Справа 1965 г. “Як райкам партыі сфальсіфікаваў цэлы партызанскі атрад”



Афіцыйная гісторыя вайны, якую савецкія і постсавецкія гісторыкі называюць “Вялікай Айчыннай” – гэта паўпраўда, паўвыдумкі, а тое і проста прымітыўная хлусня. Маніць пра вайну пачалі з першых дзён 1941 года. “Саўінфармбюро” брахала пра неверагодны лічбы нацысцкіх стратаў, камандуючыя франтоў і армій наўмысна заніжалі колькасць забітых і параненых чырвонаармейцаў, камандзіры палкоў і  дывізій выдумлялі падбітыя танкі Вермахта і збітыя самалёты Люфтвафэ.

Але ж іншым разам у савецкіх справаздачах пра “подзвіг народа” сустракаюцца проста неверагодныя фантазіі – ад першага і да апошняга слова. З цягам часу фантазіі гэтыя легітымізаваліся і ўваходзілі ў падручнікі, як “прыклады гераізму савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Гісторыя гэтая пачалася яшчэ ў 1945 годзе, калі НКГБ заарыштавала Карнея Пракопавіча Клубава, сціплага майстра крухмальнага завода.

ПОСТАНОВЛЕНИЕ НА АРЕСТ

27 ноября 1945 г.

Я, следователь спецотдела УНКГБ по Черниговской области, ст. лейтенант Журавлев, рассмотрев поступившие материалы преступной деятельности КЛУБОВ Корней Прокопьевич, 1900 г. р. (…)

НАШЕЛ

Клубов в начале Отечественной войны находился в составе истребительного батальона в м. Мало-Девица.

С приближением фронта группа батальона, в которой находился Клубов, пошла на сближение с Красной армией, закопав оружие, принадлежащие группе, для хранения.

В пути следования группы Клубов ушел от группы и возвратился к себе домой.

(…)

В феврале месяце 1942 г. (…) на допросе у начальника полиции рассказал о личном составе истребительного батальона, а также о нахождения оружия, спрятанного истребительной группой, после чего дал согласие стать тайным агентом полиции.

(…)

У дакуменце ідзе гаворка толькі пра “знішчальны батальон”, але ж ужо на першым допыце Клубава той батальон дзіўным чынам пераўтвараецца ў партызанскі атрад.

ИЗ ПРОТОКОЛА ДОПРОСА

От 20 октября 1945 г.

(…)

ВОПРОС: Скажите, вы в период оккупации Мало-Девицкого р-на поддерживали связь с партизанами и в чем эта связь заключалась?

ОТВЕТ: (…) Связь с партизанами не имел до 1 сентября 1943 г. (…) поступил в партизанский отряд, где находился примерно до 17 сентября 1943 г.

(…)

ВОПРОС: Будучи под арестом в немецкой полиции, подвергались вы допросу и по каким допросам вас допрашивали?

ОТВЕТ: (…) Будучи под арестом, я подвергался вопросу дважды (…) Допрашивал меня начальник райполиции Савенко (…) Савенко предложил мне сотрудничество с немецкой полицией по выявлению партизан. (…) рассказал, что собирались в лесах, где находились склады оружия для партизан (…)

Пратакол першага допыту Клубава займае 17 старонак. Падследны з падазронай шчырасцю распавядае і пра сваю супрацу ў нацыстамі ў якасці “таемнага агента”, і пра выдадзеныя паліцаям склады зброі, і нават пра тое, як ён па заданні нямецкай выведкі ўкараніўся ў партызанскі атрад таварыша Анціпава, каб выдаваць тых народных мсціўцаў.

Цяпер ужо цяжка сказаць, чаму Карней Пракопавіч так шалёна сябе абгаворываў, але ж сведчанні Клубава запісаныя рукой чэкіста, і атрымаць подпіс пад тымі сведчаннямі было толькі справай следчай тэхнікі.

Гэтыя сведчанні і сталі галоўнымі доказамі ў прысудзе, які прагучаў 7 сакавіка 1946 г. Клубаў атрымаў 7 гадоў лагероў, якія і адправіўся адбываць у Казахскую ССР.

Тым часам Іван Анціпаў, які ў дакументах следства праходзіў, як “камандзір партызанскага атрада і народны мсціўца”, стаў героем мясцовага калібру: сядзеў у прэзідыумах, выступаў з трыбунаў і, пры нагодзе, кляйміў здраднікаў. Таварыш Анціпаў, верны ленінец-сталінец і стоадсоткавы камуніст, хутка прасунуўся і па службовай лініі: неўзабаве ён стаў дырэктарам таго самага крухмальнага завода, дзе да арышту працаваў Карней Клубаў.

Карней Пракопавіч сумленна адзедзіў свае сем гадоў. У СССР настала кароткая адліга, і Клубаў вырашыў шукаць справядлівасці.

Председателю Верховного Суда РСФСР

от Клубова Корнея Прокофьевича

ЖАЛОБА

(…)

Несмотря на то, что я отбыл срок, виновным себя не признаю. Прошу разобрать мое дело.

