Справа 1951 г. «Ліст ветэрана Першай дывізіі ім. Касцюшкі тав. Сталіну»



Старэйшае пакаленне, напэўна, добра памятае тэлесерыял «Czterej pancerni i pies» – зухаватую мілітарную казку пра прыгоды экіпажа Т-34 з Першай Варшаўскай танкавай брыгады Войска Польскага.

Cерыял той, калі хто забыўся, мае жыццесцвярджальны патрыятычны фінал. І, напэўна, толькі нямногія задаваліся пытаннем – а як пасля вайны складаліся лёсы тых шарагоўцаў, якія служылі ў хаўрусным Савецкай арміі Войску Польскім?

Першая польская дывізія ім. Касцюшкі была сфармаваная ў 1943 годзе непадалёк ад горада Разань і пасля непрацяглага вышкалу напраўленая на фронт. Касцюшкаўцы змагаліся з нацыстамі ў Беларусі, у паўночнай Украіне, бралі ўдзел у вызваленні Варшавы.

Сярод тых, хто ваяваў у гэтай дывізіі ад першага дня, быў і Вацлаў Кальвасінскі – этнічны паляк, які большую частку жыцця пражыў у Берасці. У адным з баёў ён быў цяжка паранены, доўга лячыўся, атрымаў інваліднасць і пасля вайны перабраўся ў Лодзь.

Але ж на Чарнігаўшчыне ў ветэрана засталіся жонка і двое дзетак, якім не дазвалялі з’ехаць у Польшчу, і ў 1949 годзе Кальвасінскі папрасіў дазволу вярнуцца ў СССР.

У 1951 годзе Кальвасінскага выклікалі ва Eпраўленне МГБ і прад’явілі ордэр на арышт. Пры гэтым баявое мінулае арыштанта чэкістаў не зацікавіла.

ПОСТАНОВЛЕНИЕ

от 02 ноября 1951 г.

Я, старший уполномоченный 4-го отделения 5-го отдела ЎМГБ Черниговской обл., мл. лейтенант Стасевич, рассмотрев наградные польские знаки и удостоверения к ним – “Крест Храбрости” (…), медаль “За Ленино” (…) нагрудный знак “Грюнвальд – Берлин” (…) медали “За Варшаву” и “Краёвай Рады Народовой” (…), нагрудный знак солдата 1-ой дивизии им. Костюшко (…), принадлежавшие Кальвасинскому Вацлову Владиславовичу, арестованному по ст. 54-10,

НАШЕЛ

что перечисленные наградные знаки и удостоверения не представляют интереса для следствия

(…)

Абвінавачванне, якое прад’явілі Кальвасінскаму, гучала для пачатку пяцідзесятых гадоў даволі нязвыкла:

ИЗ ПОСТАНОВЛЕНИЯ НА АРЕСТ

(…)

Кальвасинский, будучи антисоветски настроенным, в августе месяце 1951 г. написал и отправил по почте анонимное письмо резко антисоветского характера, в котором клеветал на одного из руководителей партии и Советского правительства и на Советскую действительность.

“Кіраўніком партыі і ўраду”, якому Кальвісінскі напісаў ліст, быў сам таварыш Сталін. Вацлаў Уладзіслававіч, зрэшты, і не адмаўляў свайго аўтарства.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ОБВИНЯЕМОГО КАЛЬВАСИНСКОГО

от 15 ноября 1951 г.

(…)

ВОПРОС: Назовите лиц, с кем вы вместе писали анонимное письмо антисоветского содержания?

ОТВЕТ: Анонимное письмо антисоветского содержания, а также адрес на конверте, писал я один и в то время со мной никого не было.

(…)

На першых жа допытах Кальвасінскі шчыра расказаў, што прымусіла яго напісаць гэты ліст. Як і сотні тысяч іншых інвалідаў, “ветэран Вялікай Айчынай” пасля заканчэння вайны стаў нікому не патрэбны. Яго не бралі на працу нават вартаўніком. Справа не толькі ў інваліднасці; у 1950-м годзе нацыянальнасць Кальвасінскага відавочна лічылася падазронай. Пры гэтым ніякія франтавыя заслугі ў разлік не браліся.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ОБВИНЯЕМОГО КАЛЬВАСИНСКОГО

от 02 ноября 1951 г.

