Справа 1949 г. Савецкія людзі супраць заходняй кінематаграфічнай заразы
Пасляваенная эпоха запомнілася савецкім людзям чарговымі рэпрэсіямі, чэргамі па хлеб, мілітарызацыяй жыцця і агульнай няшчымніцай. Нагодаў для ўсмешак было мала, а для весялосці – і пагатоў. Танцы ў Парку культуры па выходных, патэфон у камуналцы, даміно ў альтанцы і піўная ў дзень заробку.
Каралём пасляваенных забаваў быў кінематограф. Кіно любілі ўсе: міністры, тэхнічкі, акадэмікі, пралетарыі, пракуроры, крымінальнікі і нават чальцы Палітбюро.
Савецкіх фільмаў было вобмаль, затое па ўсіх экранах трыўмфальна ішло “трафейнае кіно”: вытворчасці Трэцяга Рэйха і Аўстрыі, прытым у “трафейныя фільмы” запісвалі таксама амерыканскія і ангельскія. На “Дзяўчыну маіх мараў”, а таксама на “Багдадскі злодзей”, “Сястру яго дварэцкага”, “Серэнаду сонечнай даліны” хадзілі па два-тры разы і нават болей. Для савецкага чалавека, зморанага ідыятызмам штодзённага жыцця, прамовамі партыйных дзеячоў і камунальным побытам, замежны кінематограф стаў акном у іншасвет: аказваецца, недзе было і каляровае жыццё – без ранішняй завадской сірэны, страху быць арыштаваным і падручнікаў партвучобы.
Кіраўніцтва МГБ таксама адсочвала рэпертуар кінатэатраў…
* * *
Напрыканцы саракавых гадоў у СССР распачаліся дзве ідэалагічныя кампаніі, знітаваных між сабою: “барацьба з нізкапаклоннікамі перад Захадам” і “пошук расейскіх прыярытэтаў”.
“Барацьба з нізкапаклонствам” вызначалася такімі тэзамі: “расейскай культура па вызначэнні вышэйшая і прагрэсіўнійшая за заходняю”, “капіталістычная культура загнівае, а расейская савецкая квітнее і развіваецца”.
“Пошук расейскіх прыярытэтаў” зводзіўся пераважна да фальшавання вынаходніцтваў і адкрыццёў. Маўляў, ніякі Эдысон ніякую электрычную лямпачку не выйнашаў, гэта зрабіў расеец Яблачкін, ніякіх братоў Райт з іх самалётам не было, самалёт прыдумаў расеец Мажайскі, і не было ніякага першадрукара Гутэнберга, а быў рускі геній-самародак Іван Фёдараў, ён жа Іван Масквіцянін. А той, хто ў гэта не верыць – антысаветчык, касмапаліт і агент заходніх выведак!
Трафейныя фільмы відавочна не ўпісваліся ў ідэалогію расейска-савецкага патрыятызму.
Напачатку 1949 года на Лубянку пайшоў такі дакумент…
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
26 февраля 1949 г.
НАЧАЛЬНИКУ ОТДЕЛА «В» МГБ СОЮЗА ССР
ГЕНЕРАЛ-МАЙОРУ ТОВ. ГРИБОВУ
СПЕЦИАЛЬНОЕ СООБЩЕНИЕ
(…) Пунктами «ПК» в декабре 1948 и январе 1949 годов в почтовой переписке отмечены отрицательные реагирования, исходившие от населения (…) на демонстрацию в кинотеатрах заграничных фильмов.
Авторы документов, усматривая в просмотре заграничных фильмов преклонение перед западноевропейским искусством, выражают желание видеть на экранах кинотеатров советские фильмы, отражающие подвиги и героику советских людей
(…)
Неабходнае тлумачэнне: пункты “ПК” – гэта пункты “перлюстрацыі карэспандэнцыі”. Падобныя пункты існавалі ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах Савецкага Саюза, і спецыялізаваліся на таемным чытанні пошты савецкіх грамадзянаў: выбарачна – усярэдзіне СССР і татальна – усяго, што ішло за мяжу ці з-за мяжы.