  1. 02. 1965 г.

Шасцяронкі і колцы савецкай юрыдычнай машыны заскрыгаталі толькі праз поўгады пасля гэтай скаргі.

ИЗ ПОСТАНОВЛЕНИЯ О ВОЗБУЖДЕНИЯ ПРОИЗВОДСТВА ПО ДЕЛУ

22 июня 1965 г.

(…)

Виновным себя Клубов на следствии и в суде признал и давал там соответствующие объяснения по существу этого обвинения.

Кроме того, на следствии были допрошены свидетели: Белый Г. К., Короиз С. В., Антипов И. П. которые дали показания о преступной деятельности Клубова.

(…)

ПОСТАНОВИЛ

По делу Клубова Корнея Прокофьевича возбудить производство расследования по вновь открывшимся обстоятельствам.

(…)

Расследование поручить (…) Управлению КГБ УССР по Черниговской области.

Пом. Военного прокурора КВО

полковник юстиции Сорокин

У КДБ сапраўды ўмела вышукваць патрэбную інфармацыю. Цягам наступных трох месяцаў чэкісты апыталі ўсіх, хто меў хаця б мінімальнае дачыненне да “партызанскага атраду Івана Анціпава”, хто ведаў Карнея Клубава падчас вайны, зрабілі колькі дзясяткаў запытаў ва ўсе мажлівыя інстанцыі, якія хаця б ускосна тычыліся партызанскага руху.

Адказы шакавалі:

КОМІСІЯ В СПРАВАХ КОЛИШНІХ ПАРТИЗАНІВ ВІТЧІЗНЯНОЇ ВІЙНИ ПРИ ПРЕЗИДІЇ ВЕРХОВНОЇ РАДИ УКРАЇНСЬКОЙ РСР.

3 серпня 1965 р.

Начальнику Управління КДБ по Чернігівській області

На Ваш лист повідомляємо, що в облікових матеріалах колишнього Українського штабу партизанського руху німає відомостей про партизанську дісльність Клубова Корнея Прокоповича.

Гэтая нітка пацягнула за сабой цэлы клубок брахні. Чакісты правялі дадатковае расследванне. І тут высвятлілася, што ніякіх звестак пра партызанскую дзейнасць Івана Анціпава, які вось ужо дваццаць гадоў лічыўся “заслужаным ветэранам”, у архівах таксама няма.

Адкуль жа ўсяўся той міфічны “партызанскі атрад Івана Анціпава”?

У першыя дні вайны на крухмальным заводзе сапраўды быў створаны “вынішчальны батальон”, у колькасці дзевяці чалавек, палітруком якога і прызначілі Анціпава. Але ваяваць з іх ніхто не хацеў. “Знішчальнікі” закапалі зброю недзе ў лесе і разыйшліся па дамах, дзе ўсю акупацыю і адседзіліся.

Аднак пасля вайны мясцоваму райкаму партыі вельмі карцела займець ўласных герояў. Так з людзей, якія кінулі зброю, быў створаны “партызанскі атрад”. Сябручкі Анціпава, якія, па сутнасці, дэзертавалі з “вынішчальнага батальона”, таксама атрымалі ганаровы статус “народных мсціўцаў”.

Адзіным, хто мог выкрыць фіктыўных партызанаў, акурат і быў Карней Клубаў. І тады Іван Анціпаў прыдумаў хітры ход: ён папнуўся з даносам у МГБ, дзе спярша прадставіў Клубава партызанам свайго атраду, якога ніколі не існавала, а потым запісаў яго ў “здраднікі” і “нямецкія агенты”…

В ВОЕННЫЙ ТРИБУНАЛ КИЕВСКОГО ВОЕННОГО ОКРУГА

16 сентября 1965 г.

ИЗ ПРОТЕСТА

по делу Клубова К. П.

(…)

По делу установлено, что небольшая группа людей после прихода немцев ушла в лес, пробыв там несколько дней, эти лица во главе с бывшим директором Пелюховского крахмально-паточного завода Антиповым решила закопать имеющееся у них оружие (…)

(…)

Таким образом, никакого партизанского отряда не было,  а поэтому Клубов не совершал дезертирства из партизанского отряда. Не было и склада с оружием, якобы принадлежавшим партизанам (…)

Скандалу не атрымалася: акурат у 1965 годзе ў СССР пафасна адзначалі “дваццаць гадоў Перамогі над нацызмам”, а справа “фальшывых партызанаў” выглядала на яе фоне абсалютна недарэчнай.

Аднак Івана Анціпава больш ні на якія патрыятычныя святы не запрашалі, а саму справу засакрэцілі. Бо інфармацыя пра фіктыўны партызанскі атрад магла спарадзіць сумневы і наконт іншых міфаў прапаганды пра вайну, якую савецкія і постсавецкія гісторыкі пагэуль называюць “Вялікай Айчыннай”.

* * *

У наступнай перадачы я раскажу пра неверагодныя прыгоды чэкіста на фронце ў 1942 годзе.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу “П-10385”

[Not a valid template]