатрыянтамі – былымі грамадзянамі Расейскай Імперыі і СССР, якія з розных прычынаў апынуліся ў краінах Заходняй Еўропы. Дамова пра іх вяртанне была дасягнутая падчас Ялцінскай канферэнцыі ў лютым 1945 года, дзе дзяржавы-пераможцы вырашалі лёс пасляваеннага свету.

Усяго, паводле дадзеных Савета Народных Камісараў па справах рэпатрыяцыі, у СССР вярнулася больш за 3 мільёны цывільных асобаў і каля 300 тысяч вайсковапалонных.

Акрамя грамадзянаў, якіх гітлераўцы гвалтоўна адправілі працаваць у Нямеччыну, сярод рэпатрыянтаў трапляліся былыя ворагі савецкай ўлады, а таксама тыя, хто эміграваў на Захад яшчэ да Другой сусветнай вайны. Савецкая прапаганда ўсяляк напалягала: “Радзіма вам усё даравала, яна чакае сваіх блудных сыноў!”

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_01

Адным з такіх аблудлых сыноў быў Леанід Рыгоравіч Дарашэнка, які паходзіў з украінска-беларускага сумежжа. У 1919 годзе яго з мусу мабілізавалі ў армію Урангеля звычайным шарагоўцам, пасля разгрому каторай Дарашэнка уцёк спярша ў Стамбул, з яго – у Плоўдзіў, а адтуль – у Ліон, дзе атрымаў тэхнічную адукацыю і ўладкаваўся на ткацкай фабрыцы хімікам-тэхнолагам. Пасля гітлераўскай акупацыі Францыі ткача гвалтоўна выправілі ў Нямеччыну, дзе ў 1945 годзе яго і знайшлі Саветы. Былога ўрангелеўца адразу забралі ў Чырвонае войска, а пасля заканчэння вайны сунулі яму савецкі пашпарт і адправілі ў СССР – будаваць шчаслівае сацыялістычнае жыццё.

Эйфарыя ад новых рэалій была нядоўгай. Савецкі дэфіцыт, пачварная няшчымніца, усемагутная бюракратыя, вялікая і жахлівая Дзяржбяспека… Дарашэнка зразумеў, што ўся гэтая лухта не для яго і захацеў вярнуцца ў Францыю – тым больш, што ў Ліоне ў яго заставаліся жонка-францужанка і сын.

Рэпатрыянту і стлумачылі, што ні ў якую Францыю яго, савецкага грамадзяніна, больш ніколі не пусцяць. Аднаму дазволь – палова Саюза ў тыя капіталістычныя джунглі папнецца!

І тады Леанід Рыгоравіч вырашыў дзейнічаць на ўласную рызыку…

* * *

Напрыканцы 1945 года Дарашэнка выехаў з Чарнігава ў Берасце, удала пазбегнуў патрулёў на чыгуначным вакзале і запрыкмеціў начны цягнік, што ішоў у Польшчу…

Савецка-польскую мяжу Дарашэнка перайшоў без асаблівых праблем: схаваўся пад вагонам, які, на яго шчасце, і савецкія, і польскія памежнікі праверылі нядбайна. У Беластоку ён вылез на таварнай станцыі і ў нейкі цуд дабраўся да Варшавы, адкуль планаваў даехаць да Шчэціна: фарсіраваць Одэр і праз Нямеччыну паспрабаваць дабрацца да Францыі, да жонкі і сына…

Але ж на варшаўскім вакзале недарэчна натрапіў на патруль польскай паліцыі. У Леаніда Рыгоравіча спыталіся, што ён на тым вакзале робіць, а калі высвятлілі, што той ані слова не разумее па-польску, запатрабавалі чыгуначны квіток і дакументы. Унутраны савецкі пашпарт не ўразіў польскіх праваахоўнікаў, і парушальніка здалі ў контрвыведку савецкіх акупацыйных войск.

ПОСТАНОВЛЕНИЕ НА АРЕСТ

1945 г., июня 10 дня,  Северная группа войск

Я, следователь 4 отдела Управления Контрразведки Северной группы войск, лейтенант Мухачев, рассмотрев следственные материалы о преступной деятельности Дорошенко Леонида Григорьевича, 1898 г. р. (…) с 1919 по 1920 гг. служил в белой армии генералов Деникина и Врагнеля, в 1920 г. эмигрировал за границу, проживал в г. Константинополь (Турция), Пловдив (Болгария), с 1925 по 1944 г. – в Лион (Франция), с 1945 по 1945 г. – в Цитау (Германия), с мая по август 1945 г. служил в Советской армии

НАШЕЛ

(…) пробыв в Чернигове несколько месяцев, Дорошенко решил выехать на постоянное место жительство во Францию и с этой целью в декабре 1945 г. в р-не г. Бреста нелегально перешел государственную границу в сторону Польши, но в г. Варшава был задержан.

