Справа 1953 г. „Як у Дзяржбяспецы чыталі нашы лісты”
У савецкую эпоху папяровыя лісты пісалі ўсе і ўсім: бацькам, дзецям, сябрам, калегам, сваякам і каханым… На святы было прынята абменьвацца віншавальнымі паштоўкамі, на вяселле дасылаліся адмысловыя запрашэнні. Змест лістоў з войска і ў войска, а таксама з турмы і ў турму ўзнёсла пераказваліся ў прыватных размовах і нават апяваліся ў фальклоры.
Самымі ўважлівымі чытачамі карэспандэнцыі савецкіх грамадзянаў была Дзяржбяспека. Прычын таму некалькі. Па-першае, у лісце чалавек звычайна куды больш шчыры, чым у размове. Па-другое, у лістах іншым разам паведамляецца не толькі канкрэтная інфармацыя пра канкрэтных людзей ці падзеі, але і даецца іх палітычная ацэнка. Ну, а па-трэцяе, папяровы ліст зручны хаця б тым, што заўсёды мае моц дакумента, які можна падшыць у тэчку з надпісам “Крымінальная справа”.
* * *
Перлюстрацыяй прыватнай карэспандэнцыі займаліся яшчэ ў ЧК часоў Фелікса Дзяржынскага. Спярша адмысловыя аддзелы былі толькі ў Петраградзе і ў Маскве, але ўжо ў дваццатыя гады чытаннем чужых лістоў займаліся ва ўсіх губернскіх цэнтрах.
Падчас Другой сусветнай да перлюстрацыі дадалася і вайсковая цэнзура; усе лісты з фронта і на фронт вычытваліся спецыяльнымі службамі, пра што і адрасат, і атрымальнік выдатна ведалі дзякуючы адмысловаму штампу.
Але найбольшага размаху чытанне чужых лістоў дасягнула адразу пасля заканчэння вайны. Па ўсім СССР былі арганізаваныя пункты “ПК”, то бок “перлюстрацыі карэспандэнцыі”, якія намінальна ўваходзілі ў 6-ты аддзел Аператыўна-тэхнічнага Упраўлення. Безумоўна, супрацоўнікі тых ПК фізічна не маглі прачытаць усе лісты, якія праходзілі праз пашту, а таму акцэнт рабіўся на ліставаннях тых грамадзянаў, якія знаходзіліся ў распрацоўцы Дзяржбяспекі.
Пра перлюстрацыю лістоў у БССР вядома небагата. Хіба толькі тое, што адзін з найбуйнейшых пунктаў “ПК” знаходзіўся на менскім Глапаштамце, з боку вуліцы Свярдлова.
Але добра вядома, як працавала “ПК” у суседняй Украіне. Аналіз дакументаў былога КГБ УССР і дазволіць скласці ўяўленне пра аналагічную службу у Беларусі.
НАЧАЛЬНИКУ 6-го СПЕЦОТДЕЛА МВД СОЮЗА ССР
Генерал-лейтенанту тов. Воронину
гор. Москва
11 апреля 1953 г.
ОТЧЕТ
О работе 6-ых специальных спецотделов МВД-УМВД Украинской ССР по контролю международной и внутрисоюзной почтово-телеграфной корреспонденции.
(…)
На территории Украинской ССР работает 100 пунктов «ПК».
(…)
Результаты контроля внутрисоюзной корреспонденции
Киевский пункт «ПК». Поступило исход. корреспонденции – 9 268 885. Прочитано документов – 27 882
(…)
Черниговская. Поступило исход. корреспонденции – 1 964 485. Прочитано документов – 31 642
Черновицкая. Поступило исход. корреспонденции – 1 582 406. Прочитано документов – 117 128
(…)
Ва УССР у 1953 годзе было больш за сто райцэнтраў. “Сто пунктаў ПК”, пазначаных у справаздачы, азначае, што перлюстрацыяй пошты займаліся ў кожным з іх. У БССР ў 1953 годзе таксама было больш чым за сто райцэнтраў. Адпаведна, прыватная карэспандаэнцыя таксама перлюстравалася ў кожным.
Колькасць адпраўленых лістоў з Кіева – каля 9 млн. 300 тыс, пры тагачасным насельніцтве ўкраінскай сталіцы ў 700 тыс., колькасць перлюстраваных дакументаў – каля 28 тыс. Менск узору 1953 г. быў прыблізна ўдвая меншым па насельніцтву – адпаведна, і колькасць адпраўленых лістоў, і колькасць перлюстраваных можна дзяліць на два.