(…)

ВОПРОС: Почему вы написали анонимное письмо антисоветского содержания?

ОТВЕТ: Меня никто и нигде не брал на работу. Говорили, что я инвалид, а инвалиды никому не нужны (…) Поскольку же в Ново-Басанском районе или в других населенных пунктах на работу я не мог устроиться, я перешел на бродячий образ жизни…

(…)

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ОБВИНЯЕМОГО КАЛЬВАСИНСКОГО

от 17 ноября 1951 г.

(…)

ВОПРОС: Что вам говорили при отказе в приеме на работу?

ОТВЕТ: Говорили, что вакансий нет. Но в Ново-Белице Гомельского района, куда я хотел устроиться сторожем, мне намекнули, что ў меня наверняка есть родственники за рубежом и им неприятностей не надо.

(…)

Са следчай справы відаць, што «ветэран Вялікай Айчынай» атрымаў ажно дзевяць адмоў у працаўладкаванні. Па хуткім часе ветэран стаў бомжам – жонка проста выгнала яго з хаты. А адчаі Вацлаў Уладзіслававіч паспрабаваў быў нелегальна перайсці савецка-польскую мяжу ў раёне Берасця, дзе калісь жыў, але няўдала.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА ОБВИНЯЕМОГО КАЛЬВАСИНСКОГО

от 18 декабря 1951 г.

ВОПРОС: Проживая в Советском Союзе, когда и за что вы судились?

ОТВЕТ: (…) Когда я приехал в Брест, меня задержали пограничники, потребовали документы, а затем пропуск, которого ў меня не было (…) Под следствием я находился около двух месяцев, затем был судим нарсудом г. Бреста и был приговорен к одному году ИТЛ, но ввиду инвалидности мне заменили наказание условным на три года (…)

Вацлаў Уладзіслававіч вярнуўся на Чарнігаўшчыну, бадзяўся па вакзалах і жабраваў. У жніўні 1951 г. ветэрана вайны прарвала: ён выпіў для храбрасці палову шклянкі гарэлкі, зайшоў на пошту і адправіў у Маскву ліст наступнага зместу:

Тов. Сталин

Почему ты продал Росию за погоны и увелечения. А своих бойцов, которые отстояли до последней кропли крови земли и отечество, Отчизну, ты бросил под ноги. Бог знает что, инвалиды Отечественной войны без рук и ног брошены на произвол судьбы. Они работать не могут, а вы их уничтожаете.

Помни, что Советский союз пропал.

Инв.

Вы черти, которые сидите за нашей спиной.

Не варта сурова судзіць этнічнага паляка  Кальвасінскага за пытанне пра “продаж Расеі”: адразу пасля вайны тым жа тав. Сталіным было абвешчана, што “русский народ является наиболее выдающейся нацией из всех наций, входящих в состав Советского Союза», і што “русский народ – руководящий народ». Усё гэта штодня гучала па радыё, рэгулярна друкавалася на старонках газет і старана ўцямяшвалася ў галовы іншых народаў СССР, якія, паводле такой логікі, былі не самымі выбітнымі і далёка не кіруючымі.

І хаця ў якасці адрасата Кальвасінскі пазначыў “Інюркалегію”, а сам падпісаўся “Сігізмундам Сямёнавічам з Жытоміра”, высветліць асобу аўтара было справай тэхнікі: паштовы штэмпель, сведкі на пошце, графалагічная экспертыза…

Ветэран Першай дывізіі ім. Касцюшкі атрымаў дзесяць гадоў лагераў. У 1954 годзе ён патрапіў пад амністыю, паводле каторай тэрмін пакарання знізілі да пяці гадоў, але ж скарыстацца ёй не змог, бо памёр проста ў лагеры.

Тэма наступнай перадачы – справа дасціпнага аферыста, якая вельмі і вельмі нагадвае крымінальныя аповяды Сяргея Пясецкага.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-15990”