Справа 1971 г. „Савецкія хіпі на тле Дзяржбяспекі”
У сярэдзіне шасцідзесятых “Камсамольская праўда” апублікавала фотарэпартаж з антываеннага мітынга ў ЗША: даўгавалосыя маладзёны з плакатамі «Make love, not war!», а насупраць — найміты капіталу ў паліцэйскай форме. Газета ў спачувальных танах паведамляла, што адважная і прагрэсіўная амерыканская моладзь пратэстуе супраць ястрабаў Пентагона. Тое, што на антываенным мітынгу пратэстуюць менавіта хіпі, “Камсамольская праўда” не ўдакладніла.
Праз колькі гадоў, калі тая антываенная моладзь выявіла ідэалагічна чужынскую сутнасць, савецкі друк нарэшце пачаў даваць дазаваную інфармацыю пра хіпі, прытым выключна ў рубрыцы “Іх норавы”. Агульная танальнасць была такая: хіпі – гэта валасатыя наркаманы, які вядуць паразытычны лад жыцця, цікавяцца містычнымі вучэннямі і вар’яцеюць ад рэакцыйнай рок-музыкі. Класічнае спараджэнне бездухоўнага капіталізму.
Але калі напрыканцы шасцідзесятых хіпі з’явіліся і ў СССР, савецкія ідэолагі адразу і не ўцямілі – а з якой прычыны, уласна кажучы, яны ўзяліся?
* * *
Іх бацькі былі паспяховымі савецкімі людзьмі: кіраўнікамі прадпрыемстваў, партаргамі інстытутаў, прафесарамі марксізма-ленінізма. Яны будавалі кар’еры, выступалі на партыйных сходах і набівалі серванты прывезеным з замежных камандовак крышталём. Але іх дзеці, якія ўступілі ў жыццё ў канцы шасьцідзесятых, не прымалі бацькоўскіх каштоўнасцяў. Сталінскіх часоў з даносамі, вайною і няшчымніцай тыя дзеці не заспелі, афіцыйнаму славаблуддзю не верылі, а з савецкага мяшчанства шчыра кпілі.
Дый “жалезная заслона” была далёка не той, што ў часы культа асобы: рок-н-рол па “варожых галасах”, вольнадумныя часопісы з Польшчы, прасунутыя аднакурснікі-замежнікі ў інстытутах.
Усё гэта і стала тым “пажыўным бульонам”, з якога з’явіліся першыя савецкія хіпі…
Хіпаны эпатавалі савецкага чалавека ўжо адным сваім выглядам: пацёртыя джынсы, доўгія валасы (“хаер” на жаргоне), палатняная торба. Ужо напачатку сямідзесятых хіпі сталі заўважнай прыкметай гарадскіх краявідаў Масквы, Ленінграда, Львова і Кіева, а таксама Менска і Гародні.
Як і мае быць, першымі на іх з’яўленне адрэагавала Дзяржбяспека. З прычыны закрытасці архівах беларускіх спецслужбаў немагчыма прадставіць дакументальныя рэакцыі КГБ БССР, але можна не сумнявацца, што яны былі такімі ж самымі, як і ў іх украінскіх калегаў…
КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ
16 февраля 1971 г.
СЕКРЕТНО
ИНФОРМАЦИОННОЕ СООБЩЕНИЕ
В органах КГБ имеются данные о том, что в ряде городов (…) начиная с 1968 г. среди молодежи (…) стали возникать группы, участники которых именуют себя последователями учения т. н. «хиппи», получившего широкое распространение в некоторых западных странах, особенно в Англии и США.
(…)
Если «хиппи» на Западе протестуют против порядков в буржуазном обществе, то их подражатели в нашей стране выступают за пересмотр морально-этических норм социалистического общежития, выработку своего эталона нравственности. При этом ими ставятся под сомнения революционные традиции прошлого (…)
В среди «хиппи» отмечены факты идеологически вредных, а порой и явно антисоветских высказываний, распространение литературы и анонимных документов клеветнического и аморального содержания.
(…)
Такім чынам, акцэнты былі расстаўленыя: заходнім хіпі ёсць супраць чаго пратэставаць, а савецкія – “ідэалагічна шкодныя”.
Для барацьбы з ідэалагічна шкодным элементамі былі мабілізаваныя СМІ, камсамольскі актыў і ветэраны, а таксама міліцыя і дружыннікі. Газеты падавалі хіпі, як абібокаў, п’янтосаў, і, магчыма, яшчэ і “блакітных” – а то нашто ім доўгія валасы, бы ў дзяўчат? Пільныя савецкія грамадзяне пісалі на хіпі заявы, скаргі і ананімкі. Найбольш непрымірэнчыя, пабачыўшы “валасацікаў”, абавязкова тэлефанавалі ў міліцыю, дзе хіпі гвалтоўна стрыглі і ўсяляк з іх здзекваліся.
