Справа 1970 г. Пралог “справы Скрыпалёў”, альбо Атрута па-савецку



У 1925 годзе найуплывовыя дзяржавы свету падпісалі ў Жэневе пратакол пра забарону хімічнай зброі і атрутных газаў падчас войнаў. Неўзабаве да Жэнеўскага пратаколу прыяднаўся і СССР.

У савецкіх газетах гэта было пададзенае як акт выключнага міралюбства. Маўляў, баявая атрута – варварская зброя, якую могуць выкарыстоўваць толькі імперыялісты і фашысты, а Чырвоная армія, непераможная і легендарная, здольная знішчыць усіх ворагаў і без хлораў, іпрытаў і фасгенаў.

Але ж распрацоўка і назапашванне хімічнай, біялагічнай і іншых атрутных рэчываў у СССР адбывалася ажно да 1991 года. Ускосныя сведчанні гэтага ёсць і ў архівах былога КГБ…

* * *

Ад 1925 года хімічнай зброяй у СССР займалася Ваенна-хімічнае ўпраўленне Чырвонай арміі. Ужо ў 1939 годзе Савецкі Саюз назапасіў шалёную колькасць баявой атруты. Пасля нападу на СССР гітлераўскай Нямеччыны і першых сур’ёзных паразак, у Маскве ўсур’ёз планавалі выкарыстоўваць яе супраць нацыстаў. Наркамату хімічнай прамысловасці даручалася тэрмінова снарадзіць атрутай авіябомбы, снарады і адмысловыя ампулы, і завесці ўсё гэта на склады непадалёк ад лініі фронту.

Чырвоная армія магла перайсці і да бактэрыялагічнай атруты: пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны ад 4 ліпеня 1942 г. забавязала Наркамат хімічнай прамысловасці вырабіць 4 000 ампуламётаў, 230 000 шкляных закаркаваных ампул і 600 000 набояў.

На шчасце, у Крамлі хапіла розуму не бамбардаваць бактэрыялагічнай і хімічнай зброяй акупаваныя тэрыторыі: у разе нават аднаго абстрэлу нямецкіх пазіцый ампуламі з баявой атрутай наступствы для вёсак, мястэчак і гарадоў былі б катастрафічнымі. Не кажучы ўжо пра Чырвоную армію.

Трэці Рэйх таксама назапашваў хімічную і бактэрыялагічную зброю, якая ў 1945 годзе часткова патрапіла ў СССР. Саветы не сталі замарочвацца з утылізацыяй: небяспечныя трафеі пагрузілі на старыя караблі і проста патапілі іх у Балтыйскім і Баранцавым марах.

А ў Савецкім Саюзе распрацоўваліся і ствараліся ўсё новыя віды баявой атруты…

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

Совершенно секретно

13 февраля 1970 г.

В соответствии с постановлением ЦК КПСС и Совета Министров СССР от 2. 12. 1968 г. (…) к научной и практической разработке новых боевых отравляющих веществ для Советской армии (…) привлечены: институт фармакалогии и токсикологии Министерства здравоохранения (…), институт микробиологии и вирусологии (…), институт органической химии (…) и Черкасский завод химических реактивов (…)

Головным предприятием по разработке и промышленному производству этих веществ является Государственный союзный научно-исследовательский институт органической химии и технологии Министерства химической промышленности СССР (…)

На першы погляд, гэта – руціннае ліставанне камітэтчыкаў; падобных папер у архівах сотні і тысячы. Але звяртае на сябе ўвагу дата “спецыяльнага паведамлення КГБ” – люты 1970 года, а таксама патрабаванне неадкладна ўзмацніць рэжым сакрэтнасці:

ИЗ СПЕЦИАЛЬНОГО СООБЩЕНИЯ КГБ

(…)

Осуществляя контроль за сохранностью государственной тайны, органами КГБ на указанных объектах осуществлены проверки состояния режима секретности проводимых работ и секретности делопроизводства и высказаны конкретные предложения по устранению выявленных недостатков.

