Справа 1950 г. „Брати білоруси!..”
Пасляваенны антысавецкі супраціў у Беларусі – сакрэт, загорнуты ў загадку і схаваны ў тэчцы з грыфам “цалкам таемна”. Звесткі пра беларускіх нацыяналістаў, якія да сярэдзіны пяцідзесятых змагаліся з маскоўска-бальшавісцкімі ўладамі, выключна эпізадычныя. Вядомыя хіба што прозвішчы інсургентаў, месцы дыслакацыі антысавецкіх партызанаў, а таксама ацэнка іх дзейнасці Міністэрствам Дзяржаўнай Бяспекі: “бандыты”, “тэрарысты” і “рабаўнікі”. Сённяшнія ацэнкі функцыянераў КГБ Рэспублікі Беларусь мала чым адрозніваюцца ад тых, якія былі прынятыя за часамі сталінскага міністра Дзяржбяспекі, выкрытага ворага народа Лаўрэнція Цанавы: “ворагі калгаснага сялянства”, “недабіткі” і, натуральна, “фашысцкія агенты” (якія, напэўна, выконвалі заданні “Абвера” ажно да 1955 года).
Але на тэрыторыю Беларусі заходзілі і атрады Украінскай Паўстанцкай Арміі. Дзе і спрабавалі наладзіць кантакты з беларускімі антысавецкімі партызанамі…
* * *
А другой палове саракавых у сумежных з Украінай беларускіх землях, пераважна на Берасцейшчыне, сталі з’яўляцца ўлёткі наступнага зместу:
СВОБОДУ НАРОДУ И ЧЕЛОВЕКУ!
Белоруссы!
Подымайтесь к борьбе против русско-большевистских империалистов за свое национальное и социальное освобождение, за построение самостоятельной белорусской державы, руководителем и хозяином которой будет белорусский народ!
Смерть русско-большевистским империалистам, угнетателям белорусского и других народов!
Украинския повстанцы
Пасляваенная Берасцейшчына была адным з самых небяспечных, з пункту гледжання МГБ, рэгіёнаў: антысавецкая беларуская партызанка, разрозненыя атрады Арміі Краёвай, рэшткі “Палесскай сечы” Бульбы-Бораўца, а яшчэ – звычайныя бандыты з былых савецкіх партызанаў і дэзерціраў Савецкай арміі…
Атрады УПА не базаваліся на тых землях – хіба што тактычна адыходзілі ў якія Маларыцкі, Драгічанскі ці Лунінецкі раёны пасля сутыкненняў з МГБ. Спробы некаторых украінскіх гісторыкаў прадставіць тую ж Берасцейшчыну як “тэрыторыю ўкраінскага нацыянальнага супраціву” – не больш, чым патрыятычная фальсіфікацыя. Паводле справаздач МГБ, напачатку 1949 года, напрыклад, на Піншчыне дзейнічала дзесяць антысавецкіх груповак, з якіх да УПА мелі прамое ці ўскоснае дачыненне толькы тры, прытым складаліся яны пераважна з немясцовага насельніцтва, пра што сведчаць “анкеты арыштаваных” у следчых справах. У такія груповкі ўваходзіла максімум 5-6 чалавек. Пры гэтым найбуйнейшай “антысавецкай бандай”, як сведчаць кагэбэшныя архівы, быў беларускі партызанскі атрад камандзіра Цубы.
Пра беларускую антысавецкую партызанку на Палессе вядома мала. Але ў архівах былога КГБ УССР багата сведчанняў пра Украінскую Паўстанцкую Армію на той жа Берасцейшчыне.
У 1949 годзе невялікі атрад УПА пад кіраўніцтвам камандзіра з мянушкай Ярмак пасля цяжкіх баёў з МГБ адыйшлі ў бок Маларытаў. Ахвярамі УПА сталі найперш савецкія актывісты: старшыня сельсавета Бягеза, інструктар райвыканкама Цярэшчанка, міліцыянты Корж і Стэх. Пасля іх ліквідацыі ўкраінскія інсургенты вярнуліся на тэрыторыю Украіны.
У тым жа 1949 г. непадалёк вёскі Літоўск, што блізка Драгічына, быў застрэлены ўчастковы міліцыянт і параненыя двое савецкіх актывістаў. Згодна з інфармацыяй МГБ, напад імаверна здзейснілі ўкраінскія паўстанцы, але іх так і не знайшлі.
Пачынаючы з 1948 года, агентура і аператыўнікі Дзяржбяспекі пачалі фіксаваць на Берасцейшчыне і антысавецкія ўлёткі аўтарства УПА:
Білоруси!
Вже багато сторіч Ваш народ поневірється в неволі, двигаючи ярмо різних окупантів. Незчислених жертв завдали окупанти Білорускому Народові. Найбільші, однак, спустошання нанесли і наносять Вашаму народові таки російско-большевицькі імперіялисти.
Тисячи арештованих, розстріляних, запроторених на зіслання білоруских патриотів; заморених голодом и важкою працею селян и роботників; розстріляні сотні білоруськіх политв’язнів, переданих польскими окупантами перед 1939 роком большевикам; безжалісна русифікація білоруської мови, культури, побуту; фальсифікація білоруськой історії; гробунок богатств білоруської землі, здавлювання поліційским терором свободної думки народу – ссь ще далеко не всі «блага», що приносить для Білоруського Народу варварська «опіка» «старшого брата» , тобто російских імперіалістів.
(…)
Нихто не принесе нам визволення, якщо наші народи спільними силами не здобудуть собі його самі.
(…)
БІЛОРУСИ! Пам’ятайте, що Український Народ і його революційно-визвольний рух – це найвіршійший Ваш друг и союзник в боротьбі за Самостійну Білоруську Державу. Ми, українські революціонери, враз із цілим народом палко вітаємо Вашу визвольну боротьбу і радіємо кожним Вашим успіхам. Так само дружньо і радісно привітаємо день Вашої Волі. Хай же дружба наших народів буде вічною!
(…)
Падобныя ўлёткі, датаваныя 1950 годам, з’яўляліся пераважна ў Пінскім, Кобрынскім, Маларыцкім і Драгічанскім раёнах. Пры гэтым украінскія нацыяналісты звяртаюцца да насельнікаў тых землях не як да “палешукоў” ці нават “украінцаў”, а менавіта як да беларусаў.
Ці даваў распаўсюд такіх зваротаў нейкі практычны плён? Вядома ж, замардаваныя калгаснікі, прачытаўшы ўлётку, не кідалі працу, каб з адкапаным “шмайсерам” сыходзіць у лес ці забіваць прысланых з Расеі старшынь калгасаў. Але падобныя звароты мелі як мінімум адзін станоўчы вынік: нагадвалі “савецкаму насельніцтву БССР” пра тое, што яны – менавіта беларусы. Пры гэтым напамін пра нацыянальную прыналежнасць беларускіх палешукоў гучаў з Украіны. Што цешыць.
* * *
У наступнай перадачы я раскажу пра карказломную гісторыю ўзлёту і краху Усевалада Баліцкага, былога начальніка гомельскай ЧК.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 13, справа 376, адзінкі захавання 42, 44