Справа 1989-90 гг. «Гарбачоўская Перабудова з пункту гледжання КГБ СССР. Частка 2»



У канцы васмідзясятых гарбачоўская перабудова, першапачаткова задуманая як касметычны рамонт савецкай сістэмы, канчатковы выйшла з-пад кантролю ўладаў. Пустыя крамы, татальнае жабрацтва, адсутнасць рэальных свабод і рэальных рэформаў падштурхнулі людзей да дзеяў, якія за брэжнеўска-андропаўскімі часамі выглядалі пачварным злачынствам. Масавае стварэнне палітычных суполак і клубаў дэмакратычнай і нацыянальна-вызвольнай накіраванасці, несанкцыянаваныя вулічныя акцыі і сістэмнае непадпарадкаванне ўладам падштурхнулі КГБ CCCР да кропкавых арыштаў іншадумцаў, пераважна – рукамі міліцыі.

Але рэпрэсій было відавочна недастаткова, і тады чэкісты прыгадалі і пра іншыя прыёмы ўздзеянні на розумы і сэрцы.

Прыёмы гэтыя былі абсалютна аднолькавымі і ў рэспубліках Савецкай Прыбалтыкі, і ў Закаўказзі, і ў БССР. Аднак з прычыны закрытасці архіваў беларускіх спецслужб, метады працы хлопцаў з гарачымі сэрцамі, халоднымі галовамі і да непрыстойнасці доўгімі рукамі давядзецца праілюстраваць матэрыяламі з архіваў былога КГБ УССР.

Падчас шабашу “дэмакратызацыі і галоснасці” у КГБ было багата супрацоўнікаў, якія з настальгіяй згадвалі сталінскія метады “працы з падведамасным матэрыялам”: начныя арышты, пазасудовыя прысуды, масавыя расстрэлы на “спецпалігонах” і сістэму ГУЛАГа…

Аднак часы незваротны змяніліся. Жахлівая зубчатка яжоўска-берыеўскіх спецслужбаў была выкрышаная яшчэ за часамі Хрушчова. Дый на Захадзе такія сродкі барацьбы з палітычнымі апанентамі не знайшлі бы паразумення. Рэпрэсіі азначалі імгненнае спыненне палітычнай, эканамічнай і тэхнічнай падтрымкі Гарбачова; з прычыны падзення коштаў на нафту савецкая эканоміка была ў перадінфарктавым стане.

Уздзейнічаць на іншадумцаў вырашылі іншымі спосабамі. Перш-наперш трэба было скампраметаваць лідэраў дэмакратычных і нацыянальна-вызвольных структур у вачах тых, хто ім верыў.

СЕКРЕТНО

31 августа 1990 г.

Предложения КГБ и МВД УССР по стабилизации оперативной и политической обстановки в республике

(…)

В целях компрометации идеи создания военизированных формирований (…) и других структур, не предусмотренных законодательством СССР, оказания сдерживающего воздействия на инспираторов их образования, на основе легализированных материалов практиковать журналистские расследования с последующей публикацией в печати

(…)

А вось як падобныя нібыта незалежныя “журналісцкія расследванні”, замоўленыя ў КГБ, рабіліся на практыцы:

Комитет Государственной Безопасности Украинской ССР

Управление по Харьковской области

21 июня 1989 г.

СЕКРЕТНО

О мерах по предотвращению сборищ под националистической символикой

(…)

Как уже сообщалось, 10 июня 1989 г. в сквере у Исторического музея было проведено националистическое сборище, организованное ранее судимым за антисоветскую деятельность жителем г. Харькова Сапеляком С. Е.

(…)

С целью компрометации Сапеляка перед студенческой молодежью, среди которой он имеет определенный авторитет, нами организовано журналистское расследование. В статье, посвященной личности объекта, раскрывается его низкий морально-политический облик и предаются гласности некоторые неприглядные стороны его личной жизни. Кроме того, журналист опубликовал представленные нами сводки радиоперехвата радио «Свобода», которыми проиллюстрированы его информаторские и деструктивные действия (…)

(…)

Начальник Управления Н. К. Гибадулов

Старэйшае пакаленне беларусаў, напэўна, добра памятае артыкулы “Эволюция политического невежества», надрукаваны ў газеце ЦК ЛКСБ “Знамя юности» 23 кастрычніка 1988 г. з падачы тагачаснага галоўнага ідэолага БССР Савелія Паўлава і “Пена на волне перестройки”, апублікаваны ў той жа газеце 30 кастрычніка 1988 года з падачы таго ж адыёзнага персанажа. Артыкулы былі прерадрукаваныя практычна ўсімі абласнымі і раённымі газетамі БССР. Гэта стала сігналам для з’яўлення процьма відавочна замоўленых у КГБ БССР “журналісцкіх расследванняў”, прысвечаных асобам Зянона Пазняка, Васіля Быкава, Сяргея Антончыка і іншых дзеячоў тагачаснага БНФ – з круцельскім ператоркваннем фактаў, фальсіфікацыямі біяграфій і непрыхаванай брахнёю.