Дадзеныя па Чарнігаву цалкам супаставімыя з гомельскімі, а лічбы па памежных Чарнаўцах – з паказчыкамі па памежнай Гародні…
Адназначна перлюстравалася ўся пошта, якая адрасавалася за мяжу ці прыходзіла з замежжа. Для гэтага ў 6-м Аддзеле аператыўна-тэхнічнага Упраўлення працаваў цэлы штат паліглотаў з прыўкраснымі кагэбэшнымі зарплатамі, прытым паліглоты тыя валодалі самымі экзатычнымі мовамі.
Из отчета “О работе 6-ых специальных спецотделов МВД-УМВД»
(…)
Корреспонденций на Албанском – 7, Арабском – 12 (…) Греческом – 31, Датском – 20, Древне-еврейском – 10 (…) Испанском – 130, Китайском – 271, Корейском – 500, Латинском – 2, Монгольском – 108, Норвежском – 47, Шведском – 23, Эсперанто – 23 (…)
Праўда, у справаздачы фігуруюць і такія мовы, як “мексіканская” (побач з гішпанскай), “бразільская” (разам з партугальскай) і “бельгійская” (разам з французскай і фламандскай). Дзіўна, што яшчэ няма “амерыканскай мовы”…
Імаверна, перлюстратары ў райцэнтрах вызначалі мову па адрасатах ці адваротных адрасах, а ў тым разе, калі “бразільскай” ці “бельгійскай” не валодалі, адсылалі ліст на ўзровень вышэй.
Як прачытаць чужы ліст, каб пра гэта не дазнаўся адрасат?
Галоўнай прыладай быў чайнік: капэрта трымалася над парай, расклейвалася, а потым заклайвалася. Крыху пазней з’явілася так званае “шыла” – танюткая швайка, якая прасоўвалася ў кут капэрты. Ліст акуратна намотваўся на метал і выцягваўся вонкі. Усярэдзіну ліст трапляў падобным жа чынам. У брэжнеўскія часы ў КГБ з’явіўся цэлы арсенал адмысловых прыладаў, якія тыя капэрты прасвечвалі і без трыбушэння.
Сярод савецкіх грамадзянаў трапляліся і аматары канфендыйцыйнасці, якія закладалі лісты ў чорную фотапаперу, а самі капэрты заляплялі сталярным клеем. У 6-м Аддзеле такіх крылі апошнімі словамі, але ў разе адрасавання ліста за мяжу ён усё адно чытаўся.
Пры аператыўнай заяўцы на перлюстрацыю карэспандэнцыі інструкцыі былі такія. Перлюстратар быў забавязаны скласці на ліст асобны пашпарт: у якім выглядзе той ліст месціўся ў капэрце, як і чым быў заклеены. Пасля чаго тэчка з лістом адпраўлялася ва Упраўленне КГБ, прытым камітэтчыкі патрабавалі менавіта арыгінал. Там лісты вывучаліся на прадмет тайнапісу. Згодна інструкцыям, ліст трэба было вярнуць праз колькі дзён. Але камітэтчыкі, здаралася, трымалі іх тыднямі, спасылаючыся на аператыўныя патрэбы…
Наколькі эфектыўнай былі пункты перлюстрацыі карэспандэнцыі?
Из отчета “О работе 6-ых специальных спецотделов МВД-УМВД»
(…)
Просмотрено исходящих документов – 60 145 670
Выявлено авторов и распространителей анонимных документов и листовок по почеркам – 35
Такім чынам, плён тысяч пунктаў перлюстрацыі лістоў выяўляўся мізэрным: адна “антысавецкая праява” на больш чым 1 млн. 700 лістоў.
Але пункты “ПК” праіснавалі да самога скону СССР і, адпаведна, савецкага КГБ…
…Лічбавая эпоха забіла папяровая ліставанне. У наш час лісты ў класічных капэртах адпраўляюць хіба што вясковыя пенсіянеры і афіцыйныя ўстановы. Цяперашнія спецслужбы чэрпаюць веды пра неблаганадзейных грамадзянаў пераважна з перлюстрацыі электроннай пошты, шматлікіх мэсэнджэраў, смс-ак і перахопу мабільных размоваў. Тым больш, што тэхнічна зрабіць гэта не складаней, чым ускрыць капэрту ў савецкія часы.
* * *
У наступнай перадачы я раскажу пра тое, як сталінскія чэкісты бавілі вольны час паміж арыштамі, допытамі і расстрэламі.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінкі захавання 884