У жніўні 1971 года такая практыка скончылася антысавецкай дэманстрацыяй ў Гародні. Пасля чаргогага брутальнага затрымання тамтэйшыя “дзеці квітак” арганізавана прайшліся па цэнтры горада з плакатамі кшталту “Рукі прэч ад доўгіх валасоў!” і “Хай жыве рок-н-рол!”. Прытым на дэманстрацыю прыехалі і салідарныя аднадумцы з Вільні і Таліна. Валасатых антысаветчыкаў хуценька разагналі, прытым значную частку арыштавалі.
Падобныя дэманстрацыі хіпі прайшлі у Маскве, Ленінградзе і Харкаве, прытым метады КГБ паўсюдна былі аднолькавымі.
ИЗ ИНФОРМАЦИОННОГО СООБЩЕНИЯ КГБ
(…)
В октябре 1969 г. [хіпі] предприняли попытку организовать демонстрацию своих единомышленников на пл. Дзержинского, во время которой они намеревались публично высказать требования к местным властям относительно официального признания «хиппи».
Идеологически вредная деятельность (…) была пресечена органами КГБ с участием общественности путем профилактики.
(…)
Колькі тыя камітэтчыкі і грамадскасць не спынялі “антысавецкія праявы” прафілактыкай і ненавязлівым гвалтам, але хіпі ў СССР ніяк не меншыла – хутчэй, наадварот. Хаця б з прычыны сладасці забароненага плода. І тады кампітэнтныя органы перайшлі да непасрэдных рэпрэсій. Найбольш актыўныя хіпаны былі абвешчаныя “псіхічна хворымі” з усімі ўласцівымі для СССР наступствамі.
ИЗ ИНФОРМАЦИОННОГО СООБЩЕНИЯ КГБ
(…)
Среди «хиппи» имеются люди с ущербной психикой, физическими недостатками. Некоторые «хиппи» несут отпечаток неблагополучного воспитания в семьях.
Поведение «хиппи» носит, как правило, уродливые формы. Среди них распространены пьянство, азартные игры, употребление наркотиков, фарцовка, сексуальные извращения, сводничество и т. п. (…) Некоторые из них уклоняются от призыва в армию, не участвуют в общественно-полезном труде, ведут бродячий образ жизни, высказывают изменнические настроения (…)
Ужо ў васьмідзесятыя гады менскія хіпі збіраліся на “масонах”, то бок каля Дома Масонаў у Верхнім горадзе, “на панікоўцы”, то бок у скверы каля Купалаўскага і, вядома ж, у кафэ “Пінгвін”, на месцы якога цяпер стаіць гатэль “Еўропа”. На хіпі (а таксама на панкаў, металістаў і прадстаўнікоў іншых маладзёвых субкультур) рэгулярна рабіліся міліцэйскія аблавы. Найбольш актыўных выганялі з вучобы і працы, а самых зацятых выпраўлялі ў менскую вар’ятню “Навінкі”.
Менскіх хіпі актыўна распрацоўвала Дзяржбяспека, прытым рабіла гэта даволі паспяхова.
Але вернемся ў сямідзесятыя. Менавіта тады камітэтчыкі паспрабавалі прааналізаваць: чаму частка савецкай моладзі захапляецца не гісторыяй камсамола, а ўсходняй філасофіяй? Чаму спявае не песні “пра Радзіму і Партыю”, а бітлоўскі “Yesterday”? Чаму не хоча служыць у арміі, а імкнуцца ў размаітыя самадзейныя камуны?
Адказы на гэтыя “чаму?” паводле камітэцкіх аналітыкаў выглядалі так:
ИЗ ИНФОРМАЦИОННОГО СООБЩЕНИЯ КГБ
(…)
Как показывает анализ полученных материалов, основные причины возникновения группировки «хиппи» кроются в недостаточной воспитательной работе среди молодежи, слабом влиянии на нее со стороны общественности, комсомольских организаций и семьи. Часть молодых людей, не получая нужной идеологической закалки, оказывается неподготовленной к тому, чтобы твердо противостоять влиянию буржуазной пропаганды, критически воспринимать изредка публикуемые в наших периодических изданиях статей о зарубежных «хиппи».
Хіпі практычна зніклі з далягляду напрыканцы васьмідзесятых. Але ў Беларусі і цяпер ёсць нямала людзей, якія ў сямідзесятыя-васьмідзесятыя далучалі сябе да гэтай субкультуры. Сярод іх – даволі вядомы беларускі кампазітар, скрыпач – саліст Гарадзенскай філармоніі, некалькі мастакоў, дызайнераў і выкладчыкаў, а таксама дактары, інжынеры, фермеры і нават адзін дзяржаўны ідэолаг.
Але апошні, натуральна, пра сваё хіповае юнацтва ніколі не згадвае.
* * *
У наступнай перадачы вы дазнаецеся пра жахлівую змову ў Беларускай Вайсковай Акрузе, выкрытую чэкістамі ў 1938 годзе.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінкі захавання 184, 194
У якасці ілюстратыўнага матэрыяла скарыстаны здымак з citydog.by