Кожны, хто цікавіцца найноўшай гісторыяй Беларусі, можа ўзяць у бібліятэцы падшыўку газет тых часоў, высвятліць прозвішчы аўтараў “журналісцкіх расследванняў” і зрабіць пэўныя высновы…

Асновай аператыўнай працы чэкістаў была і заставалася агентура, якая вербавалася найперш сярод ідэйных апанентаў, то бок “дэструктыўных сілах, экстрэмісцкіх элементаў”, а таксама “нацыяналістычна-фашысцкіх недабіткаў”. У тым разе, калі вярбоўка праходзіла паспяхова і была жалезна замацаваная, такімі людзьмі можна было ненавязліва маніпуляваць.

Комитет Государственной Безопасности Украинской ССР

Управление по Житомирской области

31 мая 1990 г.

СЕКРЕТНО

Первому секретарю Житомирского областного комитета Компартии Украины, председателю Областного совета народных депутатов тов. Федорову В. Г.

Об обстановке в самодеятельных формированиях негативной направленности

В текущем году в Управлении КГБ продолжалась работа по отслеживанию процессов, происходящих среди функционирующих на территории области формирований негативной направленности (…)

(…)

Оперативным путем вскрывались замыслы и намерения главарей по организации митингов, сборищ и т. п., отвлекающих людей от решения насущных экономических и социальных проблем (…) Особое внимание уделялось мерам упреждающего характера по нейтрализации националистических и иных проявлений (…)

Оказано сдерживающее воздействие на отдельных главарей и активистов (…), в результате чего представилось возможным склонить их к отказу от совершения антиобщественных акций в период проведения важных общественно-политических мероприятий (…)

(…)

Яшчэ адным аспектам дзейнасці КГБ стала нейтралізацыя тых ворагаў савецкай улады, якія балатаваліся ў Верхоўны Савет СССР ці аналагічныя структуры саюзных рэспублік, ці ўжо дамагліся дэпутацкага статусу.

Вось вельмі паказальная вытрымка з дакладной Упраўлення КГБ па Жытомірскай вобласці, частка якой цытавалася вышэй:

(…)

Добившись продвижения ряда своих сторонников в народные депутаты (…), значительно активизировал свою деятельность Гражданский фронт. Его лидеры прилагают усилия по дальнейшему нагнетанию обстановки в городе и области, продолжают курс на конфронтацию с органами власти. Прикрываясь депутатским статусом в последнее время, периодически под видом встреч с избирателями организовывают различные массовые акции. При их проведении высказывают лозунги антипартийного, националистического, сепаратистского характера.

С учетом складывающейся обстановки и прогнозирования динамики ее развития Управление КГБ оперативными мерами усилия направляет на активное противодействие антисоциалистическим элементам инспирировать на территории области экстремистские проявления (…)

Начальник Управления Ж. Я. Коваленко

Аднак усе кагэбэшныя спробы “супрацьдзейнічаць”, “спыніць” і “нейтралізаваць” выявіліся марнымі.

СССР аганізаваў. Пасля жнівеньскага путча 1991 года, раптоўнага стварэння і такога ж раптоўнага скону “ГКЧП” савецкая імперыя ціха развалілася. Разам з ёй скончыла сваё існаванне і злачынная арганізацыя з павукападобнай абрэвіятурай – “КГБ СССР”.

* * *

Наступным разам я раскажу пра тое, як Саветы брахалі пра Чарнобыльскую катастрофу, як маніторылася аварыя на ЧАЭС з КГБ СССР і чым гэта ўсё скончылася.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 7, адзінка захавання 873, архіўную справу Фонд 8, вопіс 1, адзінка захавання 1392, , архіўную справу Фонд 8, вопіс 1, адзінка захавання 2000, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 12, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 9.