У армейскай турме Дарашэнка правёў амаль год. Ён шчыра адказваў на самыя абсурдныя пытанні і нават не спрабаваў палегчыць свой лёс.

19 декабря 1945 г.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

ВОПРОС: В 1920 году вы вместе с остатками армии Врагнеля уехали из Советского Союза в Турцию. Без разрешения на то органов Советской власти. Это является изменой Советскому Союзу, признаете себя виновным в этом?

ОТВЕТ: Да, это является изменой Родине (…)

ВОПРОС: По какой причине вы в 1919-1920 годах, находясь на службе в белой армии, участвовали в боях против Красной армии? Почему не сдались? (…)

ОТВЕТ: Тогда я был молод, поверил лживым разговорам, что Красная армия режет тех, кто воюет против нее, по этой причине не хотел сдаваться в плен (…)

Справа Дарашэнкі выглядала проста шыкоўна: белагвардзеец, палітычны эмігрант, антысаветчык, знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі, жыў у капіталістычнай краіне, жонка і сын пагэтуль жывуць у Францыі, дзе напэўна прыгнятаюць пралетарыят… Дый абвінавачванне ў пазаконным пераходзе савецкай мяжы нават не трэба было фальсіфікаваць!

25 декабря 1945 г.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

ВОПРОС: Вы приехали в СССР, чтобы устроиться на работу и впоследствии взять свою семью. Почему вы не поступили на постоянную работу?

ОТВЕТ: Работая поденно, я в свободное от работы время искал постоянную работу на фабрике им. «1-го мая», на хлебзаводе, на маслобойке, ставки очень низкие и материально меня обеспечить не могут. Я принял решение бежать из Советского Союза во Францию к семье (…)

Як вядома, добрабыт савецкіх людзей штомесяц падвышаўся згодна рашэнням Партыі і Ўраду. Пра што газета “Праўда” і падавала штомесячныя справаздачы. Палітычна няспелая заява Дарашэнкі цягнула на махровую антысавецкую агітацыю, а таксама на злосны паклёп на савецкую рэчаіснасць па заданні французскай выведкі, пра што ў следчай справе ёсць адмысловы запіс.

Следства па справе здрадніка Савецкай Радзімы цягнулася амаль дзевяць месяцаў. Прысуд мог быць толькі адным.

ПРИГОВОР

Именем Союза Советских Социалистических Республик

1946 г. сентября 18 дня

Военный Трибунал Северной группы войск в Закрытом судебном заседании (…)

ПРИГОВОРИЛ

Дорошенко Леонида Григорьевича на основании ст. 58-1-«а» УК РСФСР лишить свободы сроком на 10 лет (…) без конфискации имущества за отсутствием такого у осужденного.

Дарашэнка адбыў дзесяцігадовы тэрмін у “Мінлагу”, што ў Комі АССР, пасля чаго быў выпраўлены на “пасяленне” у занядбаны прылагерны пасёлак. Ліставацца з жонкай і сынам, якія па-ранейшаму чакалі яго ў Францыі, нядаўняму зэку катэгарычна забаранілі. Яму нават не дазволілі сустрэцца з дваюрадным братам – адзіным сваяком у СССР, які знайшоў Леаніда Рыгоравіча абсалютна выпадкова.

Памёр Леанід Рыгоравіч праз паўтары гады пасля вызвалення. Ужо пасля развалу СССР яго жонка Мары-Эміль і сын Вейлон паспрабавалі адшукаць яго магілу, але пошукі выявіліся марнымі.

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_02

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_03

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_04

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_05

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_06

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_07

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_08

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_09

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_10

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_11

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_12

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_13

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_14

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_15

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_16

2016-11-29_achromienka_na_uliku_kdb_44_19

* * *

Тэма наступнай перадачы – масавыя растрэлы мірнага насельніцтва, якія практыкавалася падчас узброеннага супрацьстаяння паміж “чырвонымі” і “белымі” ва ўкраінска-беларускім сумежжы.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “9298-ОФ”