В институте фармакологии и токсикологии выявлено, что, несмотря на большой объем исследовательских работ специального назначения, имеются нарушения в секретном делопроизводстве, отсутствует необходимый режим охраны, пропускной системы в институте нет, ограждения территории не имеется, окна первого этажа от проникновения извне не защищены

(…)

Чаму ў КГБ так занепакоіліся рэжымам сакрэтнасці менавіта напачатку 1970 года?

Усё проста: яшчэ ў 1969 годзе была прынятая рэзалюцыя ААН “Пра забарону хімічнай вайны”, адной з ініцыятараў якой акурат і стаў Савецкі Саюз. У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый праходзілі чарговыя перамовы пра ліквідацыю хімічнай і бактэрыялагічнай зброі. Савецкая агітацыя гнеўна кляйміла міжнародны імперыялізм за спробу падарваць чарговыя мірныя ініцыятывы СССР і нежаданне спрыяць працэсу разрадкі.

Але, як высвятлілася, звычайны дробны крымінальнік мог запраста залезці ў сакрэтную лабараторыю інстытута фармакалогіі і таксікалогіі праз незакратаванае вакно, скрасці дакументы і нават узоры баявой атруты і пры пэўных умовах перадаць усё гэта міжнародным імперыялістам. У разе, калі б такое здарылася, усе “мірныя ініцыятывы Савецкага Саюза, скіраваныя на знішчэнне хімічнай і бактэрыялагічнай зброі”, былі бы расцэненыя, як чарговая брахня.

Тым часам у СССР вынаходзілі і выраблялі ўсё новыя і новыя тыпы атруты, прытым акцэнт рабілі на нервова-паралітычныя газы. У 1989 годзе савецкія хімікі вынайшлі “Навічок” – той самы. Напрыканцы 1989 года ён быў афіцыйна прыняты ў якасці ўзбраення ў Савецкай арміі.

Навічком” зараджалі ракеты сярэдняга і далёкага радыюса дзеяння; удар баявой атрутай мог быць нанесены па ўсім свеце. Згодна інтэрв’ю, які даў ВВС адзін са стваральнікаў “Навічка” Віла Мірзаянаў, такія ракеты знаходзіліся і на паўднёвым захадзе Беларусі, але пасля падпісання Канвенцыі пра забарону хімічнай зброі тыя ракеты перадыслакавалі ў Шыханы, што пад Саратавым.

Гісторыю ўжывання атрутных рэчываў у СССР, на постсавецкай прасторы і за мяжою ведаюць усе, хто хаця б крыху ў тэме. Дастаткова згадаць самыя вядомыя.

9 красавіка 1989 года Савецкая Армія выкарыстала хімічную зброю CS супраць мирнага насельництва ў цэнтры Тбілісі – 19 загінулых.

26 кастрычніка 2002 года пры вызваленні закладнікаў, захопленых тэрарыстамі падчас спектакля “Норд-Ост” у Маскве, расейскія спецслужбы скарысталі невядомы газ; ад 130 да 174 загінулых.

4 сакавіка 2018 года ў гандлёвым цэнтры ангельскага горада Солсберы былі атручаныя былы палкоўнік расейскага Генштаба Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія, але ім пашэнціла ацалець. У атручванні падазраюцца расейскія турысты Пятроў і Башыраў.

Вядомыя таксама і пра аварыі, якія здараліся на тэрыторыі СССР і постсавецкай прасторы пры захаванні і транспартытоўцы атрутных баявых рэчываў, але дакументаў, якія б пралівалі святло на тыя падзеі, у архівах вобмаль.

Невядома таксама – ці захоўваецца хімічная і бактэрыялагічная зброя ў Беларусі. Асабліва гэта тычыцца расейскіх вайсковых базаў, якія пакуль дыслакуюцца на тэрыторыі нашай краіны.

З наступнай перадачы вы дазнаецеся пра беларускіх тэрарыстаў, якія, паводле чэкістаў, рыхтавалі ў Лондане замахі на савецкую ўладу.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 994