Справа 1965 г. “Фарца”, “бамбілы” і аператыўна-чэкісцкія мерапрыемствы



Слова “фарцоўшчык” цяпер напэўна незразумелае пакаленню, якое сфармавалася пасля распаду СССР. Як, зрэшты, і іншыя савецкія слоўцы кшталту “авоська”, “керагаз” ці “камсарг”.

Між тым, фарцоўшчыкі былі людзьмі куды папулярнейшымі за тых ж камсаргаў. Адважныя рыцары свабоднага бізнэсу, яны першымі адчынілі дзверы ў свет дабрабыту і бляску капіталізму, ажыццяўляючы мары савецкіх людзей пра “салодкае жыццё” і замежныя брэнды.

Найбольш удалыя фарцоўшчыкі нават станавіліся ў СССР даляравымі міліянерамі. Але пры неспрыяльных раскладах тых міліянераў маглі і расстраляць – як, напрыклад, знакамітага маскоўскага фарцоўшчыка і валютчыка Яна Рокатава, у якога пры ператрусе ў 1961 годзе знайшлі каля палутара мільёнаў даляраў у валюце і ў золаце.

Пра мажлівыя наступствы ведалі ўсе, хто станавіўся на сцежку фарцоўкі. У тым ліку – і пра тыя метады, якія ўжывалі ворагі свабоднага бізнэсу з ОБХСС і КГБ…

* * *

Не варта і казаць: няўсмешлівыя хлопцы з ідэалагічна правільнымі тварамі адсочвалі “фарцу” куды больш пільна за міліцыянтаў…

 

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

СЕКРЕТНО

 20 апреля 1965 г.

 Информационное сообщение

 Имеющиеся в Комитете Государственной Безопасности при Совете Министров (…) материалы свидетельствуют о том, что в последние годы, в связи с увеличением (…) заездов иностранных туристов, членов делегаций и иноспециалистов, значительно участились контакты советских граждан на контрабандно-спекулятивной основе. В подавляющем большинстве в сделки с иностранцами вступают советские граждане из числа молодежи, в основном так называемые фарцовщики, занимающиеся скупкой и перепродажей предметов иностранного производства.

Чэкісты відавочна блыталі “прычыну” і “наступствы”. Прычынай фарцоўкі было не павелячэнне іншаземных турыстаў, а татальны дэфіцыт у СССР якаснага шырспажыва.

 Для таго, каб у дзяржаве надарыўся дэфіцыт пэўных тавараў, не абавязкова ўводзіць “антызаходнія санкцыі”, як у сучаснай Расеі. Дастаткова перайсці на планавую сацыялістычную эканоміку – і ва ўжытак абавязкова вернуцца выразы “выкінулі” (каўбасу ў краме), “даюць” (імпартныя красоўкі ў “Спорттаварах”) і “не больш за кілаграм у адныя рукі!” (апельсіны ў гастраноме).

Савецкі Саюз, натуральна, і быў дзяржавай планавай сацыялістычнай эканомікі. Дэфіцытам было практычна ўсё, што карысталася попытам. Вопратка савецкіх людзей нагадвала дрэс-код Паўночнай Карэі: аднолькава ўбогія строі, аднолькава пачварны абутак і адчуванне агульнай шэрасці…

Из информационного сообщения КГБ

 (…)

Из материалов следствия, объяснений фарцовщиков и по оперативным данным видно, что многие лица из этой категории, усматривая в фарцовке источник легкой наживы, как правило, бросают работу или учебу, ведут паразитический образ жизни и разлагающе действуют на молодежь, втягивая ее в преступную деятельность (…)

У Менску фарцоўшчыкаў было небагата, і ўсе яны ведалі адзін аднаго ў твар. Галоўным аб’ектам сталічнай “фарцы” былі турысты з братняй Польскай Народнай Рэспублікі. Асартымент тавараў, якія палякі прывозілі на продаж у Менск, быў класічным для СССР: джынсы “Wrangler” і “Lee”, цыгарэты “Marlboro”, дыскі “Beatles” і  “Led Zeppeling”. У пазнейшыя часы да гэтага дадаліся гадзіннікі “Montana”,  марынэркі-“натаўкі”, парфума і спіртное.

