Справа 1970 г. Ватыкан, КГБ і кардынал Караль Вайтыла



У кнізе Уінстана Чэрчыля “Другая сусветная вайна” ёсць радкі, якія красамоўна тлумачыць стаўленне савецкай улады да Ватыкана. У 1935 годзе Сталін сустракаўся ў Маскве з французскім прэм’ер-міністрам П’ерам Лавалем. Госць папрасіў спыніць пераслед католікаў – маўляў, гэта палепшыць адносіны з Папам. На што савецкі правадыр удакладніў: “А колькі у таго Папы дывізій?”

Савецкая ўлада не разумела, што дзяржаўная моц не заўсёды вызначаецца колькасцю танкаў, лінкораў і стралковых карпусоў, працягласцю дзяржаўнай мяжы ці поўнамоцтвам спецслужбаў. Дзяржава Ватыкан мае тэрыторыю ўсяго ў 44 гектары і дэкаратыўную армію – швэйцарскую гвардыю ў 110 чалавек. Але ўплыў Ватыкана на розумы і сэрцы людзей заўсёды быў  шырэйшым і глыбейшым, чым у савецкіх ідэолагаў.

* * *

Напачатку сямідзесятых гадоў Ватыкан заставаўся адной з нешматлікіх еўрапейскіх дзяржаваў, з якой у СССР не было дыпламатычных адносін. Кампанію “антысавецкаму гнязду рэакцыянераў-клерыкалаў” складалі Гішпанія пад кіраўніцтвам Францыска Франка і Партугалія, дзе трымаў рэй Антоніў дэ Салазар, прытым і гішпанскі, і партугальскі дыктатары праходзілі ў савецкіх афіцыйных паведамленнях выключна як “ворагі прагрэсіўнага чалавецтва” і “фашысты”.

У той жа час у СССР было як мінімум чатыры міліёны рыма-католікаў: Заходняя Беларусь, Заходняя Украіна, Літва, а таксама некаторыя буйныя гарады кшталту Масквы і Ленінграда. Не кажучы пра грэка-католікаў, афіцыйна забароненых. Гэтыя людзі былі савецкімі грамадзянамі і, таму, напэўна, задаваліся пытаннем: а чаму яны, уласна кажучы, пачуваюцца людзьмі другога гатунку – у параўнанні з вернікамі той жа маскоўскай праваслаўнай царквы?

Напрыканцы 1969 года ў КГБ паступіў нечаканы зварот. Грэка-каталіцкі епіскап Васіль Велічкоўскі, які адбываў тэрмін ў турме пасёлка Камунарск, што на Данбасе, прапанаваў неадкладна сустрэцца.

Прапанова рэлігійнага дысідэнта была прынятая…

 

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

СЕКРЕТНО

24 февраля 1970 г.

 

Информационное сообщение

Сообщением (…) от 4 декабря 1969 г. докладывалось, что осужденный нелегальный униатский епископ Величковский в письме в органы КГБ предлагал свое посредничество в установлении дипломатических отношений между Советским правительством и Ватиканом.

По этому вопросу оперативные работники органов КГБ в январе-феврале с. г. имели с Величковским ряд встреч. В беседах Величковский вел себя неоткровенно, скрывал свое руководящее положение и практическую деятельность в нелегальной униатской церкви, отстаивал идею необходимости признания правительством СССР униатской церкви и установления дипломатических отношений с Ватиканом.

Будучи убежденным приверженцем католицизма, Величковский стремится к легализации униатской церкви (…), выходу на свободу и поднятию личного авторитета перед Ватиканом и официальными советскими органами.

Встречи с Величковским прекращены.

 

Ці былі ў СССР намеры наладзіць адносіны з Ватыканам праз таго ж зняволенага Велічкоўскага? Напэўна, так: у іншым разе камітэтчыкі проста б не адрэагавалі на яго зварот. Дый сустрэч з епіскапам-вязнем было некалькі, датаго ж – цягам двух месяцаў.

Дастаткова было таго ж Велічкоўскага амніставаць і выпусціць у Ватыкан – хай нават і пад наглядам “адказных таварышаў”, а ўжо той бы напэўна знайшоў спосабы палепшыць адносіны Папы і ўрады СССР…  Гэта б напэўна паспрыяла  падвышэнню невысокага аўтарытэту Савецкага Саюза і на міжнароднай арэне, і усярэдзіне краіны.

Чаму такога не было зроблена?

Безумоўна, праз нягнуткасць мыслення камітэтчыкаў і відавочна дагматычнае стаўленне да рэлігійных пытанняў. Ва ўяўленні Крамля і Лубянкі ўсе без выключэння Рымскія Папы былі зацятымі рэакцыянерамі-антысаветчыкамі, якія планавалі ідэалагічныя дыверсіі і наструньвалі парафіянаў з савецкіх грамадзянаў на непакорнасць уладзе.

Адным з прыхільнікаў наладжвання кантактаў паміж Ватыканам і СССР быў Караль Вайтыла; пра неабходнасць падобных захадаў ён гаварыў яшчэ за часамі, калі служыў кардыналам у Кракаве. Але далёка не з прычыны сімпатый да камуністаў. На думку будучага Папы, кантакты Ватыкана і Крамля напэўна б зменшылі ціск на католікаў у СССР.

Караль Вайтыла неаднаразова сустракаўся з рыма-каталіцкімі і грэка-каталіцкімі святарамі з СССР, якіх савецкая ўлада называла “агалцелымі антысаветчыкамі”. Як з тым жа Язэпам Сліпым, які агулам правёў 13 гадоў у савецкіх концлагерах.

Ці даваў Караль Вайтыла таму ж Язэпу Сліпому нейкія рэкамендацыі па планаванні ідэалагічных дыверсій?

Даем слова самім камітэтчыкам:

 

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

СЕКРЕТНО

3 марта 1970 г.

 

Информационное сообщение

По полученным Комитетом госбезопасности (…) оперативным данным, во время синода католических церквей в Риме кардинал Слипый имел встречу с кардиналом Войтылой из Польши. Последнему во время беседы кардинал Слипый якобы заявил, что представители украинских националистических организаций в Канаде и США оказывали на него давление с целью заставить его выступить против Советского Союза и возглавить антисоветское движение на Западе, за что предлагали большую сумму денег.

Слипый, по его словам, от этого предложения отказался, заявив указанным выше представителям, что он является гражданином СССР и желает возвратиться в свою страну, где его ожидают миллионы верующих. Как духовное лицо он не может и не желает заниматься деятельностью, которую ему предлагают.

(…)

 

Адносіны паміж Ватыканам і СССР у далейшыя часы нагадваюць сінусоіду: у асобныя перыяды яны “у рэчышчы міжнароднай разрадкі” нязначна паляплашілся, але неўзабаве пераходзілі ў стан, блізкі да адкрытай варожасці.

Сітуацыя змянілася толькі з крахам СССР.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам распачаліся 11 лістапада 1992 года. У суседняй Расейскай Федэрацыі абмен амбасадамі адбыўся толькі ў 2010 годзе. Але стаўленне цяперашніх расейскіх уладаў да католікаў далёкае ад прыязнасці.

* * *

У наступнай перадачы я раскажу, хто і як дазваляў савецкім грамадзянам выезд за мяжу.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання “994”

Фотаздымак кардынала К. Вайтылы з niedziela.pl скарыстаны ў якасці ілюстрацыі