Справа 1953 г. “Лаўрэнцій Берыя – лепшы сябра савецкіх крымінальнікаў”



28 сакавіка 1953 года свежыя нумары газеты “Праўда” былі практычна змеценыя з кіёскаў па ўсёй тэрыторыі СССР. Найгалоўны рупар савецкай прапаганды друкаваў “Указ аб амністыі”, чуткі пра якую даўно ўжо цыркулявалі ў Савецкім Саюза. Ініцыятарам амністыі стаў Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя, тагачасны міністр унутраных спраў і, практычна, першы чалавек паслясталінскай краіны Саветаў.

У тэрытарыяльныя упраўленні МГБ прыйшло распараджэнне з Лубянкі: пільна адсачыць настроі савецкіх людзей з нагоды амністыі…

* * *

Пра амністыю 1953 года большасць людзей ведае хіба што з фільма “Халодная лета 53-га года”. Нехта можа прыгадаць адпаведныя старонкі твораў Салжаніцына і Шаламава, нехта – расповяды дзядоў і бабуль. Але ж мала хто задаваўся пытаннем – а нашто Лаўрэнцій Паўлавіч вырашыў вызваліць столькі асуджаных? Няўжо з прычыны ўласцівага яму гуманізма?

Прычын, імаверна, некалькі.

Паводле дакументаў МГБ, у 1953 годзе ў сістэме Дзяржаўнага Упраўлення Лагероў (ГУЛАГ) знаходзілася больш за два з паловай міліёнаў чалавек. Гэтых людзей трэба было карміць, этапаваць, апранаць, ахоўваць і перавыхоўваць, пры гэтым плён прымусовай працы зэкаў быў мінімальным. Савецкі Саюз, знясілены стварэннем атамнай бомбы і гонкай узбраенняў са Злучанымі Штатамі, не мог больш цягнуць цяжар раздзьмутага ГУЛАГа.

Датаго ж, Лаўрэнцію Паўлавічу, які пнуўся на месца памерлага Сталіна, відавочна хацелася зарабіць аўтарытэт у грамадстве. А што што можа быць лепш за амністыю ў дзяржаве, ці не палова якой аплеценая калючым дротам?

Як і мае быць, справаздача МГБ пачынаецца з усхвалення мудрай палітыкі партыі і ўраду, якую выказваюць савецкія людзі.

МИНИСТЕРСТВО ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

ЗАПИСКА ПО «ВЧ»

НАЧАЛЬНИКУ 5-ГО УПРАВЛЕНИЯ МВД СОЮЗА ССР

Генерал-лейтенанту

тов. Сазыкину

Сообщаю, что в МВД УССР поступили следующие данные о реагировании населения на Указ Президиума Верховного Совета СССР об амнистии.

(…)

БССР, г. Жлобин, ул. Урицкого 26

Берлин И., для Лилии и Бориса Шрота

31. 03. 53. «…последние события, Указ Президиума Верховного Совета об амнистии, оживило настроение многомилионного народа Советского Союза. Чувствуется, как наше правительство заботится о живом человеке, направляет его на правильный путь, возвращает многих людей в семью трудящихся на благо Родины и построения коммунистического общества…»

(…)

Бобруйская область, Стародорожский р-н., село Залунье, Мельник Надежда.

28. 03. 53 г. «…Змитер скоро будет дома, с нами! Вышел Указ об амнистии. Освобождаются все осужденные, кому был срок до 5 лет, независимо от того, сколько они уже отбыли. Рад за вас и словами этого не передать. Хорошо, что так мало вам пришлось быть без Змитера (…)

Надзея Мельнік з вёскі Залунне Старадарожскага раёна Бабруйскай вобласці, чый ліст быў перлюстраваны Дзяржбяспекай, мела рацыю: пад амністыю падпадалі ўсе, хто атрымаў мінімальный для тагачаснага крымінальнага кодэкса тэрмін па “антысавецкіх злачынствах” – пяць гадоў.

Акрамя гэтай катэгорыі зэкаў, амніставаліся так званыя “бытавікі”, то бок людзі, асуджаныя за гаспадарчыя, службовыя і некаторныя вайсковыя злачынствы, а таксама непаўналетнія, старыя, хворыя, жанчыны з малалетнімі дзецьмі і цяжарныя.

Прынята лічыць, што найбольш небяспечныя крымінальнікі пад берыеўскую амністыю не траплялі. Але гэта толькі фармальна. Што замінала якому аўтарытэтнаму блатному арганізаваць сабе і сваім сябручкам даведку пра цяжкую хваробу? Сістэма ГУЛАГа была даволі скарумпаванай. Дый малалетнія крымінальнікі, якіх выпускалі без разбору, амаль не адрозніваліся па жорсткасці ад старэйшых таварышаў.

Аднак вельмі багата савецкіх людзей наіўна лічыла, што татуіраваная лагерная хеўра, якая магла адно забіваць, гвалціць і рабаваць, адразу кінецца будаваць камунізм.