Варта было ў якім менскім гатэлі з’явіцца новай партыі польскіх турыстаў, і фарцоўшчыкі выходзілі на працу. Называлася гэта на тагачасным жаргоне – “бамбіць фірму” (з націскам на “у”). Бізнэсовыя сустрэчы праходзілі пераважна ў гатэлях “Мінск” і “Спадарожнік” (з канца сямідзесятых да іх дадаліся “Планета” і “Юбілейны”), а таксама ў раёне чыгуначнага вакзала,  стадыёна “Дынама”, кафэ “Вясна” і рэстарацыі “Падстам”. Польскія грамадзяне атрымлівалі на перапродажы джынсаў і дыскаў немалы гешэфт, але яшчэ большы гешэфт атрымлівалі рыцары свабоднага гандлю: тыя ж джынсы “Wrangler” ці “Levi’s 501” перапрадаваліся савецкім грамадзянам па 120-150 рублёў, а блок цыгатэт “Camel” улятаў за 200 рублёў, што складала сярэднямесячную зарплату загадчыка цэха Мінскага Трактарнага.

Галоўным ворагам фарцоўшчыка, вядома ж, была міліцыя, якая круціла падпольных бізнсоўцаў па артыкуле “спекуляцыя”. Аднак частка мянтоў была прыручаная, а ад непрыручаных можна было паспрабаваць і адкупіцца. А вось чэкістаў, ад якіх адкупіцца было значна цяжэй, цікавіў не спекулятыўны, а менавіта ідэалагічны бок працэса.

Из информационного сообщения КГБ

(…)

Имеющиеся данные указывают на то, что деятельность фарцовщиков отрицательно влияет на воспитание подрастающего поколения, унижает достоинство граждан СССР в глазах иностранцев и создает ложное представление у них о советской действительности.

У поле зроку КГБ фарцоўшчыкі звычайна траплялі па трох прычынах. Па-першае, калі міліцыя паведамляла чэкістам пра знойдзеную ў фарцоўшчыка валюту. Па-другое, калі хто па дурасці звязваўся з “антысаветчынай” кшталту Салжаніцына, а таксама з тым, што ў чэкісцкіх дакументах называлася “літаратурай рэлігійнай і нацыяналістычнай скіраванасці”. Па-трэцяе — калі камітэтчыкі займаліся аператыўнай распрацоўкай якога замежніка і ў іх поле зроку трамляў фарцоўшчык.

Из информационного сообщения КГБ

(…)

Полученные данные в отношении фарцовщиков показывают, что эта категория советской молодежи в силу отсутствия достаточной политической подготовки и жизненного опыта, в процессе постоянного общения с иностранцами зачастую подпадает под влияние буржуазной идеологии, отдельные из них начинают вынашивать изменнические настроения и на этой почве могут быть использованы разведками противника.

Фарцоўшчыкаў садзілі ў турму не так часта – звычайна КГБ абмяжоўвалася “прафілактаваннем”, то бок выхаваўча-ідэалагічнай размовай з тлумачэннямі магчымых турэмных перспектыў. Куды спакуслівей было бізнэсоўцу завербаваць: кантактуе з замежнікамі, мае напрацаваную кліентуру, балансуе на мяжы турэмнага артыкула…

Пры нагодзе менавіта праз агентуру сярод “фарцы” праходзілі і аператыўныя распрацоўкі патрэбных КГБ замежнікаў, і іх “падставы” – калі таму ж грамадзяніну ПНР падкідалася нешта супрацьзаконнае, на чым і стваралася вярбовачная сітуацыя…

…Фарцоўка, як з’ява, знікла напачатку 90-х гадоў – разам з СССР, “планавай сацыялістычнай эканомікі” і эпохай татальнага дэфіцыту. Частка герояў менскай “фарцы” ужо памерла, частка з’ехала за мяжу, а некаторыя ўліліся ў эканамічную сістэму Рэспублікі Беларусь.

У якой паспяхова існуюць і пацяпер.

[Not a valid template]

* * *

З наступнай перадачы вы дазнаецеся пра тэатралаў з Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі СССР.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 950

У якасці ілюстрацыі скарыстаная карыкатура з часопіса “Крокодил».