А пісалі савецкія грамадзяне вось што…
Из специального сообщения МГБ
Проненко Ю. пишет: «Сейчас демонстрируются иностранные фильмы «Охотники за каучуком», «Трудный путь», «Я обвиняю», «Двойники» и т. д. Я возмущаюсь А где же наше искусство. За полгода выпустили «Молодую гвардию» и «Повесть о настоящем человеке», и то по заказу. Что за застой? Ведь эти фильмы военных лет, подвиги защитника, подвиг труженника. Сколько лет прошло. Где послевоенная пятилетка? Где герои труда? Где же наши русские люди, испытанные в боях, окрепшие в стройках? Где наша русская жизнь? (….) Уже коли зло пресечь, собрать всю эту гадость и сжечь (…) Да лучше бы они показали «Рязанские бабы», и то бы не портили нашу и так уже испорченную молодежь…»
(…)
Юрженко М. П. пишет: «…вчера проклинала создателей картины «Грезы» (немецкий фильм), а с ними и весь проклятый запад. Сейчас чуть ли не каждый день идут новые картины во всех кинотеатрах, немецкие, английские, и не одной русской. Картины в подавляющем большинстве малосодержательные, и игра артистов скверная. И эту дрянь приходится смотреть…»
(…)
Болтоносова Н. Н. пишет: «Ох, как мне надоело смотреть бессодержательные, бессюжетные заграничные кинофильмы. Роскошь, обворожительные улыбки, демонстрация платьев, богатств, обстановки – это прямо в печень въелось (…). Не хочется уже ходить в кино. Когда я посмотрела наши кинокартины «Молодая гвардия», «Повесть о настоящем человеке», то я долго ходила под впечатлением от этих фильмов»
(…)
Усяго ў “спецыяльным паведамленні МГБ” на генеральскае імя прыводзіцца дзевяць вытрымак з лістоў савецкіх грамадзянаў, прытым ніводны з іх не дае ўхвальных водгукаў пра “заходнія фільмы”.
Ці сустракаліся ў падобным ліставанні станоўчыя ці нават узнёслыя рэакцыі на культавыя ў тыя часы “Тарзан”, “Мост Ватэрлоа”, “Джордж з Дзінкі Джаза”, “Сто мужчынаў і адна жанчына”? Безумоўна, так – і было іх у сотні, як не ў тысячы разоў больш за абураных каментароў камсамольскіх сакратароў, супрацоўнікаў агітпропа і іншых паталагічных камуноідаў. На карысць такога сведчаць найперш шалёныя чэргі, якія шнураваліся ў касы пасляваенных кінатэатраў.
Але чэкістам трэба было ўпісацца ў чарговую ідэалагічную кампанію супраць гнілой заходняй культуры, для чаго і было змайстрачана “спецыяльнае паведамленне” на Лубянку.
Далейшы механізм быў адпрацаваны яшчэ з даваенных часоў: МГБ праз парткамы, камітэты камсамола і прафсаюзы арганізоўвала “лісты абураных грамадзянаў” у савецкія і партыйныя органы, з патрабаваннем “забараніць”, “перасекчы” і “спыніць разбэсту”. А тым не заставалася нічога іншага, як на тыя лісты адрэагаваць.
Што і было зроблена. Ад пачатку пяцідзесятых колькасць “трафейных кінастужак” у савецкіх кінатэатрах зменшылася ў разы. Затое касяком пайшлі “высокаідэйныя” і “патрыятычныя” фільмы “пра нашае расейскае жыццё” і “подзвіг народа” кшталту “Аляксандр Папоў”, “Адмірал Нахімаў”, “Сустрэча на Эльбе”, “Зоя”, “Канстанцін Заслонаў”, “Падзенне Берліна” і ім падобныя. Да кінамастацтва гэтыя стужкі мелі ўскоснае дачыненне, затое фільмы былі “ідэалагічна правільныя” і “вартыя ўхвалення”.
Так з падачы Міністэрства Дзяржаўнай Бяспекі ў СССР было зачыненае адно з нешматлікіх акенцаў у вольны свет. І толькі пасля 1953 года акенца ў заходні кінематограф крыху расчынілася зноў.
* * *
З наступнай перадачы вы дазнаецеся пра дэградацыю КГБ у познесавецкія часы.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінкі захавання 685
Фотаздымак менскага кінатэатра “Спартак”1949 г. і менская пасляваенная кінаафіша прадстаўленыя ў якасці ілюстрацыі