Из информационной сводки МГБ «О реагировании населения на Указ Президиума Верховного Совета СССР об амнистии»

(…)

Рабочий артели Левшин М. С., говоря об указе, сказал:

Это большое политическое дело. Все отпущенные домой теперь будут стоять горой за коммунистическую партию и советское правительство”

Рабочий артели “Строитель” Козак сказал:

Для многих, находящихся в заключении, которые попали по своей несознательности, амнистия – большое счастье. Эти люди вернутся к своим семьям и всю жизнь будут благодарить советское правительство”

Як амніставаныя крымінальнікі ўліліся ў сям’ю савецкіх народаў, якая натхнёна будавала камунізм, — вядома ўсім, хто тую амністыю памятае, ці чулі пра яе ад бацькоў і дзядоў.

Ужо з сярэдзіны 1953 года, напрыклад, жыхары Гомеля баяліся ў цёмны час выходзіць на вуліцы. Крымінальнікі па адным і цэлымі бандамі здымалі з мінакоў гадзіннікі і прыстойную вопратку, вырывалі ў жанчын радыкюлі, а то і проста гвалцілі і рэзалі. Катастрафічна павялічылася колькасць кватэрных рабаванняў, крадзяжоў на вакзалах і ў цягніках.

На дзікіх абшарах азіяцкай часткі Расеі было значна горш: цэлыя гарады на колькі тыдняў апынуліся пад уладай блатных. Прытым ані МГБ, ані міліцыя не маглі даць рады савецкім людзям.

Пра небяспеку масавай амністыі крымінальнікаў здагадываліся толькі тыя, хто раней сутыкаўся з лагерным светам. Але далёке не ўсе яны агучвалі свае думкі…

Из информационной сводки МГБ «О реагировании населения на Указ Президиума Верховного Совета СССР об амнистии»

(…)

Шофер такси Драгобыческой автотракторной колонны Антонов в разговоре с рабочими ремонтной конторы сказал:

«Дело в том, что выпустят всех жуликов и воров на свободу, они начнут воровать и грабить. Из-за них и честным людям места не будет. Надо выпускать из заключения тех, кто попал случайно, а профессиональных воров необходимо держать в заключении»

(…)

Руководитель архитектурно-планировочной мастерской (…) Пискуненко Н. Н. об Указе сказал:

«Возможно, в отношении престарелых, беременных женщин это и правильно, но в отношении освобождения воров я не согласен. Это же выйдет уйма малолетних преступников, людей хотя и молодых, но исключительно испорченных (…)»

Ці разумеў той жа Лаўрэнцій Берыя, чым можа скончыцца шалёная ін’екцыя гвалту і беззаконнасці ў грамадства?

Безумоўна, так: чалавек, які працаваў у “органах” ажно з 1927 года, не мог не разумець гэтага. І тут, пэўна, узнікае найбольш верагодны адказ на пытанне: “а нашто тая маштабная амністыя ладзілася? Імаверна, вызваленне такой шалёнай колькасці забойцаў, рабаўнікоў і гвалтаўнікоў, а таксама пачварныя наступствы, з гэтым звязаныя, спарадзіў бы ў савецкіх людзей прагу “моцнай рукі”, якая б “навяла жалезны парадак”. А ўжо лепшай кандыдатуры на гэтую ролю, чым таварыш Берыя, і быць не магло…

Член Палітбюро ЦК КПСС, Маршал Савецкага Саюза, міністр унутраных справаў СССР таварыш Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя 26 чэрвеня 1953 года быў арыштаваны ў Крамлі, вызнаны замежным шпіёнам і па хуткім часе расстраляны. Крыху пазней была арыштаваная ўся яго крэатура ў Дзяржбяспецы, якую абвесцілі “бандай Берыі” і таксама страцілі.

Але механізм берыеўскай амністыі было ўжо не спыніць. Амністыя гэта мела цэлы шэраг наступстваў, найперш ідэалагічных. У СССР упершыню масава сутыкнуліся дзве ідэалогіі: правільная, савецкая – і лагерная, блатная. Перамагла менавіта блатная ідэалогія, найбольш яскравымі праявамі якой сталі татуіжы, якімі цяпер было модна выхваляцца, блатныя “понятия» і зонаўскія песні пра рамантыку жыцця за калючым дротам, якія пазней з невядомай прычыны назвалі “лагерным шансонам”.

Так што наступствы тае амністыі весны 1953 года, прыдуманай Лаўрэнціем Паўлавічам для прыходу да ўлады, мы змушаны назіраць і па сённяшні дзень.

* * *

Наступным разам мы перанясемся ў куды бліжэйшыя нам часы – эпоху Леаніда Ільіча Брэжнева. Прыгадаем адпачынак ва ўлюбёным месцы савецкай інтэлігенцыі — Кактэбелі, а таксама дазнаемся пра тое, як КГБ пільнавала там антысавецкія настроі і да якіх наступстваў тое пільнаванне прыводзіла.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 882